Папка камбайнера. Аграрыі Ляхавіччыны сабраліся ў Начы яшчэ раз павучыцца бяспецы на збожжавай ніве

Напярэдадні жніва аграрыі сабраліся ў Начы, каб на «палях» аграгарадка і аднайменнага сельскагаспадарчага ААТ яшчэ і яшчэ раз павучыцца бяспецы на збожжавай ніве – працаваць якасна і ў абсалютнай адпаведнасці з патрабаваннямі аховы працы. І гэта галоўнае: ураджай можа быць высокім ці нават вельмі высокім. Аднак добрым можа лічыцца толькі ў выпадку, калі ў працэсе яго вырошчвання і збору не было дапушчана фактаў траўмавання ці страты здароўя работнікамі.

Семінар-вучоба па пытаннях аховы працы і тэхнікі бяспекі ў перыяд збожжаўборачнай кампаніі 2021 года прайшоў з удзелам спецыялістаў райсельгасхарчу, райкама галіновага прафсаюза, РАНС, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. «З месцаў» на ўрок бяспечнай працы былі запрошаны інжынеры па АП, грамадскія інспектары працы і старшыні прафсаюзных пярвічак сельгасарганізацый Ляхавіччыны.
У ходзе вучобы разгледжаны пытанні аховы працы і тэхнікі бяспекі падчас падрыхтоўкі механізмаў, агрэгатаў, машын да ўборачных работ, іх асаблівасці, адрозненне ад іншых профільных. Гаварылі пра патрабаванні АП падчас жніўных работ, абмяркоўвалі дзеянні ў выпадку ўзнікнення няштатных сітуацый і г. д.
Адной з «топавых» адметнасцяў збожжаўборачнай кампаніі з’яўляецца тое, што да работ прыцягваюцца новыя людзі. Часта з невялікім, а то і ўвогуле без вопыту работы ў хлебаробскай справе. Семінар яшчэ раз акцэнтаваў увагу прысутных на і без таго добра вядомым: людзі, прынятыя на работу на час уборкі, павінны атрымаць медыцынскі дазвол на выкананне данага віду работ. З імі неабходна правесці інструктаж з наступнай праверкай ведаў па правілах аховы працы і тэхнікі бяспекі. Некаторы час таксама адводзіцца на стажыроўку непасрэдна на працоўным месцы. А калі размова заходзіць пра камбайнераў збожжаўборачных машын, то гэтыя спецыялісты павінны валодаць прафесійнай падрыхтоўкай і пасведчаннем трактарыста-машыніста адпаведнай катэгорыі.
Для камбайна шлях у поле закрываецца ў выпадку яго неналежнай аснасткі з пункту гледжання пытанняў аховы працы, тэхнікі бяспекі і супрацьпажарнай бяспекі. Абавязковыя і ўменне, маральная гатоўнасць экіпажа дзейнічаць у абставінах надзвычайнай сітуацыі. Прадстаўнік РАНС у сваім выступленні расказаў пра тое, як дзейнічаць нельга.
Яшчэ адзін важны момант – маршруты перамяшчэння тэхнікі з месцаў стаянкі да месца вядзення работ. Яны павінны быць распрацаваны ў кожнай гаспадарцы для кожнага з уборачных палёў. Лепш, калі графічныя схемы маршрутаў знойдуць сваё законнае месца сярод рабочых дакументаў – у «папцы камбайнера».
Асобая пільнасць, ўвага, падпарадкаванасць інструкцыям і ступень адказнасці для ўдзельнікаў жніва наступае ў выпадку вядзення работ у ахоўных зонах ліній электраперадачы. Першае, што неабходна, – яны павінны быць узгоднены з арганізацыяй, што эксплуатуе ЛЭП. Па-другое, рух машын павінен ажыццяўляцца не ўздоўж,  а выключна ў папярочным  адносна ліній электраперадачы напрамку. І яшчэ:
у работах неабходна задзейнічаць двух чалавек, адзін з якіх выступае ў ролі назіральніка.
Але ж ахова працы – гэта далёка не толькі ТБ і ПТД. Пасля напружанай маральна, стамляючай фізічна, нярэдка нелімітаванай па часе працы хлебаробам патрэбны ўмовы для паслязменнага санітарна-гігіенічнага рытуалу, належным чынам арганізаванае «палявое» харчаванне, матэрыяльнае ўзнагароджанне… Гэтыя і іншыя жніўныя пытанні таксама з «папкі камбайнера»  і гэтак жа аказваюць уздзеянне на якасць правядзення гэтай сельскагаспадарчай кампаніі.

Іван КАВАЛЕНКА.