Песні са смакам клубніц. Самадзейныя артысты Ляхавіччыны працягваюць летні праменад па канцэртных пляцоўках

Самадзейныя артысты Ляхавіччыны працягваюць летні праменад па канцэртных пляцоўках. Напрыканцы чэрвеня народная эксперыментальная вакальная група «Берагіня» Дараўскага СДК вярнулася з аграгарадка Дварэц, дзе праходзіла рэгіянальнае свята «Лунінецкія клубніцы». На запрашэнне арганізатараў адгукнуліся фальклорныя калектывы і з Пінскага, Іванаўскага, Столінскага раёнаў, а таксама з Ганцавічаў.

– Заўсёды прыемна ўдзельнічаць у такіх тэматычных святах. Праходзяць яны гасцінна, весела і цікава. Быццам завітаў у госці да родных людзей, – дзеліцца кіраўнік «Берагіні» Людміла Іваноўская.
Фальклорны калектыў выканаў як беларускія, так і рускія песні – «Беларусачку», «Крынічаньку», «Ах, ноч»– і гледачы прынялі іх на ўра. Падтанцоўвалі, падпавялі, выклікалі на біс. За актыўны ўдзел ў рэгіянальным свяце «Берагіня» атрымала дыплом. Дарэчы, дзе ні з’яўляецца палатка з сувенірнай прадукцыяй «Майстэрні крэатыўнага рукадзелля» Дараўскага СДК, традыцыйна стаіць чарга за іх абярэжкамі, кветкамі, заколкамі і іншымі цудоўнымі вырабамі. Так было і на «Лунінецкіх клубніцах». За папулярызацыю народнай творчасці і актыўны ўдзел у свяце майстар народных промыслаў Вольга Цімашок узнагароджана дыпломам.
Дастойная змена падрастае ў «Берагіні». На Міжнародным фестывалі-конкурсе «Дзіцячыя забавы» дзіцячая вакальная студыя «Фа-Солька» ўдастоена дыплома лаўрэата I ступені. Педагог Людміла Іваноўская атрымала падзяку арганізатараў конкурсу. Дыпломамі лаўрэатаў I ступені ў намінацыі «эстрадны вакал» у сваіх узроставых катэгорыях узнагароджаны Данута Злакаманава, Арына Брэчка і Ягор Казлоў. У Дар’і Федарчук – дыплом лаўрэата II ступені.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва «Берагіні».