Прышчэпка ў трэндзе. Наколькі актыўна далучыліся да вакцынацыі жыхары Ляхавіччыны?

Каранавірус пастаянна мяняецца: спачатку кітайскі штам, потым бразільскі, цяпер індыйскі. Да сімптомаў далучаюцца новыя. Але застаецца нязменная канстанта: лячэння супраць COVID-19 пакуль, на жаль, не існуе. Актуальныя меры прафілактыкі, сярод якіх захаванне масачнага рэжыму, сацыяльнае дыстанцыраванне, дэзынфекцыя рук і памяшканняў. Пакуль адзіны рэальны і эфектыўны спосаб засцерагчы сябе ад каварнай інфекцыі – вакцынацыя.
Паўгода, як прышчэпачная кампанія прадаўжаецца ў Беларусі. Ляхавіччына не выключэнне. Пра асноўныя пытанні, што тычацца вакцынацыі і непасрэдна сітуацыі з каранавірусам, разважаюць галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Георгій ХЛЯБОВІЧ і загадчык паліклінікі Анатолій ПАНЬКО.

Наколькі актыўна далучыліся да вакцынацыі жыхары Ляхавіччыны?

Георгій ХЛЯБОВІЧ:
– Зразумела, медыкі былі і застаюцца на пярэднім краі барацьбы з каранавірусам. Як ніхто іншы, мы бачым, наколькі вірус непрадказальны: здараецца, чалавек ідзе на выздараўленне, і раптам рэзкае пагаршэнне стану.
Агульнавядома, што няма больш выніковага спосабу супрацьстаяць інфекцыі, чым зрабіць прышчэпку. Для таго каб выпрацаваўся калектыўны імунітэт і спынілася інтэнсіўнае распаўсюджванне карана-
віруса, неабходна, каб вакцыну атрымалі не менш як 60 працэнтаў насельніцтва. Лагічна, што менавіта работнікі ўстаноў аховы здароўя не толькі першымі пачалі прышчапляцца, але і зрабілі гэта найбольш актыўна. Напрыклад, ужо вакцыніраваліся 78,5 працэнта работнікаў медыцынскіх устаноў раёна. Высокую грамадзянскую свядомасць праявілі супрацоўнікі райвыканкама, «Трансэлектракамплекта», ААТ «Жарабковічы» і некаторых іншых арганізацый.
– Незразумела пазіцыя некаторых грамадзян, якія перасталі насіць маскі, захоўваць сацыяльную дыстанцыю і выконваць іншыя супрацьэпідэмічныя меры. Маўляў, я перахварэў, мне ніякая інфекцыя не страшная. Такія паводзіны не проста недапушчальныя, яны наносяць шкоду іншым. Нават калі вы будзеце хварэць бессімптомна ці ў лёгкай форме, ад вас могуць заразіцца вашы пажылыя бацькі…

Анатолій ПАНЬКО:
– Калі прадоўжыць тэму інтэнсіўнасці прышчэпачнай кампаніі, са знакам плюс варта адзначыць установы сацыяльнага абслугоўвання. А вось работнікі ўстаноў адукацыі не надта спяшаюцца паклапаціцца не толькі пра ўласнае здароўе, але і пра здароўе падрастаючага пакалення і сваіх калег.
Адзначу, неабходна прайсці два этапы вакцынацыі. Многія скарысталіся магчымасцю атрымаць і першую, і другую дозу вакцыны на рабочым месцы – выязныя брыгады медыкаў з усім неабходным адпраўляліся на прадпрыемствы і ў арганізацыі. Прычым там жа кожны прайшоў папярэдні медыцынскі агляд, быў праінструктаваны пра правілы далейшых паводзін, а таксама атрымаў адказы
на хвалюючае пытанне.
У нашай краіне выкарыстоўваюцца кітайская і расійская вакцыны. У іх агульная мэта – паставіць заслон вірусу. Але, напэўна, ёсць і адрозненні.

Георгій ХЛЯБОВІЧ:
– Незалежна ад таго, кітайская гэта вакцына ці расійскі «Спутнік», яна фарміруе індывідуальную абарону чалавека, папярэджвае ўзнікненне захвор-
вання, яго цяжкае цячэнне і неспрыяльны зыход.
Некаторыя грамадзяне беспадстаўна адзначаюць, што прышчэпка – гэта ўвядзенне віруса ў арганізм, пасля чаго хвароба абавязкова атакуе, узнікаюць розныя пабочныя эфекты. Як урач адназначны ў сваім меркаванні: вакцына дае не толькі антыцелы, але і дапамагае сфарміраваць моцны доўгатэрміновы імунітэт. І зусім не трэба баяцца розных пабочак накшталт павышэння тэмпературы цела, галаўнога і мышачнага болю. Калі яны і ўзнікаюць, то дастаткова выпіць што-небудзь з гарачкапаніжальных лякарстваў, пры болях – нестэроідныя супрацьзапаленчыя сродкі.

Анатолій ПАНЬКО:
– Як любы прэпарат розных вытворцаў, вакцына мае свае пэўныя адрозненні. Амаль ніхто не скардзіўся на пабочныя эфекты ад увядзення кітайскай вакцыны. Яна зроблена па так званай «старой» тэхналогіі, і яе аснова – загінулы вірус, што не адносіцца да каранаві-
руса. Расійскі «Спутнік» – генна-інжынерны прэпарат, заснаваны на жывым вірусе (што не адносіцца да каранавіруса), які пры траплянні ў арганізм гіне, але пры гэтым выпрацоўваецца двайны імунітэт, здольны супрацьстаяць каранавірусу. Таксама ён дзейсны да розных штамаў.
Абодва прэпараты неабходна ўводзіць двойчы з інтэрвалам у 21 дзень. Аднолькавыя і рэкамендацыі ў пасляпрышчэпачны перыяд: нельга мачыць месца ўколу пяць дзён, тыдзень не ўжываць алкаголь, два тыдні не хадзіць у лазню.

Людзі падзяліліся на дзве групы. Адны самі вакцыніраваліся і заклікаюць да гэтага іншых. Другія супраць прышчэпак. На даны момант вакцынацыя – справа добраахвотная. І ўсё ж каму абавязкова вакцыніравацца, а каму трэба пачакаць?

Георгій Хлябовіч:
– Калі падчас другой хвалі COVID-19 амаль не рэгістраваліся выпадкі паўторнага заражэння, цяпер яны маюць месца. Таму прышчапляцца трэба не толькі тым, хто не перахварэў каранавірусам, але і тым, хто ўжо сустракаўся з хваробай. Вакцыніравацца можна і пажадана праз чатыры тыдні пасля выздараўлення.
Акцэнтую ўвагу вось на якім моманце. Пасля таго, як чалавек перахварэў каранавірусам, выпрацоўваецца пэўны імунітэт, які трымаецца ад 2,5 да 5 месяцаў. А вось пасля поўнага прышчэпачнага «камплекта» выпрацоўваецца куды больш моцны імунітэт, які трымаецца да 9 месяцаў. Інтэрвал паміж прышчэпкай ад іншых інфек-
цыйных хвароб і прышчэпкай супраць каранавіруса павінен быць не менш за месяц.

Анатолій ПАНЬКО:
– Вакцыніравацца нельга таму, у каго алергія на бялок курынага яйка, а таксама ў анамнэзе цяжкія алергічныя рэакцыі. Пры лёгкіх формах алергіі на пэўныя прадукты вакцыніравацца можна. Пачакаць з вакцынацыяй да поўнага знікнення асноўных клінічных сімптомаў трэба і пры вострых захворваннях (рэспіраторных, энтэравірусных інфекцыях і г. д.), а таксама пры абвастрэнні хранічных хвароб.
Дарэчы, сярод прышчэпленых жыхароў Ляхавіцкага раёна не адзначалася алергічных рэакцый на вакцыну.

Давайце яшчэ раз нагадаем алгарытм дзеянняў для тых, хто жадае атрымаць прышчэпку.

Анатолій ПАНЬКО:
– Запісацца можна ў паліклініцы ў свайго ўчастковага ўрача або памочніка ўрача, а таксама па тэлефоне 6-39-03, ва ўрачэбнай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, або пакінуць свой запыт на электроннай пошце vakcinalyahovichi@tut.by.
Дарэчы, вакцынацыя праходзіць штодзённа, акрамя нядзелі. У будні з 9 да 19 гадзін, у суботу з 9 да 14 гадзін. Нагадаю, прышчэпка для грамадзян Беларусі робіцца бясплатна.

Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.