Першы раз – на азімы рапс. Канец мінулага тыдня стаў пачаткам уборкі азімага рапсу на Ляхавіччыне

Канец мінулага тыдня стаў пачаткам уборкі азімага рапсу. Чэрвеньская, а затым і дзесяцідзённая спякота ліпеня некалькі перафарматавалі алгарытм ходу ўборачных работ. Класічная формула, калі наступнай за азімым ячменем уборачнай культурай выступае азімы рапс, на гэты раз была «зламана». Пасля ячменю, але да рапсу сельгаспрадпрыемствы паспрабавалі сябе на ўборцы жыта, пшаніцы, трыцікале і нават яравога ячменю. Алейная, з патэнцыяльна высокай эканомікай культура працягвала заставацца ў полі.

А пасеяна было нямала: у агульным заліку і з улікам фермерскіх гаспадарак рапсавы клін раёна займае ў гэтым годзе больш як тры з паловай тысячы гектараў палёў. Хоць і ў розных аб’ёмах, але ж практыкуюць рапс усе гаспадаркі Ляхавіцкага раёна. У «Жарабковічах» яго больш за тысячу гектараў, а, напрыклад, у «Ліпнянцы» – усяго нейкіх паўтара дзясятка.

Як і многія іншыя ў раёне, «наступ» на свае 550 рапсавых гектараў ААТ «Шлях новы» пачало ў мінулую пятніцу.

– Падрыхтаваліся загадзя, з палямі канчаткова вызначыліся напярэдадні. А сёння зранку камбайны знаходзіліся ўжо тут – на палетку, у стане поўнай палявой гатоўнасці. Як бачыце, горкі, дастаткова лёгкая глеба. На такіх участках расліны паспяваюць перш за ўсё. Хоць, як правіла, і з’яўляюцца не самымі ўраджайнымі. Але пра ўраджай пакуль можна гаварыць досыць прыблізна, з дапушчэннямі. Камбайны толькі-толькі завяршылі першыя кругі, кожны паспеў напоўніць усяго па некалькі бункераў, – пачала гутарку начальнік вытворчага ўчастка № 2 ААТ «Шлях новы»
Людвіка Піліпчык.

Абавязкі ў Людвікі Казіміраўны звыклыя – арганізаваць, падказаць, пракантраляваць. Ад сонечных промняў, якія яшчэ не ў зеніце нават, а паляць максімальна няшчадна, выратоўвае шырокі капялюш. Тэму небывалай гарачыні ў гутарцы падтрымаў і адзін з удзельнікаў уборачных работ.

– У камбайнах «запусцілі» кандыцыянеры. Падчас мінулай, ды і ранейшых гадоў уборкі яны ў нас не працавалі. Калі вы ведаеце, што такое парыльня ў лазні, то можаце ўявіць сабе і кабіну камбайна ў такія гарачыя дні пры непрацуючым кандыцыянеры. Сёлета, дзякуючы Генрыхавічу, іх «ажывілі», – коратка адзначыў старшы камбайнер аднаго з экіпажаў Аляксандр Прыхач.

Генрыхавіч – новы дырэктар ААТ «Шлях новы» Андрэй Коктыш, які прыйшоў на пасаду незадоўга да пачатку ўборкі і, як бачым, паспеў ужо зарэкамендаваць сябе ў вачах падначаленых.

На старт уборачнай дыстанцыі ў гаспадарцы ў той дзень выйшлі чатыры камбайны – роўна палавіна ўсяго наяўнага парка машын данага класа. Уборка гэтага «заціснутага» на 140 гектарах паміж населенымі пунктамі Лабузы і Дарава рапсавага поля не такі і аб’ёмны кавалак работы. Пры ўдалым раскладзе – лік на дні. Тым больш, што ўборачныя магутнасці могуць быць пашыраны – павялічаны да магчымасці аднамаментнага выкарыстання шасці камбайнаў. Іменна такая колькасць машын можа быць аснашчана спецыяльнымі прыстаўкамі – дадатковым і неабходным для вядзення падобных работ абсталяваннем.

Экіпаж камбайна ААТ «Шлях новы» ў складзе Аляксандра Цімашка і Вадзіма Баранчыка.
Людвіка Піліпчык.

Камбайнеры Аляксандр Прыхач і Яўгеній Карчэўскі.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.