Музычнае прывітанне. «Крыніца» з Ляхавіцкага ГДК заваявала дыпломам лаўрэата міжнароднага фестывалю

Тры дні – з 25 па 27 чэрвеня – XXVІІ Міжнародны фестываль песні і музыкі «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне» прымаў творчых гасцей. Сярод іх і нашы землякі – народны ансамбль народнай песні «Крыніца» Ляхавіцкага ГДК. Калектыў шмат выступае на пляцоўках рознага ўзроўню, а вось у Віцебскую вобласць на свята адправіўся ўпершыню. І не пашкадаваў – было што пабачыць, ды і сваё майстэрства паказаць.

На фестываль з’ехаліся калектывы з усіх абласцей краіны, а таксама нашчадкі беларусаў, якія жывуць ва Украіне. Свята горада, канцэрты, фотавыставу, тэатралізаваныя тэматычныя падворкі прысвяцілі Году народнага адзінства і вызваленню раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У першы дзень свята «Крыніца» ладзіла канцэрт «Песняй і музыкай вітаем мы сяброў», выконвала песні пад дружныя апладысменты гледачоў.
– Праўда, словы некаторых твораў трохі падкарэкціравалі –
падвялі менавіта пад дубровенцаў. Атрымалася сардэчна, адрасна, – адзначае мастацкі кіраўнік народнага ансамбля народнай песні «Крыніца» Людміла Ламака.
«Мы – адзінае цэлае» – так называўся канцэрт-прэзентацыя калектываў-удзельнікаў фестывалю. Нашы землякі прадставілі на суд журы і гледачоў два творчыя нумары. Дубровенцы прынялі іх цёпла і сардэчна. А журы ацаніла выступленне дыпломам лаўрэата за высокае выканальніцкае майстэрства. Падпісаў узнагароду міністр культуры Анатолій Маркевіч.
Сёння «Крыніца» – гэта 15 самадзейных артыстаў, у рэпертуары якіх народныя песні, прыпеўкі, лірычныя кампазіцыі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.