Гэта не дробязі! Якія праблемныя месцы ў Ляхавічах трапілі ў аб’ектыў фотакарэспандэнта «ЛВ»

Хтосьці скажа, што гэта дробязі і не жыццёва важна. Але трэба разумець, што без такіх вось малюнкаў, што трапілі ў аб’ектыў фотакарэспандэнта «ЛВ», будзе значна лепш, у тым ліку больш бяспечна.

У зялёным зарасніку каля асфальтаванай дарожкі ўздоўж дома № 4 па завулку Фестывальным прытаіўся такі люк (фота злева) – не самы бяспечны варыянт камунальнай канструкцыі…

Калісьці ў скверы каля СШ № 2 і СДЮШАР камунальнікі ўстанавілі лаўкі, каб можна было пасядзець, адпачыць. Сёння часткі з іх ужо няма: штосьці развалілася пад уздзеяннем часу і ўмоў надвор’я, але найбольш – з-за таго, што ў кагосьці не вельмі сумленнага «часаліся» рукі і ногі. Рэшткі былых лавак ствараюць невясёлы  пейзаж ужо не тыдзень і нават не месяц (фота ўнізе)…

Каля паўгода назад «ЛВ» пісаў, што на аўтобусным прыпынку насупраць аграрнага каледжа камунальнікі і РАНС аформілі павільён у бяспечным стылі. А нядаўна і ён стаў ахвярай вандалаў (фота справа). Сумна і сорамна, што побач з намі водзяцца такія істоты. І вельмі хочацца з дапамогай міліцыі «праславіць» іх імёны, у тым ліку на газетных старонках.