Дастойная змена. Лагер «Чайка» застаецца любімым месцам адпачынку для мясцовых школьнікаў

У маю школьную бытнасць у маі на парадку дня, акрамя гадавых адзнак, былі размовы аднакласнікаў пра лагер: «Хутчэй бы ў «Чайку»!», «А ты паедзеш? Займі ложак каля мяне!», «Цікава, што ў гэтым годзе выхавальнікі прыдумаюць?». Адкрыццё лагернай змены чакалі з нецярпеннем. З задавальненнем адзначу, што «Чайка» і сёння карыстаецца павышанай увагай.

27 чэрвеня лагер расчыніў дзверы для другой змены. 80 хлопчыкаў і дзяўчынак прыехалі сюды за яркімі эмоцыямі і выдатным адпачынкам.

Адзін з яго складнікаў – смачнае, правільнае і збалансаванае харчаванне. У сталовай лагера – парадак і чысціня. За харчаванне адпачывальнікаў у дзень візіту карэспандэнтаў «ЛВ» адказвала повар Іна Круглік Карміць рабят яна прыязджае ў лагер пяты год запар.

– У нас арганізавана пяціразовае харчаванне. Меню складзена так, што нават пераборлівае дзіця абавязкова знойдзе для сябе што-небудзь па гусце. Абсталяванне сталовай радуе – гатаваць адно задавальненне, – адзначае Іна Круглік. –Да таго ж у кожную страву трэба ўкладваць любоў і душу. І гэта не проста прыгожыя словы. Мы заўсёды імкнёмся прыгатаваць смачна.


Повар Іна Круглік. 

Яшчэ адзін гонар лагера,несумненна, яго тэрыторыя. Акуратныя клумбы патанаюць у кветках, усё ўпрыгожана драўлянымі скульптурамі, расстаўлены і развешаны крэатыўныя шпакоўні, пляж расчышчаны. Адна з лавачак, якая з’явілася сёлета, – справа рук дырэктара лагера Юрыя Сельмановіча, які сам займаецца добраўпарадкаваннем і ўпрыгожваннем тэрыторыі. Кожны год да прыезду хлопчыкаў і дзяўчынак лагер наводзіць марафет.

– Сёлета тэрыторыя была пачышчана ад аварыйных дрэў, зрэзаны галіны. Забетанавана тэрыторыя каля сцэны, заменены лавачкі. Закуплены спартыўны інвентар: мячы, ракеткі, сеткі. Для большага камфорту рабят закуплены і ўстаноўлены тры воданагравальнікі. Хочам сказаць вялікі дзякуй за падтрымку аддзелу па адукацыі райвыканкама і цэнтру забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый Ляхавіцкага раёна, – гаворыць Юрый Сельмановіч.

Іларыён і Ілья прыехалі адпачываць у «Чайку» са сталіцы.

– Мы з братам тут упершыню, нам усё падабаецца. Тут вельмі весела, мы ўдзельнічаем у розных конкурсах. Паказвалі дзецям казку, дзе выконвалі ролі камарыка і жабкі. Пазнаёміліся з рабятамі, пасябравалі. А яшчэ тут вельмі смачна гатуюць, асабліва падабаюцца пюрэ, катлеты, рыба і салаты, – гаворыць Іларыён.

Дванаццацігадовая ляхавічанка Дыяна адпачывае ў «Чайцы» пяты год запар.

– Маме прапанавалі пуцёўку на працы. Так мы з братам прыехалі ў «Чайку» на адпачынак упершыню. Вельмі хваляваліся: думалі, ці атрымаецца пасябраваць з рабятамі, ці спадабаецца такі адпачынак. Вядома, спачатку сумавалі па бацьках, але потым абжыліся і цяпер кожны год з задавальненнем прыязджаем сюды. Са многімі рабятамі пасябравалі і падтрымліваем сувязь і за межамі лагера – перапісваемся ў сацсетках, – гаворыць дзяўчынка.

Выхавальнікі лагера сочаць за бяспекай рабят падчас адпачынку, кантралююць іх рэжым дня, парадак у карпусах. А яшчэ займаюць вольны час тутэйшай дзятвы чымсьці цікавым. З гэтай місіяй яны спраўляюцца надзвычай паспяхова.

Назва другой змены – «Гісторыя аднаго лета, або Чайкаўскае сяброўства – наша адзінства».

– Планаваць час – гэта навука. Прымаць рашэнне – гэта мастацтва. Большасць дзяцей XXI стагоддзя не ведае, як правільна размеркаваць свой час, каб ён працаваў не толькі на іх карысць, але і на карысць грамадства. Лідарства, самаарганізацыя – якасці, неабходныя чалавеку будучыні. Менавіта ў гэтым напрамку пабудавана выхаваўчая работа другой лагернай змены. А напрыканцы змены нашы рабяты прадставяць прэзентацыю арт-аб’екта для малой радзімы, –гаворыць старшы выхавальнік Яна Сокал.

Работа вядзецца па многіх напрамках, адзін з якіх – выхаванне сапраўдных патрыётаў краіны. Да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, напрыклад, у лагеры прымеркавалі тэматычны дзень «Беларусь – гэта імя перамог». Рабяты прымалі актыўны ўдзел у конкурсе малюнкаў «Мая Беларусь», у акцыі «Мой любімы горад». На працягу дня працаваў свабодны мікрафон «Караоке для краіны».

Ёсць месца і для народных святаў. У самую загадкавую ноч ліпеня – Купалле – у «Чайцы» выбіралі «Міс Купалінку», праводзілі конкурс вянкоў.

– Кожны дзень у лагеры стараемся зрабіць для дзяцей цікавым і незабыўным, напоўніць непадробнымі эмоцыямі і яркімі фарбамі, – гаворыць Яна Сокал.

Яшчэ адзін аспект выдатнага адпачынку – здароўе кожнага юнага адпачывальніка. За гэтым на другой змене сочыць урач-педыятр Надзея Кірыковіч.

– У нас ёсць усё неабходнае для аказання экстраннай медыцынскай дапамогі пры любых выпадках, – адзначае ўрач.


Урач-педыятр Надзея Кірыковіч.

Кожнае лета лагер напаўняецца дзіцячым смехам, таму што за яго варотамі пачынаецца тэрыторыя дзяцінства, дзе ёсць месца адпачынку, творчасці, забавам, новым знаёмствам і сяброўству.

За тры змены ў лагеры «Чайка» адпачнуць 233 хлопчыкі і дзяўчынкі. А ў жніўні на спартыўную змену прыедзе яшчэ 75 рабят.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.