Збожжа даспявае. Машынны двор СВК «Ляхавіцкі» стаў трэцім прызёрам рэспубліканскага агляду-конкурсу

Зялёную глыбіню збожжавых палеткаў сёння ўжо і не сустрэнеш – уладараць адценні жоўтага. Рознай насычанасці яны з’яўляюцца першай прыкметай таго, што хутка ў поле – час жніва.

Галоўны інжынер СВК «Ляхавіцкі» Андрэй Новік (справа)
і механізатар Віктар Кардаш.

Колькі, чаго, чым. І кім
Апошняе – галоўнае: хто сядзе за штурвал збожжаўборачных камбайнаў і руль аўтама-біляў-адвозчыкаў, стане за пульт кіравання сушыльна-ачышчальных комплексаў? Галоўны спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргей Шушпаннікаў адзначыў:
– Па абсалютнай большасці пазіцый збожжаўборачны штат гаспадарак раёна ўкамплектаваны. Але і вакантныя месцы ёсць. Напрыклад, калі сітуацыя са старшымі камбайнерамі, як правіла, вырашаецца за кошт сваіх спецыялістаў, то на месца іх памочнікаў – камбайнераў – нярэдка прыходзяць людзі не «нашага поля». Гэта могуць быць работнікі прадпрыемстваў і арганізацый як з нашага, так і іншых раёнаў, у каго адпачынак на асноўным месцы працы ці службы супаў з перыядам уборкі. Нязменным застаецца правіла: прэтэндэнт на званне часовага хлебароба павінен мець належную падрыхтоўку, валодаць адпаведнай дакументальна пацверджанай кваліфікацыяй. Практычна ўсе сельгаспрадпрыемствы на перыяд жніва праводзяць перагрупоўку вытворчых сіл і сродкаў. Гэта азначае, што спецыялісты з іншых не пільна тэрміновых напрамкаў дзейнасці, відаў работ пераразмяркоўваюцца ў інтарэсах жніва. Ніхто не адмяняў і практыку дапамогі вяскоўцам у іх хлебнай справе работнікаў прамысловасці, гараджан. Усё пералічанае і многае іншае будуць выкарыстаны
на жніве-2021. Па меры неабходнасці і зыходзячы з сітуацыі ў кожнай канкрэтнай гаспадарцы.
Без уліку фермерскіх гаспадарак у гэтым годзе ў нашым раёне пад жніво выходзіць амаль 16 з паловай тысяч гектараў палёў. З іх 13,3 тысячы збожжавых і зернебабовых, а таксама больш за  тры тысячы азімага рапсу. І калі пакінуць па-за ўвагай азімы ячмень, якога ў нас пасеяна зусім нямнога, іменна з рапсу ўсё і будзе пачынацца. Для работы на гэтай ніве сельгасарганізацыі раёна могуць накіраваць
32 уборачныя комплексы – іменна столькі машын можа
быць укамплектавана адмысловымі, пад культуру, прыстасаваннямі. Па інфармацыі райсельгасхарчу, на пачатак ліпеня 30 з іх былі падрыхтаваны для вядзення работы ў полі. Грубы падлік дае зразумець, што для таго, каб справіцца з алейнай культурай за дзесяць дзён, машынам неабходна будзе працаваць са штодзённай уборачнай інтэнсіўнасцю ў дзесяць гектараў – ва ўмовах адсутнасці дажджоў і ўзнікнення рамонтных выпадкаў.
Апошняга – выхад тэхнікі са строю – пазбегнуць складана, аднак разумна мінімізаваць сітуацыю дазваляе ў тым ліку і якасць правядзення перадсезонных тэхнічных рэгламентаў і рамонтаў, якія гэтым часам выйшлі, як правіла, на фінішны адрэзак. Ёсць у раёне і свае выдатнікі тэхнічнай падрыхтоўкі, чый паказчык гатоўнасці збожжаўборачнай тэхнікі складае ўсе сто працэнтаў. Пра гэта пазней, а пакуль нагадаем, што на ўзбраенні АПК раёна на даны момант знаходзяцца шэсць дзясяткаў збожжаўборачных камбайнаў. Найбольшая іх колькасць у «Жарабковічах» – 18 штук.
У парках некалькіх сельгаспрадпрыемстваў знаходзяцца па восем машын, а ЗАТ «Белпрампрыбор» разлічвае справіцца са  збожжаўборкай пры пасрэдніцтве двух КЗС-1218.
ААТ «Нача» заслугоўвае ўзгадвання асобным радком. Прадпрыемства мае намер абнавіцца: да чатырох сваіх наяўных КЗСаў да пачатку другой паловы месяца набыць яшчэ адзін камбайн. Па словах Сяргея Шушпаннікава, гэта будзе КЗС-1218 з поўнай лінейкай неабходнага зменнага абсталявання – зерневай і кукурузнай жняяркамі, прыстаўкай для ўборкі рапсу. І гэта адзінае ў сезоне раённае абнаўленне парка збожжаўборачных машын. Такім чынам, да пачатку жніва іх у сельгасарганізацыях Ляхавіччыны стане 61 адзінка. Зыходзячы з чаго, па разліках спецыяліста, справіцца з уборкай збожжавых за прыкладна 20 дзён раёну магчыма пры ўмове, калі кожны сярэдні камбайн штодзённа будзе спраўляцца з дзясяткам гектараў жніўных плошчаў.
Як ужо ўзгадвалася, сельскагаспадарчыя арганізацыі знаходзяцца на заключным этапе падрыхтоўкі да ўборкі ўраджаю. Да работы ва ўмовах «ад расы да кропкі расы» рыхтуюцца камбайнеры і вадзіцелі аўтамабіляў. Яны ж працягваюць наводзіць «функцыянальны бляск» – дакручваюць-дазмазваюць-рэгулююць свае машыны. Тое ж можна сказаць пра патэнцыяльных работнікаў зернеачышчальна-сушыльных комплексаў, для якіх рэжым жніва можа прымаць рамкі кругласутачнага.
Ёсць у раёне выдатнікі – сельгасарганізацыі, дзе ўся збожжаўборачная і сушыльна-ачышчальная тэхніка поўнасцю падрыхтавана: ЗАТ «Белпрампрыбор», ЗТАА «БелДан» і СВК «Ляхавіцкі».

Поле пачынаецца з двара. Машыннага
У «Ляхавіцкім», дзе незадоўга да пачатку асабліва гарачага сезона па-
бываў карэспандэнт «ЛВ», – ніякай гарачыні на машынным двары гаспадаркі. Усё спакойна, без мітусні-беганіны. Тэхніка, для якой пік работ скончыўся, узяў паўзу, яшчэ не наступіў, стаяла сваёй шарэнгай, у камбайнаў – свая лінейка гатоўнасці. Усе восем камбайнаў СВК «Ляхавіцкі» поўнасцю падрыхтаваны да выхаду на ўборачную ніву – чакаюць стартавую адмашку.
Як паведаміў галоўны інжынер сельгаскааператыва Андрэй Новік, падрыхтоўка і камбайнаў, і любой іншай сельгастэхнікі да работы ў наступным сезоне пачынаецца па завяршэнні сезона папярэдняга.
– Большасць няспраўнасцяў атрымліваецца ўхіліць адразу – перад пастаноўкай машын на захоўванне. Калі ж не – дэфектоўка і рамонт ажыццяўляюцца на працягу зімовага сезона. Такім чынам была падрыхтавана абсалютная большасць камбайнаў. Вясной заставалася «давесці» толькі два, якія працавалі на кукурузе і завяршылі сезон дастаткова позна. Экіпажы ўкамплектаваны, старшыя камбайнеры – Сяргей Алейнікаў, Сяргей Асланян, Віктар Брэчка, Генадзій Граблюк, Мікалай Кавалёў, Віктар Кардаш, Віктар Ракашэвіч – вопытныя хлебаробы, умелыя і граматныя спецыялісты. Такія не падвядуць. І нават тыя, хто прыходзіць у экіпажы ў якасці камбайнераў, як правіла, працуюць у нас не першы сезон, гарантуюць якасць, – гаворыць галоўны інжынер і па сутнасці, і ў шырокім сэнсе галоўны па машынным двары сельгаскаапера-тыва Андрэй Новік.

Трэція ў рэспубліцы
Узгадванне пра машдвор гаспадаркі не выпадковае, з’яўляецца нагодай для віншаванняў. Нядаўна Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь падсумавала вынікі рэспубліканскага –
2020–2021 гадоў – агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні машынных двароў, гатоўнасці рамонтных баз да работы ў зімовых умовах і машынна-трактарных паркаў да палявых работ. «Ляхавіцкі» гучыць і там – як сельгасарганізацыя, якая ў згаданым рэспубліканскім конкурсе заняла трэцяе месца.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.