Недзіцячыя пытанні да харчавання. На Ляхавіччыне арганізацыю харчавання дзяцей на кантролі трымаюць раённая ўлада, а таксама разнастайныя службы і арганізацыі

Летнія школьныя канікулы ў разгары. Дзеці на адпачынку, а вось навучальныя ўстановы рыхтуюцца да чарговага першага верасня. І не толькі займаюцца падрыхтоўчымі работамі да новага навучальнага года, але і аналізуюць зробленае ў папярэднім. Тычыцца гэта і арганізацыі харчавання дзяцей. Важнае пытанне на кантролі трымаюць раённая ўлада, а таксама разнастайныя службы і арганізацыі.

Факты і праблемы

У мінулым навучальным годзе гарачым харчаваннем былі стапрацэнтна ахоплены ўсе школьнікі (2624) і выхаванцы дзіцячых садкоў раёна (826).

– Асноўная фінансавая нагрузка па аплаце харчавання – 74 працэнты – у школах прыпадае на мясцовы бюджэт. 26 працэнтаў навучэнцаў харчуюцца за бацькоўскую даплату, якая ў сярэднім складае ад 30 да 35 рублёў у месяц, у дашкольных установах – да 80 рублёў. Для патаннення харчавання ўстановы адукацыі атрымліваюць у якасці спонсарскай дапамогі бульбу ад ААТ «Жарабковічы», «Нача», СВК «Ляхавіцкі», – расказала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская.

У харчаблоках ва ўстановах адукацыі працуюць 50 повараў і 28 кухонных рабочых – усе яны праходзяць абавязковае гігіенічнае навучанне, а таксама ўдзельнічаюць у семінарах-вучобах. Разам з тым, як адзначылі ў аддзеле па адукацыі, кадравы патэнцыял нельга назваць стабільным. Толькі за мінулы год памянялася 15 повараў і тры кухонныя рабочыя.

На ўсіх харчаблоках устаноўлены відэакамеры, па якіх можна адсачыць, як працуе бракеражная камісія, як арганізаваны вытворчы кантроль. Баранавіцкі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі праводзіць лабараторны кантроль гатовых кулінарных вырабаў. У садках і школах, дзе арганізавана двухразовае харчаванне, штомесячна аналізуецца выкананне натуральных нормаў харчавання. І яны ўсе выконваюцца з улікам дапушчальнага адхілення плюс-мінус 10 працэнтаў.

– Аднак, ёсць істотныя цяжкасці ў выкананні натуральных нормаў, і звязаны яны з цанавым фактарам. Напрыклад, на двухразовае харчаванне ў школах з бюджэту выдаткоўваецца ад 2 да 2,5 рубля. З улікам росту цэн цяжкавата за такія сродкі належным чынам пакарміць дзіця двойчы, – падкрэслівае Святлана Якубоўская.

Не толькі аддзел па адукацыі, санітарная служба кантралююць пытанні харчавання дзяцей. Пры райвыканкаме створана камісія для арганізацыі сістэмнага кантролю, якая маніторыць менавіта гэту тэму. Толькі сёлета праведзена 19 маніторынгаў у школах і дашкольных установах.

Па словах начальніка аддзела па адукацыі, у выніку пазапланавых праверак выяўляюцца факты парушэння санітарна-гігіенічных нормаў, што сведчыць пра нядобрасумленнае выкананне абавязкаў работнікамі харчаблокаў і недастатковы кантроль з боку кіраўнікоў устаноў. Па гэтых прычынах за 2020 год і пяць месяцаў 2021 года да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 19 работнікаў устаноў адукацыі.

У зоне пастаяннай увагі – і забяспечанасць харчаблокаў апрацоўчым інвентаром, посудам, мыйнымі сродкамі і сродкамі дэзынфекцыі. Сёлета плануецца на набыццё посуду і інвентару выдаткаваць 17 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў.

Патрабуецца замена пэўнай часткі халадзільнага і тэхналагічнага абсталявання. У плане – і капітальны рамонт харчаблокаў. За апошнія шэсць гадоў ён праведзены ў Крывошынскай, Навасёлкаўскай, Конькаўскай школах, гімназіі. Распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя на капітальны рамонт харчаблока СШ № 1 за кошт сродкаў Сусветнага банка развіцця. Патрабуецца і капітальны рамонт харчаблокаў Тухавіцкай СШ і Навасёлкаўскага дзіцячага сада.

Санітарны бок

Як адзначае галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна Віталій Ціханаў, сумесная работа ўсіх зацікаўленых службаў дазволіла павысіць якасць харчавання школьнікаў і дашкольнікаў. Гэта паўплывала і на здароўе рабят. Так, захворванне органаў стрававання за апошнія 10 гадоў зніжана ў 2,1 раза. Толькі сёлета спецыялісты райЦГіЭ праманіторылі 68 працэнтаў устаноў адукацыі раёна па пытаннях арганізацыі харчавання.

– Сярод асноўных выяўленых парушэнняў трэцяя частка звязана з якасцю харчавання: не захоўваецца прыкладнае дзесяцідзённае меню, пры складанні сутачнага меню не ўлічваецца дыферэнцыраванне аб’ёму страў па ўзросце дзяцей. 13 працэнтаў парушэнняў датычыцца бяспекі харчовай сыравіны і прадуктаў, у прыватнасці, маюцца парушэнні ўмоў захоўвання прадуктаў.

Прыкладна столькі ж прыпадае і на арганізацыю харчавання і вытворчага кантролю. Акрамя таго, не захоўваюцца ўмовы мыцця і сушкі посуду, тэхналагічнага абсталявання, не выконваюцца тэхналогіі прыгатавання страў і іншае, – адзначае Віталій Ціханаў.

Прычым, па словах галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача раёна, большасць выяўленых парушэнняў абумоўлена «чалавечым фактарам».

Цікавы факт. У сакавіку 2021 года сярод школьнікаў правялі анкетаванне на тэму «Харчаванне вачыма навучэнцаў». З 1051 школьніка, які ўдзельнічаў у апытанні, 747 адзначылі, што ім падабаецца, як гатуюць у школьных сталовых.

І пра закупкі

Ад таго, якія прадукты прывязуць у сталовую, у многім залежыць і якасць страў. Больш за 20 гадоў арганізацыяй харчавання займаліся спецыялісты аддзела па адукацыі, цяпер гэту функцыю выконвае цэнтр забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый. Кіраўнік цэнтра Вольга Савасцюк паведаміла, што на 2021 год на закупку прадуктаў для арганізацыі харчавання дзяцей прадугледжана 940 тысяч рублёў – каля пяці працэнтаў бюджэту галіны адукацыі.

– Працэдура закупак праходзіць тры разы ў год, каб не дапусціць росту цэн у перыяд дзеяння дагавора, а таксама, каб максімальная колькасць прадпрыемстваў удзельнічала ў канкурэнтных працэдурах дзяржаўных закупак. Сёлета цэнтрам праведзена 72 працэдуры закупак прадуктаў харчавання, з іх 26 – канкурэнтныя (удзельнічала некалькі прэтэндэнтаў). Было аб’яўлена 107 канкурэнтных лотаў, у 73 працэнтаў з якіх так і не знайшліся альтэрнатыўныя варыянты, – патлумачыла Вольга Савасцюк.

Што тычыцца найбольш актыўных удзельнікаў закупак, то сярод прадпрыемстваў нашага раёна гэта ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». Астатнія ляхавіцкія вытворцы ці ўвогуле не ўдзельнічаюць у канкурэнтных працэдурах, ці робяць гэта даволі слаба. Гэта тычыцца і сельгаспрадпрыемстваў, і райпо, і малочнага завода, і фермерскіх гаспадарак.

Усяго па выніках дзяржаўных закупак сёлета заключана 92 дагаворы, з якіх 55 – з пасрэднікамі. Цэнтр вядзе пастаянную работу з пастаўшчыкамі на прадмет своечасовай пастаўкі тавараў, іх якасці. Аднак, як заўважыла Вольга Савасцюк, маюць месца выпадкі невыканання пастаўшчыкамі абавязкаў па дагаворах.

На мінулай сесіі райсавета, дзе разглядалася пытанне арганізацыі харчавання школьнікаў, старшыня райвыканкама Мікалай Мароз прапанаваў разгледзець магчымасць арганізаванай дастаўкі ў школьныя сталовыя гарачага харчавання (у прыватнасці, комплексных абедаў), напрыклад, з камбіната школьнага харчавання. Такім чынам аўтаматычна адпадуць усе моманты, звязаныя з працэдурай закупак.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.