Цудадзейная сіла Матроны. Каўчэг з часцінкай мошчаў святой Матроны Маскоўскай зноў прыбыў у Ляхавічы

Упершыню ракі з мошчамі святой блажэннай Матроны Маскоўскай пабывалі ў нашым райцэнтры сем гадоў назад. Тады сотні жыхароў не толькі Ляхавіччыны скарысталіся ўнікальнай магчымасцю пакланіцца святым мошчам. І вось сёлета 16 ліпеня каўчэг з часцінкай мошчаў святой Матроны Маскоўскай зноў прыбыў у Ляхавічы і размясціўся ў храме Узвіжання Крыжа Гасподня.

Пакланіцца святыні (а Матрона Маскоўская з’яўляецца адной з самых вядомых і шаноўных святых у Расіі) можна штодзённа да 21 ліпеня ўключна.

Кожны, незалежна ад веравызнання, можа папрасіць у Матронушкі (так ласкава называюць яе) для сябе і родных здароўя і міласці Божай. Людзі прыходзяць да Матроны з самымі рознымі праблемамі і просьбамі. Для некаторых дапамога святой – самая апошняя надзея. Вернікі перакананы, што на шчырыя і з верай сказаныя малітвы святая Матрона абавязкова адказвае дапамогай.

Нарадзілася Матронушка Маскоўская (у свеце Матрона Дзмітрыеўна Ніканава) у 1885 годзе ў Тульскай губерні. З нараджэння ў дзяўчынкі не было зроку, але звыш ёй быў падараваны духоўны зрок. Яна прадбачыла стыхійныя бедствы і сацыяльныя ўзрушэнні.

Вылечвала людзей і вучыла іх жыць з малітвай, не асуджаць блізкіх, часцей прычашчацца. У цэнтры яе напружанага духоўнага жыцця былі вера, любоў да людзей. Як і пры жыцці, а, магчыма, нават і больш, яна і сёння дапамагае людзям. Інакш як растлумачыць феномен – бясконцую чаргу да мошчаў святой, у які б куточак свету ракі з імі не прыязджалі. Дарэчы, у Маскоўскім Пакроўскім манастыры штодня пакланіцца мошчам прыхо-дзяць-прыязджаюць тысячы чалавек.

Царква кананізавала Матрону як святую Маскоўскай епархіі ў 1999 годзе, а ў 2004 годзе праваслаўе папоўнілася яшчэ адной агульнацаркоўнай святой.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.