Правілы зямлі. У Ляхавіцкім раёне плошчы сельгасугоддзяў, аддадзеныя ў карыстанне фермерам, істотна павялічыліся

Выкарыстана ілюстрацыя

Каб любая справа стала паспяховай і прыносіла прыбытак, трэба не проста мець жаданне, а і прыкласці сілы і намаганні. Як паказвае статыстыка, за апошнія дзесяць гадоў плошчы сельгасугоддзяў, аддадзеныя ў карыстанне фермерам, істотна павялічыліся, з’явіліся дастаткова буйныя гаспадаркі.

Быць гаспадаром
– Ініцыятыўным, мэтанакіраваным і настойлівым, тым, хто не баіцца працы, дзяржава прапануе: бяры ў арэнду зямлю і будзь на ёй гаспадаром. Менавіта гаспадаром, а не проста часовым карыстальнікам. Фермер у адказе за кожны выдзелены і давераны яму метр зямлі. Фермерства – гэта не толькі вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі, але і стварэнне новых працоўных месцаў, дастойная заработная плата для работнікаў, – адзначыў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз падчас работы нядаўняй сесіі райсавета. Дэпутаты разглядалі пытанне «Аб эфектыўным выкарыстанні зямельных участкаў сялянскімі (фермерскімі) гаспадаркамі». На сесію былі запрошаны і кіраўнікі гэтых гаспадарак.
Усяго на тэрыторыі Ляхавіччыны па стане на пачатак бягучага года землекарыстальнікамі з’яўляліся 25 фермерскіх гаспадарак на агульнай плошчы 7956 гектараў. Большасць з іх мае раслінаводчы напрамак, ёсць і жывёлагадоўчыя міні-фермы (напрыклад, СФГ «ЛагуЦін», «У Мікалая», «МітДАСон»), і іншыя. Найбольшыя пасяўныя фермерскія плошчы адведзены пад цукровыя буракі, бульбу, рапс. Летась павялічыліся плошчы пад збожжавыя культуры на 800 гектараў за кошт ФГ «Фораланд», таксама дзякуючы ёй у раёне стала на 150 гектараў больш бульбяных палеткаў. На 540 гектарах пачалі вырошчваць рапс «Фартуна», «Фораланд», «ЛагуЦін», «АграМітКрышталь».
Дарэчы, сёлета ў нашым раёне створаны новыя гаспадаркі: СФГ «Туха-
вічыАгра» і «ЧАСАгра», якім прадастаўлена ў карыстанне 55 гектараў з фонду земляў КСУП «Ліпнянка» і фонду пераразмеркавання ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс».
Як паведамілі ў землеўпарадкавальнай службе райвыканкама, па стане на 1 студзеня 2021 года фермерскія гаспадаркі займалі 12 працэнтаў ад агульнай плошчы сельгасугоддзяў. А вось удзельная вага валавой прадукцыі, згодна з інфармацыяй упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні, склала толькі тры працэнты да агульнага аб’ёму ў цэлым па раёне, выручка ад рэалізацыі прадукцыі – 3,9 працэнта – у пяць разоў ніжэй, чым па сельгасарганізацыях. Галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Ігар Яварчук агучыў наступныя лічбы. Най-
большы паказчык па выручцы з аднаго гектара ў ФГ «Уладзімір плюс» (кіраўнік Валерый Радзюк) – 27401 рубель. Для параўнання: СФГ «Свяціца ЭКА» – 64 рублі, ФГ «МітДАСон» – 26 рублёў…

Праверкі выявілі, час паказаў
Спецыялісты землеўпарадкавальнай службы і райсельгасхарчу ў прысутнасці кіраўнікоў ФГ правялі палявое абследаванне ўсіх участкаў, перададзеных у часовае карыстанне фермерам. Самавольна занятых участкаў не выяўлена. Дарэчы, самымі вялікімі плошчамі распараджаюцца ФГ «Фораланд» (1875 гектараў), «Фартуна» (1110 гек-
тараў), «Вялікае Падлессе-агра» (562 гектары), СФГ «АграМітКрышталь» (492 гектары). А самыя малыя плош-
чы ў СФГ «Пліпава» – адзін гектар, «Панфіла А. П.» – 9,65 гектара, СФГ «Крывошынскае» – 11 гектараў.
Па выніках праверак адзначана эфектыўная работа па выкарыстанні зямлі ФГ «Фартуна», «Фораланд», «Панфіла А. П.», «Улазавічы», «Уладзімір плюс».
– З найбольш буйных фермерскіх гаспадарак, дзе плошча ўгоддзяў перавышае 500 гектараў, найбольш неэфектыўна выкарыстоўвае землі «Свяціца ЭКА», якая мае 2034 гектары, прычым 80 працэнтаў з іх ніякімі карыснымі культурамі не занятыя. З астатніх атрымана летась нізкая ўраджай-насць сельгаскультур, адпаведна і малая сума выручкі – у 7,5 раза менш, чым, напрыклад, па КСУП «Ліпнянка», –расказаў Ігар Яварчук.
Дарэчы, рашэннем райвыканкама ад 17 мая 2021 года № 531 зямельны ўчастак быў адабраны ў СФГ «Свяціца ЭКА» па прычыне неэфектыўнага выкарыстання і вернуты былому землекарыстальніку.
Ёсць пытанні ў раённай улады да дзейнасці ФГ «МітДАСон», «У Мікалая», СФГ «Пліпава», «ЛагуЦін»: землі выкарыстоўваюцца недастаткова эфектыўна, узровень культуры земляробства жадае лепшага, не заўсёды своечасова праводзяцца мерапрыемствы па доглядзе за культурамі і прымаюцца меры па папярэджанні зарастання пустазеллем. Таму вышэйпералічаныя гаспадаркі знаходзяцца пад пастаянным кантролем землеўпарадкавальнай службы і спецыялістаў райсельгасхарчу.
Пры аналізе работы фермерскіх гаспадарак да ўвагі бярэцца і стварэнне імі новых працоўных месцаў. Па інфармацыі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, на 1 чэрвеня 2021 года
ніводнага работніка не паказалі СФГ «СІБЕЛ-АГРАР», «ГАШЧЫН», Мазуркі», «Малагарадзішчанскае», «ТухавічыАгра».
Няма асаблівых праблем, працуюць у зладжаным рэжыме, добрая культура земляробства – так старшыня райвыканкама ахарактарызаваў дзейнасць ФГ «Фартуна». Яе кіраўнік Галіна Матус расказала, што ў мінулым годзе на сельгасугоддзях, размешчаных каля вёскі Гукова, атрыманы 2800 тон збожжавых і 15000 тон цукровых буракоў. Уведзена ў севазварот 200 гектараў земляў, ачышчаных ад кустоўя. Замест запланаваных 14 новых працоўных месцаў створана 17.
У землеўпарадкавальнай службе расказалі, што ў поўным аб’ёме выкарыстоўваюць выдзеленыя ім землі і ўводзяць у сельгасзварот новыя ўгоддзі СФГ «ЖарСк», «Фораланд». Таксама ў гэтым напрамку шмат зроблена  СФГ «Мядзведзічы». «Галаўнінскае-Агра» таксама асвоіла практычна ўвесь выдзелены ўчастак.

Памылкі трэба  выпраўляць
– Бачыце, што нешта не атрымліваецца, не расце пэўная сельгаскультура, ёсць цяжкасці з яе рэалізацыяй, падумайце над варыянтам заняцца вытворчасцю іншага віду. Напрыклад, нашы фермеры чамусьці не праяўляюць інтарэс да вырошчвання такой запатрабаванай культуры, як лён. Думаю, Ляхавіцкі льнозавод з задавальненнем згадзіўся б на такое ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, – падкрэсліў Мікалай Мароз.
На сесіі было адзначана, што рацыянальнае і эфектыўнае выкарыстанне зямель фермерскімі гаспадаркамі патрабуе далейшага ўдасканалення. Па выніках 2020 года прызнана недастатковай работа ў плане эканамічнай эфектыўнасці ў  ФГ «МітДАСон», «У Мікалая», «Крывошынскае», СФГ «Гашчын», «СІБЕЛ-АГРАР», «АграМітКрышталь», «Машэй Т. А.». Неналежным чынам выкарыстоўваюцца землі адпаведна заяўленых напрамкаў ФГ «МітДАСон», «У Мікалая», СФГ «Пліпава». Рашэннем райсавета дэпутатаў кіраўнікам гаспадарак указана на неабходнасць забяспечыць выкарыстанне прадастаў-
леных зямель па мэтавым прызначэнні і ў адпаведнасці з відамі дзейнасці, заяўленымі ў бізнес-планах, а таксама безумоўнае выкананне іншых паказчыкаў, у тым ліку стварэнне працоўных месцаў. Таксама кіраўнікам неабходна своечасова праводзіць комплекс агратэхнічных, меліярацыйных і эканамічных мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне культуры земляробства, рацыяналь-
нае выкарыстанне земляў, захаванне і павышэнне іх урадлівасці, захаванне тэхналагічных рэгламентаў вырошчвання сельгаскультур. Аддзелу землеўпарадкавання райвыканкама неабходна штогадова праводзіць маніторынг выкарыстання земляў, перададзеных ФГ.

Галіна КАНЬКО.