За выключэннем двух. У Ляхавіцкім раёне з 38 сацыяльных стандартаў выконваюцца 36

На мінулым тыдні пад старшынствам кіраўніка дэпутацкага корпуса раёна Леаніда Калбаса адбылася чарговая – дваццаць восьмая – сесія раённага Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання. Выкананне нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва – адно з пытанняў парадку дня.

Раёну даведзена 38 сацыяльных стандартаў, па стане на пачатак гэтага  года выканана 36. Як расказала галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Дзіяна Раманава, адзін  з нявыкананых – па ўдзельнай вазе вуліц з удасканаленым пакрыццём. Для падтрымання вулічна-дарожнай сеткі Ляхавіччыны ў належным стане камунгас і дарожная служба праводзілі работы па грэйдзіраванні, ямачным рамонце, падсыпцы, заліўцы трэшчын і г. д. Аднак прынятых мер аказалася недастаткова, каб сацыяльны стандарт быў выкананы. Што маем? У раёне ўказанае па нарматыве пакрыццё маюць 57,5 працэнта дарог, а неабходна не менш за 60 працэнтаў. Не выконваецца стандарт у Конькаўскім (факт – 34,6 працэнта) і Навасёлкаўскім (факт – 38,3 працэнта) сельсаветах. Для параўнання: у горадзе 83,5 працэнта дарог маюць удасканаленае пакрыццё.
Сваім рашэннем райсавет абавязаў сельвыканкамы, аддзел архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, камунгас, ДРБУ-200 забяспечыць завяршэнне інвентарызацыі вясковых вуліц для таго, каб вызначыць перспектывы дарожнага добраўпарадкавання.
Не выконваецца і нарматыў па забяспечанасці месцаў у агульнадаступнай сетцы грамадскага харчавання: замест 22 неабходных на адну тысячу жыхароў у наяўнасці 18,6 месца. Аналізуючы работу аб’ектаў грамадскага харчавання, Дзіяна Раманава адзначыла, што летась у Ляхавіцкім раёне па прычыне нерэнтабельнасці спынілі сваю дзейнасць буфет у будынку райвыканкама, кафэ «Смайлік», бар у Тухавічах, сёлета – кафэ «Алеся» і «Бульбашка» (у будынку аўтастанцыі) агульнай колькасцю 242 пасадачныя месцы. Адкрыліся кафейня ў гасцініцы, міні-кафэ «Кухня», сезоннае міні-кафэ, таксама ўключаны ў гандлёвы рэестр сталоўкі ў Канюхах і Галаўнінцах (агульная колькасць месцаў у іх – 100).
Сваю адмоўную ролю мае і эпідэмічная сітуацыя па каранавірусе.
У сувязі з пэўнымі абмежаваннямі для суб’ектаў грамадскага харчавання апошнім часам існуе тэндэнцыя адкрыцця такога кшталту кропак, арыентаваных на дастаўку прадукцыі, што не прадугледжвае наяўнасць пасадачных месцаў.
Што тычыцца жыллёва-камунальнай гаспадаркі, насельніцтва па нарматывах забяспечваецца электраэнергіяй, газам, вытрымліваецца тэмпературны рэжым ацяплення і гарачай вады ў памяшканнях, на належным узроўні – лазневае абслугоўванне і г. д.
Няма пытанняў па транспартным абслугоўванні – усе шэсць стандартаў выконваюцца.
Па словах Дзіяны Раманавай, стапрацэнтны вынік і па стандартах у адукацыі. Так, поўнасцю задаволены попыт на месцы ў дашкольных установах (пры нарматыве 85 працэнтаў 98 працэнтаў дашкольнікаў забяспечаны месцамі ў дзіцячых садках). Яшчэ адзін красамоўны факт: на выхаванне і навучанне аднаго дзіцяці ва ўстановах пазашкольнага выхавання па стандарце павінна прыходзіцца не менш за 60 рублёў. У нашым раёне на гэтыя мэты выдаткоўваецца 361 рубель.
Для выканання сацыяльных стандартаў у сферы бытавога абслугоўвання рашэннем райвыканкама зацверджаны адпаведныя нормы ў дачыненні да сельскай мясцовасці. Комплексна-прыём-
ныя пункты, якія знаходзяцца на балансе Ляхавіцкай ЖКГ, аказваюць паслугі па рамонце адзення, абутку, паслугі цырульніка, па пракаце, вырабе рытуальных рэчаў, а таксама вядуць прыём заказаў на хімчыстку, пральню. У тых населеных пунктах, дзе КПП адсутнічаюць, камунгас па графіку праводзіць выязное абслугоўванне не радзей за адзін раз у два тыдні. Акрамя таго, як падкрэсліла Дзіяна Раманава, працуюць і індывідуальныя прадпрымальнікі. Іх поле дзейнасці – фотапаслугі, рамонт бытавой тэхнікі і прыбораў, радыёэлектроннай апаратуры, мэблі, абутку. Усяго на Ляхавіччыне зарэгістраваны 54 суб’екты (19 юрыдычных асоб і  35 індывідуальных прадпрымальнікаў), што займаюцца аказаннем бытавых паслуг насельніцтву.
Няма пытанняў да выканання сацыяльных стандартаў у галіне культуры, сувязі, сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя, фізічнай культуры і спорту.
Райсавет дэпутатаў прызнаў работу раённага выканаўчага камітэта па выкананні нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў здавальняючай. Указана на неабходнасць актывізаваць развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый, якія спецыялізуюцца на аказанні паслуг насельніцтву Ляхавіцкаму райпо неабходна прыняць дзейсныя меры па выкананні дзяржстандартаў у гандлі і грамадскім харчаванні.

Галіна КАНЬКО.