У творчасці канікулаў не бывае. У Ляхавіцкай дзіцячай школе мастацтваў творчае жыццё кіпіць

У Ляхавіцкай дзіцячай школе мастацтваў па вучэбным плане – канікулы, а творчае жыццё кіпіць. Таму пацвярджэнне – дыпломы, якія навучэнцы, нягледзячы на летні час, заваёўваюць пад кіраўніцтвам сваіх настаўнікаў.

У II Міжнародным конкурсе мастацтваў «Летні накцюрн» у творчым праекце «Мі Фа Соль» (Санкт-Пецярбург) дыплом лаўрэата II ступені заваявала Ангеліна Ісаханава. Адной з лепшых яна стала ў намінацыі «фартэпіяна» (сола) за выкананне музычнага твора «На блакітным беразе». Падрыхтавала Ангеліну да дыстанцыйнага конкурсу яе педагог па класе фартэпіяна Ірына Тулейка.
– Ангеліна – таленавітая і мэтанакіраваная дзяўчына. Любіць музыку, якая для яе значыць многае. Сёлета скончыла Ляхавіцкую дзіцячую школу мастацтваў. І званне лаўрэата II ступені стала прыгожай выпускной кропкай, – адзначыла Ірына Уладзіміраўна.
Дыплома лаўрэата II ступені ў Міжнародным конкурсе выканаўцаў на гітары «Віват, гітара!» (Магілёў) удастоены ансамбль ДШМ «Сем нот, шэсць струн». Творчы калектыў адзначаны ў намінацыі «свабодныя праграмы (ансамблі)».
Педагог Жанна Рыжая вельмі задаволена поспехам сваіх навучэнцаў і разлічвае, што гэта стане стымулам для далейшага ўдасканалення выканальніцкага майстэрства.
Трымаюць высокую марку і харэографы. Харэаграфічны калектыў «Сюрпрыз» вызначыўся на Міжнародным фестывалі-конкурсе выканальніцкіх мастацтваў «Пунсовыя ветразі» (Санкт-Пецярбург) і заслужыў адразу 11 дыпломаў лаўрэатаў: шэсць – I ступені і пяць дыпломаў лаўрэата II ступені. Россып узнагарод – выдатная адзнака творчых здольнасцяў як навучэнцаў, так і іх вопытных педагогаў Таццяны Яўсей, Алесі Груша і Вольгі Мурынай.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.