А што зрабілі вы, каб Ляхавічы былі чыстымі і ўтульнымі?

Раён рыхтуецца да абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2013». Горад у рыштаваннях, раскопках — рамантуецца, рэканструюецца, будуецца, развіваецца і, канешне, добраўпарадкуецца.
Так, ёсць пэўныя нязручнасці для людзей, аднак, ёсць разуменне і асэнсаванне таго, што гэта часова, затое потым, праз некалькі месяцаў, наш гарадок будзе не пазнаць — ён стане яшчэ больш прыгожым, утульным, зручным і сучасным. Але для гэтага павінны пастарацца не толькі праектанты, будаўнікі, дарожнікі, камунальнікі, але і мы з вамі, шаноўныя землякі. Парадак у доме, у якім жывём, — агульная справа. І наводзіць яго мы павінны разам, не спасылаючыся адзін на аднаго і не адкладваючы на потым.
Калі пераважная большасць прадпрыемстваў і арганізацый пастаянна падтрымлівае парадак на тэрыторыях, замацаваных за імі рашэннем райвыканкама, то з асобнымі грамадзянамі — праблема. Напэўна, многія памятаюць нечаканыя сюрпрызы надвор’я, калі пасярод вясны ўсё наваколле засыпала снегам. І хутка ў інтэрнэце пачалі з’яўляцца фотаздымкі і відэаролікі з каментарыямі, як праз сумёты людзі дабіраюцца на работу, дзеці — у школу ці дзіцячы сад: маўляў, камунальныя службы дрэнна працуюць, не паспяваюць змагацца з наступствамі стыхіі. А чаму б замест гэтага не ўзяць самім у рукі шуфель і не расчысціць ад снегу хаця б свой двор і замецены аўтамабіль? Тое ж самае датычыцца добраўпарадкавання прыдамавых тэрыторый.
— Напрыклад, развешваем на пад’ездах шматкватэрнікаў аб’явы, што ў пэўны дзень адбудзецца суботнік, і запрашаем жыльцоў прыняць удзел у ім. На жаль, не так многа гараджан і вяскоўцаў адгукаецца на просьбу. Хаця, канешне, ёсць прыклады, вартыя пераймання. Толькі з лепшага боку ў гэтым пытанні можна адзначыць жыльцоў дома №1 па вуліцы Цэнтральнай у Задвор’і, новабудоўляў і ранейшай забудовы па вуліцы Інтэрнацыянальнай у райцэнтры, — гаворыць дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Аляксандр Мядзвецкі.
Так, камунгасаўцы наводзяць парадак на прыдамавых тэрыторыях шматпавярховак, але ж і самім грамадзянам, напэўна, было б прыемна не толькі бачыць яго, але і падтрымліваць, прымнажаць. Вельмі сумна, калі здараецца наадварот. Як адзначыў кіраўнік камунальнай службы, не самі па сабе ломяцца лаўкі, агароджы, дарожныя знакі, дзіцячыя арэлі. Хто гэта робіць? Падлеткі, якім бацькі не растлумачылі, што такое дрэнна… Грамадзяне, узбуджаныя алкаголем… Каб раз-другі за такі супрацьзаконны ўчынак атрымалі штраф і аднавілі зламанае за ўласныя грошы і сваімі сіламі, напэўна, не паднялася б рука зрабіць такое дзікунства яшчэ раз.
Наўрад ці дазволяць сабе такое, мякка кажучы, свавольства, наведвальнікі лагера працы і адпачынку, які дзейнічае цяпер у СШ№1 (на здымку). Рабяты па папярэдняй дамоўленасці з камунгасам фарбуюць агароджу па вуліцы Дзесюкевіча ў райцэнтры. Яны ствараюць прыгажосць уласнымі рукамі і ведаюць кошт сваёй і чужой працы.
Хочацца засяродзіць увагу і на прыватных сядзібах. Тут парадак таксама не адмяняў ніхто. Гэта не толькі эстэтычна, але і па-гаспадарску — прыбрацца ў двары, у садзе і агародзе, скасіць пустазелле вакол дома, на вуліцы — да сярэдзіны праезнай часткі, як і належыць па правілах утрымання населеных пунктаў, падмесці. А то іншы раз надзвычай кантрасная і непрыгожая карціна: у кветніку — альпійскія горкі, а за агароджай — пустазелле па пояс…

Галіна КАНЬКО.

Фота Івана КАВАЛЕНКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *