Матацыкліст у дарожным руху

15 ліпеня стартавала рэспубліканская прафілактычная акцыя па папярэджанні ДТЗ з удзелам мотатранспарту, якая фінішуе 26 ліпеня. На Брэстчыне з пачатку года зарэгістравана 21 дарожнае здарэнне з удзелам матацыклістаў, у якіх тры чалавекі загінулі і 19 атрымалі траўмы.

У Ляхавіцкім раёне сёлета адбылося тры такія ДТЗ, тры чалавекі атрымалі цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці. Адзін з вадзіцеляў быў нецвярозым і не меў права на кіраванне матацыклам.

Па апошнім ДТЗ, якое здарылася недалёка ад вёскі Літвы, зараз праводзіцца праверка, а матацыкліст знаходзіцца ў бальніцы. Усе аварыі адбыліся па віне аматараў двухколавых транспартных сродкаў.

Факты пацвярджаюць, што прычынай трагедый часта становяцца няўважлівасць і ліхацтва вадзіцеляў мотатранспарту.

Падчас прафілактычнай акцыі з мэтай папярэджання і выяўлення парушэнняў ПДР супрацоўнікі АДАІ РАУС будуць дзяжурыць на аўтадарогах, выступяць у працоўных калектывах, сустрэнуцца і правядуць з уладальнікамі мотатранспарту сумесныя акцыі.
У цэнтры ўвагі – культура кіравання, бяспечны ўдзел у дарожным руху і бездакорнае выкананне ПДР.

Аляксандр АНІКЕВІЧ, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ РАУС.