Крэатыўны аўтограф для горада. Хто яшчэ хоча падарыць Ляхавічам лавачку?

Адным са штрыхоў, што вызначае камфорт і ўтульнасць населеных пунктаў, з’яўляецца наяўнасць месцаў адпачынку, якія, да таго ж, з’яўляюцца элементам добраўпарадкавання і ўпрыгажэння.

Як раней пісаў «ЛВ», райвыканкам сёлета аб’явіў сярод арганізацый і ўстаноў раёна ўсіх формаў уласнасці конкурс «Крэатыўная лаўка». Праектнае рашэнне (эскіз) лаўкі трэба адправіць на электронны адрас otdelarh@tut.by ці па адрасе пл. Леніна, 3, кабінет № 210. Па ўмовах конкурсу неабходна вырабіць і ўстанавіць лаўку ў абгавораным з камісіяй месцы. Свае эскізы прадаставілі ў аддзел архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама цэнтр забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый, лясгас, ПМК-13, Ляхавіцкая дзіцячая школа мастацтваў і іншыя. Гараджане паспелі ацаніць крэатыўныя лаўкі аўтарства камунгаса на тэрыторыі зоны адпачынку на Ведзьме (фота злева). Спадабалася ляхавічанам і адметная лаўка, якую зрабілі супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (фота справа). Размешчана яна побач з ТЦСАН.

Матэрыялам для вырабу крэатыўнай лаўкі павінны быць дрэва і метал (іншыя – па папярэднім узгадненні). Сярод абавязковых патрабаванняў – зручнасць, функцыянальнасць, бяспечнасць і трываласць. Арт-аб’ект можа быць тэматычным, прысвечаным прафесіі, памятнай даце і г. д.

Дарэчы, другі этап конкурсу прадоўжыцца да 2 жніўня. Так што тым, хто жадае ўнесці свой уклад у добраўпарадкаванне райцэнтра, варта паспяшацца.

Вынікі конкурсу «Крэатыўная лаўка» будуць падведзены на Дні горада ў верасні.

Марына ЗАВАДСКАЯ, начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.