Ляхавічы рыхтуюцца да абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі — 2013»

У жыцці на будоўлі цяжка знайсці штосьці прыемнае. Разбураны асфальт вуліц, абмежавальныя стужкі і агароджы з крыклівым «небяспечная зона» тут і там. Частыя краны падпіраюць неба, угрызаецца ў зямлю жалезная жменя экскаватара, чаўночны бег ажыццяўляюць спрытныя пагрузчыкі. Для паўнаты — раздражняльны, нібыта жалезам па шкле, гук працуючага бензарэза… Прыемнае ва ўсім гэтым — перспектыва блізкага ўжо верасня. Калі, як абяцае праект, свой цяперашні рамонтна-будаўнічы марафон Ляхавічы канчаткова зменяць на фестывальную яркасць фарбаў. «Дажынкі» пройдуць, адноўленая ж у сувязі з падзеяй функцыянальнасць і эстэтыка райцэнтра доўга яшчэ будуць служыць людзям.
Пра тое, што зараз адбываецца вакол і на будаўнічых пляцоўках горада, — у інтэрв’ю намесніка старшыні раённага выканаўчага камітэта Валерыя БОГНАТА.

Валерый Уладзіміравіч, што чарговы абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі адбудзецца ў нашым горадзе, стала канчаткова вядома напрыканцы года мінулага. Практычна адразу ж пачаліся і прыгатаванні.
— Ці знойдуцца сярод жыхароў горада і раёна такія, хто не чуў пра нашы «Дажынкі»? З дакладнай датай будзе вызначана пазней, але за арыенцір прымаем сярэдзіну верасня. З улікам тыдня-дзесяці дзён «падстраховачных», нейкага часу для навядзення апошняга «бляску» — усе запланаваныя мерапрыемствы намераны завяршыць да пачатку восені. Запланавана нямала: леташнім, ад 29 снежня, распараджэннем старшыні райвыканкама зацверджаны пералік аб’ектаў будаўніцтва, рэканструкцыі, мадэрнізацыі і капітальнага рамонту на 2013 год. Па камунальным жыллёвым фондзе, па аб’ектах культуры, адукацыі, спартыўнага, сацыяльна-бытавога прызначэння. Плюс — дарожнае, ландшафтна-паркавае будаўніцтва… Нямногім больш за 2 дзясяткі асноўных аб’ектаў. Праектаў наогул многа больш, але працуем у рамках выдаткаваных бюджэтных сродкаў.
— І на кожным з 20-ці вядуцца ўжо работы?
— З раёнаў, што ў розныя гады рыхтаваліся да абласных «Дажынак», мы пачалі раней за ўсіх. Раённыя ўлады праявілі растаропнасць, актыўнасць, у пэўным сэнсе, волю ў прыняцці рашэнняў, настойлівасць у іх прасоўванні. Калі памятаеце, на жылых дамах №№46А і 50 па вуліцы Леніна работы пачаліся позна летась з устройства новых дахаў. Але, калі можна так сказаць, масава сталі працаваць з апошняй дэкады студзеня. Напрыклад, у зімовы час былі заменены вокны ў дзіцячых садах №№1 і 3, тое ж, але некалькі пазней, зрабілі і ў дзвюх іншых дашкольных установах горада. Зараз работы вядуцца на 95 працэнтах запланаваных аб’ектаў. У гэтыя працэнты не трапіў пакуль стадыён спарткомплекса «Колас», але і там штосьці ды зроблена: дэмантаж лавак на глядацкай трыбуне выканалі, між іншым, самі работнікі ўстановы. Для чаго? Для эканоміі часу, з мэтай больш рацыянальнага выкарыстання выдаткаваных на праект грошай. Падобны прынцып, дарэчы, трымаем на ўвазе заўсёды, на любым з аб’ектаў. Не літаральна, але чаму б, напрыклад, старую прыгодную для паўторнага выкарыстання плітку, бартавы камень ці нешта іншае не выкарыстаць? Магчыма, на іншым аб’екце, з іншай мэтай і гэтак далей. Схемы розныя.
— Розная, як можна бачыць, і ступень гатоўнасці таго або іншага аб’екта.
— Калі гаварыць пра 14 жылых дамоў, якія рамантуюцца, існуе цвёрдая ўпэўненасць, што 80 працэнтаў з іх будуць канчаткова гатовы да 1 ліпеня.
«Першая ластаўка» ўжо ёсць: на сёння запланавана паслярамонтная прыёмка будынка дзіцячай школы мастацтваў. Пастараліся будаўнікі з Іванава. З задачай справіліся хутка, з добрай якасцю работ — малайцы. Ужо ўзгаданы намі спарткомплекс стане іх наступным аб’ектам.
З дарожным, ландшафтным будаўніцтвам праблем больш. Ад ДРБУ-200 хацелася б большай прадукцыйнасці і якасці працы. Тэрміны здачы сквера насупраць СШ № 2, дзе яны працуюць, зацягваюцца, некалькі разоў пераносіліся. Зараз гаворка ўжо ідзе пра 15 чэрвеня. Было б, лічу, разумна і правільна падкарэктаваць сістэму стымулявання працы, рацыянальней выкарыстоўваць час. Кажучы адкрытым тэкстам — папрацаваць пазней, у выхадны дзень. Адпаведна і зарабіць. «Дабраць» адпачынак, кампенсаваць летнюю перапрацоўку можна будзе пазней. На Століншчыне, адкуль я родам, ходзіць такая прымаўка: «Грошы зарабляюць не ў фуфайцы, а ў майцы». І тычыцца гэта не толькі нашых, але і камандзіраваных у Ляхавічы дарожнікаў з іншых гарадоў вобласці. Ды і, па шчырасці, не толькі іх.
— Многа іх, камандзіраваных, Валерый Уладзіміравіч? На якіх аб’ектах заняты, як працуюць?
— Штодня 250-300 чалавек заняты на «фестывальным» уладкаванні Ляхавіч. З нашых — Ляхавіцкія ПМК-13, ПМК-17, ДРБУ-200 і прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Плюс запрошаныя арганізацыі практычна з усіх рэгіёнаў Брэстчыны. Іванава называлася, яшчэ — будаўнічыя арганізацыі з Брэста, Баранавіч, Пінска, Ганцавіч, Івацэвіч, Жабінкі, Маларыты. Магчыма, некага і не назваў.
Падрады розныя: выконваюць унутраную і вонкавую аддзелку, дарожна-ландшафтныя, агульнабудаўнічыя работы. З адказнасцю падыходзяць да справы Пінская ПМК-33, Ганцавіцкая ПМК-14, ПМК-7 з горада Іванава. Аддзелачнікі з Брэста нядаўна ў нас, але пачалі нядрэнна — паказваюць належную якасць. Дарожна-прамысловае прадпрыемства з Баранавіч займалася ўладкаваннем плошчы Перамогі, зараз — на плошчы Леніна, якую, дарэчы, абавязаліся завяршыць 10 чэрвеня. Справіліся? Вы ўжо ведаеце на гэта адказ. А так, умелы, вопытны калектыў, але, лічу, працуюць далёка не на максімуме — працэнтаў на 50 сваіх магчымасцяў. Вялікія малайцы — калектыў прыватнай Баранавіцкай фірмы «Свет будаўніцтва і паслуг». Другі паверх Дома Саветаў — вынік іх намаганняў, унутраная аддзелка кінатэатра, амаль завяршылі комплекс работ на жылым доме № 26 па вул. Леніна. Зараз — на доме № 9 па Гагарына. Плануем «аддаць» «Свету будаўніцтва…» і дом № 6 па Савецкай.
— У Вашым, Валерый Уладзіміравіч, спісе «малайцоў» не аказалася ні адной арганізацыі з ляхавіцкай прапіскай…
— Гэта самае крыўднае, што нашы працуюць відавочна горш за прыезджых. Здавалася б, ніякіх камандзіровачных нязручнасцяў, няма неабходнасці клапаціцца пра пошук аб’ёмаў работ. Вам тут жыць, карыстацца пладамі зробленага за бюджэтныя сродкі. Літаральна — працуеце для і на сябе, сваіх землякоў. Дык пакажыце прыклад у арганізацыі работы, прадэмаструйце яе якасць! У рэшце рэшт, зарабіце грошай.
Кіраўніцтва раёна зацікаўлена ў максімальнай загрузцы сваіх будаўнікоў, у іх заробках. Каб падаткавыя адлічэнні засталіся ў раёне, а не «паехалі» па месцы рэгістрацыі фірмы. ДРБУ-200, ПМК-13, ПМК-17 працуюць ніжэй сваіх магчымасцяў. І ў плане арганізацыі працэсу, і што тычыцца прадукцыйнасці, якасці. Калі паглядзець на ўдзельныя аб’ёмы выпрацоўкі — параўнанне яўна не на карысць ляхавіцкіх будаўнікоў. Часам ці не двухразовая розніца назіраецца. Адкуль узяцца сродкам на зарплату, на развіццё матэрыяльнай базы, мадэрнізацыю? Даных за май яшчэ няма, а па выніках чатырох месяцаў года ПМК-17 спрацавала са стратамі ў 900 мільёнаў рублёў. ПМК-13 паказвае рэнтабельнасць — лічба, аднак, вельмі нязначная.
Шмат нараканняў па якасці. Красамоўны факт: нядаўна з-за нізкай якасці работ прадстаўнік дзяржбуднагляду прыпыніў будаўніцтва памяшкання новай паліклінікі. Падрадчык — Ляхавіцкая ПМК-13: як лічыцца, ды і на самай справе — лепшая бударганізацыя раёна.
Пра сваё роднае прадпрыемства меліярацыйных сістэм скажу так. Яно сапраўды вельмі добра папрацавала на працягу красавіка на аб’ектах «Дажынак», але апошнія пару тыдняў таксама нічога асаблівага на іх не паказвае.
Гэтыя заўвагі абгрунтаваныя, але адзначу: крытэрый ацэнкі «сваіх» самы строгі. Ну вельмі хочацца, каб нашы, ляхавіцкія, былі самымі лепшымі.
— Вы сказалі пра больш высокую выпрацоўку прыкамандзіраваных арганізацый у разліку на кожнага занятага. Ці не гаворыць гэта пра нашу «гасціннасць», пра тое, што самыя капіталаёмістыя падрады дасталіся запрошаным будаўнікам?
— Мы, канешне, гасцінныя без усялякага двукосся. Але ляхавічане мелі права выбару. І абедзве ПМК, і ДРБУ-200 бралі, што хацелі, на што здатныя. Можна сказаць, «партфель» падрадаў запрошаных будаўнікоў фарміраваўся па астаткавым прынцыпе. Напрыклад, дастаткова буйныя — станцыя абязжалезвання, новы будынак паліклінікі — падрады ажыццяўляе ПМК-13. Так сабе працуюць: без асаблівай руплівасці, не заўсёды якасна. Калегі з ПМК-17 здзіўляюць яшчэ і тым, што не надта імкнуцца забраць заробленае. Нерастаропнасць ці нешта яшчэ з’яўляецца прычынай няспешнасці, але ёсць выпадак, калі акты выкананых работ пісаліся… два месяцы. Складана напісаць паперу? Ёсць жа спецыялісты, думаю, на нядрэннай зарплаце, ёсць кіраўнік.
— Ведаю, Валерый Уладзіміравіч, што так званы штаб па падрыхтоўцы да «Дажынак» збіраецца кожную сераду.
— Кіраўнікі і спецыялісты арганізацый-падрадчыкаў, работнікі адпаведных службаў і аддзелаў райвыканкама збіраюцца ў 10 гадзін. Наведваем аб’екты і ўжо на месцы абмяркоўваем, удакладняем, рашаем. Спрачаемся, але да кансэнсусу прыходзім, як правіла. Крыўду і сорам прыйшлося паспытаць у ходзе аднаго з такіх «штабоў». Мы былі на доме №48 па Леніна. Выйшаў адзін з жыхароў і выказаў прэтэнзію да ПМК-17. Будаўнікі, што мянялі ў пад’ездзе вокны, па словах, выканалі работу неахайна. У прыватнасці, насмецілі так, што жыхарам прыйшлося брацца за ўборачны інвентар. Гэта тое, што называецца культурай вытворчасці — яе адсутнасцю ў канкрэтным выпадку. Можам, але не хочам, і няма кантролю з боку ІТР. А быць павінен і на ўсім ланцужку, ад майстра і на самы верх. Ну і інжынеры па якасці ёсць у кожнай арганізацыі. Дзе іх работа? Плюс тэхналогія вытворчасці, якая апошнім часам крочыла далёка наперад. Ужо няма неабходнасці ўручную і часта «на вока» змешваць інгрэдыенты, каб атрымаць патрэбны раствор, — працуем на сухіх гатовых сумесях. А формула якасці вядомая і простая, увогуле: тэхналогія вядзення работ плюс культура вытворчасці. Усё неабходнае для таго ў нашых будаўнікоў ёсць. Мадэрнізацыя не будзе лішняй, аднак лічу, што ў першую чаргу нам неабходна мадэрнізаваць свядомасць, унутраны настрой, свае адносіны да работы.
— Ну і пытанне, якое падказаў мне адзін знаёмы. Што з аўтастанцыяй, Валерый Уладзіміравіч? Ці будзе яна рамантавацца?
— Можна ўпэўніцца: гэта адбываецца ўжо зараз. Новы акуратны санітарны вузел дзейнічае з зімы. Параўнальна нядаўна прыступілі да знешняй аддзелкі будынка і г. д. Заўважу, што аўтастанцыя не з’яўляецца раённай уласнасцю. Яна адзін з балансавых актываў баранавіцкага аўтапарка. На грошы арганізацыі і выконваюцца рамонтныя работы. Падчас нядаўняга наведвання раёна намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Сакоўскі назваў ляхавіцкую аўтастанцыю як горшую на выгляд сярод раёнаў вобласці. Спадзяёмся, што да верасня яна пазбавіцца ад такога незайздроснага статуса.
— Можа ёсць нешта такое, пра што не спытаў, але сказаць пра гэта вы лічыце неабходным?
— Любы рамонт — хоць у межах кватэры, асобнага пакоя — уяўляе сабой вядомыя нязручнасці, дабаўляе дыскамфорту. Тым больш, як у выпадку з Ляхавічамі, калі рамонтам і будаўніцтвам ахоплена паўгорада. Хачу падзякаваць людзям за разуменне сітуацыі: нязручнасці кароткачасовыя, вынікі ж падрыхтоўкі будуць служыць нам не адзін доўгі год.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

3 thoughts on “Ляхавічы рыхтуюцца да абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі — 2013»

  • 17/06/2013 в 06:14
    Permalink

    Молодцы!

  • 01/07/2013 в 10:02
    Permalink

    хотелось узнать на счет нашего центрального фонтана,будет он модернизироваться?

  • 01/07/2013 в 15:40
    Permalink

    Будет. И очень скоро.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *