Ляхавіцкі раён: у Сакуноў новы арандатар

Доўгі час вадасховішча Сакуны, што на тэрыторыі Конькаўскага сельсавета, арандавала ААТ «Шлях новы». Гаспадарка клапацілася пра тутэйшыя водныя ўгоддзі, праводзіла за ўласныя сродкі зарыбленне, добраўпарадкавала тэрыторыю, забяспечвала квоту па продажы рыбы. Аднак апошнім часам справы ў сельгаспрадпрыемства ішлі далёка не лепшым чынам, тут ужо не да вадасховішча. І вось нядаўна ў Сакуноў з’явіўся новы гаспадар.

Прэтэндэнтаў на арэнду было двое: індывідуальны прадпрымальнік Віталій Цалей і кіраўнік ПУП «Мыслабаж» Наталля Бярнацкая. На конкурснай аснове большасцю галасоў членаў камісіі права арандаваць на пяць гадоў сажалку Сакуны плошчай 18 гектараў з мэтай развіцця рыбалоўнай гаспадаркі даверана Віталію Цалею.
Планаў у новага гаспадара вада-сховішча шмат. У першую чаргу, яны датычацца аховы воднага аб’екта, правядзення зарыблення, добраўпарадкавання тэрыторыі вакол вадасховішча, стварэння ўмоў для аматарскай рыбнай лоўлі.
– Для таго каб рыбакі прыязджалі на адпачынак, неабходна пастарацца і арганізаваць для гэтага выдатныя ўмовы. Будзе наведзены парадак на каляводнай тэрыторыі. Плануем устанавіць альтанкі, лаўкі, мосцікі ля вады. У планах – арганізаваць арэнду разнастайных рыбацкіх снасцяў, лодак і іншага неабходнага інвентару. Паспрабуем прыцягваць сюды людзей не толькі рыбнай лоўляй. Уладкуем валейбольную пляцоўку, запросім на спаборніцтвы па рыбнай лоўлі. Можна ўзаемадзейнічаць для рэалізацыі гэтых мэт з грамадскімі арганізацыямі –  прафсаюзамі і БРСМ, – адзначае Віталій Цалей.
Галіна КАНЬКО.