Падрыхтоўцы патрэбна настройка. Аграгарадок Падлессе рыхтуецца да раённых «Дажынак»

Аграрыі толькі робяць першыя крокі на сёлетнім жніве. Тым часам на Ляхавіччыне ідзе падрыхтоўка да раённага фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2021». Сталіцай абраны аграгарадок Падлессе. Увогуле, гэты населены пункт мае добрае геаграфічнае становішча і даволі камфортны для пражывання. А вось праблемы з парадкам мелі месца, таму падрыхтоўка да «Дажынак» павінна паспрыяць іх вырашэнню.

За апошні час Падлессе «прыбавіла» ў навядзенні чысціні. Аднак даводзіцца канстатаваць, што не ўсе і не паўсюдна спяшаюцца далучыцца да вырашэння пытанняў агульнай важнасці. Нямала месцаў у аграгарадку, дзе яшчэ неабходна істотна папрацаваць. І тычыцца гэта як прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, так і гаспадароў прысядзібных участкаў, і жыхароў шматкватэрнікаў.

Усе акалічнасці, звязаныя са святам хлебаробаў, знаходзяцца на пастаянным кантролі раённай улады. Напрыканцы мінулага тыдня прайшла рабочая нарада з удзелам кіраўнікоў і прадстаўнікоў раённых службаў, у кампетэнцыі якіх падрыхтоўка да «Дажынак». Прааналізавалі зробленае, акрэслілі кола пытанняў, з якімі належыць разабрацца літаральна ў бліжэйшы час.

Узгадаем, што ўжо зроблена. Прагрэйдзіраваны абочыны дарогі Ляхавічы – Падлессе, праведзена санітарная абрэзка ліп, пафарбаваны прыпыначны павільён і пасадачная пляцоўка, уладкаваны лаўкі. Да канца ліпеня павінен быць заасфальтаваны ўчастак вуліцы Савецкай ад вуліцы Цэнтральнай да Школьнай. Заменены 28 ліхтароў вулічнага асвятлення на энергазберагальныя па вуліцы Савецкай. Не па-знаць вуліцу Цэнтральную, дзе знесены старыя будынкі. Цяпер тут радуе вока альпійская горка. Добраўпарадкаваны тэрыторыі былой пякарні, брацкай магілы каля Падлескай школы. Выдалены кустоўе і старыя аварыйныя дрэвы па вуліцах Цэнтральнай і Савецкай каля былога дзіцячага садка, а таксама каля Падлескага ВПК. Уладкаваны водаправод, каналізацыя ў Падлескім СДК. Абноўлены парк, пасаджаны ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі, і іншае. 

Манітораць сітуацыю з падрыхтоўкай да «Дажынак» і розныя адказныя службы. Так, у панядзелак у Падлессі чарговы раз пабывалі супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

– У першую чаргу, паглядзелі, як выконваюцца запланаваныя мерапрыемствы. Многае зроблена, але ёсць адставанні і недапрацоўкі. Да канца не наведзены парадак на тэрыторыі каля Падлескага ВПК. Не выканана асфальтаванне тэрыторыі, прылеглай да Дома культуры. Не ўсталяваны лаўкі і кветкавыя кампазіцыі на месцы знесенага магазіна па Першамайскай. Шэраг работ неабходна было правесці з красавіка па май каля Падлескай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. У прыватнасці – уладкаваць пад’езды, месцы для стаянак, пешаходныя дарожкі, дэманціраваць старыя клумбы, пасадзіць дэкаратыўнае кустоўе. Тут пакуль знак мінус. Не хапіла часу ці жадання, каб да канца добраўпарадкаваць тэрыторыю, дзе калісьці размяшчаўся будынак КБА. Гэта ж датычыцца і тэрыторый мясцовай кацельні, былога магазіна райпо. Зроблены рамонт, але не дайшла справа да афарбоўкі агароджы вакол брацкай магілы. Пералічаныя аб’екты – зона адказнасці прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый. Але не надта спяшаюцца стварыць вакол сябе ўтульнасць, прыгажосць і чысціню і некаторыя гаспадары-прыватнікі. Няма належнага парадку на тэрыторыі шэрага домаўладанняў па вуліцах Савецкай, Першамайскай, Камсамольскай і іншых, – расказвае памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ Юрый Лімант.

Адназначна, каб Падлессе сустрэла герояў і гасцей «Дажынак» добраўпарадкаваным, неабходна праявіць большую актыўнасць і арганізаванасць і прадпрыемствам, і службам, і самім аграгараджанам.

Галіна КАНЬКО.