Малой радзіме прысвячаем. Аграгарадок Навасёлкі прымаў віншаванні і падарункі

Свята вёскі 7 ліпеня, на Яна, адзначылі ў аграгарадку Навасёлкі. На малую радзіму з’ехаліся мясцовыя ўраджэнцы з розных куткоў краіны, каб зноў і зноў дакрануцца да сваіх каранёў, адчуць радасць ад сустрэчы з роднымі мясцінамі, дарагімі сэрцу людзьмі, сябрамі і знаёмымі.


Загучалі фанфары. І пакацілася весялосць па Навасёлках. На святочнай пляцоўцы – народны клуб аматараў песні, гумару і гульні «Вечарнiца» ў вобразе дамавікоў-вядучых з вялікай дамавой кнігай, у якой усё пра ўсіх напісана і засведчана.
Цікавы жыццёвы шлях, пашана за заслугі і павага аднавяскоўцаў – гэта ўсё пра нашу 85-гадовую юбілярку Зінаіду Юдзіну, якая ў свой час больш за 35 гадоў адпрацавала бібліятэкарам.
У дамавой кнізе аграгарадка пазначана, што за год нарадзіліся пяць маленькіх жыхароў. Адпаведна, на свяце адбыўся сапраўдны парад дзіцячых калясак.
Шчыра павіншаваў землякоў старшыня Навасёлкаўскага
сельвыканкама Аляксандр Мацюшэнка і пажадаў усім моцнага здароўя, шчасця, поспехаў, дабрабыту, а населенаму
пункту – росквіту і развіцця.
Навасёлкам больш за дзвесце гадоў. У час Вялікай Айчыннай вайны вёска спазнала і страты, і радасць Перамогі. Выстаяла, і ў ноч з 6 на 7 ліпеня 1944 года была вызвалена ад фашыстаў. Таму 7 ліпеня ў гісторыі населенага пункта – дата важная і адметная.
Па традыцыі выпускнікі 2021 года ўсклалі вянкі да абеліскаў загінулым воінам. Подзвіг герояў жыве!
Пад музычнае суправаджэнне «Любоў ды згода вам, маладыя!» на святочную пляцоўку запрошана пара, якая пражыла разам 60 гадоў, – Віктар і Тамара Каваленкі. Сярэбраныя юбілеі адзначылі сем’і Вячаслава і Ірыны Масцілоўскіх, Віктара і Таццяны Канецпольскіх. У статусе маладой сям’і – Аляксандр і Алеся Галіцкія.
Сюрпрыз чакаў і ўдзельнікаў народнага клуба аматараў песні, гумару і гульні «Вечарнiца»: метадыст метадычнага цэнтра культурна-асветніцкай работы цэнтралізаванай клубнай сістэмы Вольга Палуян павіншавала калектыў з 30-годдзем з дня стварэння і ўручыла ганаровую грамату.


Свята вёскі перапаўнялі цудоўныя і радасныя моманты. Мясцовы цырульнік, малады і крэатыўны майстар сваёй справы Ганна Чыстапольская выпускніцам на ўрачыстасць зрабіла адмысловыя прычоскі, і дзяўчаты грацыёзна кружыліся ў вальсе.
На святочную пляцоўку запрошана Марына Наздрына, якая 30 гадоў адпрацавала ў мясцовым дзіцячым садку. А музычным падарункам для выхавальніцы стала выступленне яе былых выхаванцаў.
Шмат цёплых і добрых слоў адрасавана работнікам
ААТ «Шлях новы», сувязі, гандлю, аховы здароўя, сельвыканкаму, настаўнікам і супрацоўнікам дзіцячага сада,
усім, хто робіць жыццё аграгараджан камфортным і ўтульным.
Аднымі з лепшых у конкурсе падворкаў названы сядзібы Вячаслава і Наталлі Камінскіх, Марыі Буцько і Леанарды Станчык.
На свяце працавалі выстава аўтаклуба «Нашы рукі не для суму», дзіцячыя атракцыёны, гандлёвыя рады, праводзіліся спартыўныя мерапрыемствы (арганізаваў іх малады спецыяліст Раман Станчык), парадаваў канцэрт удзельнікаў мастацкай самадзейнасці Тухавіцкага СДК. І, канешне, не абышлося без бяспройгрышнай латарэі.
Шчыра ўдзячны нашым пастаянным спонсарам: прафкаму ААТ «Шлях новы», Навасёлкаўскаму сельвыканкаму і асабіста Аляксандру Мацюшэнку, ІП Ірыне Дунчык і Дзмітрыю Галавіну.

Таццяна ПІШЧ,
стараста аграгарадка Навасёлкі.
Фота з архіва Навасёлкаўскага СДК