Дапамога ў сітуацыі SOS. Ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ляхавіцкага райвыканкама можна звярнуцца са складанай жыццёвай сітуацыяй

Неабходна дарагая медыцынская аперацыя ці лячэнне, згарэў дом і г. д. – жыццёвыя сітуацыі, з якімі ў адзіночку справіцца складана. Руку дапамогі тады працягвае дзяржава ў асобе ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Менавіта сюды звяртаецца насельніцтва ў выпадку цяжкай жыццёвай сітуацыі. Клопат пра чалавека і сацыяльна арыентаваная палітыка ў Беларусі пацверджаны канкрэтнымі фактамі і лічбамі.

Адно з пытанняў чэрвеньскай сесіі Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў –«Аб сацыяльнай падтрымцы сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей». На пасяджэнні прынята рашэнне аб аказанні дапамогі мнагадзетным сем’ям да навучальнага года. На кожнае дзіця, якое навучаецца ў школе, гімназіі ці ўстанове спецыяльнай адукацыі, будзе выплачана па 80 рублёў. Плануецца, што атрымаюць дапамогу 355 сем’яў, у якіх выхоўваецца 741 дзіця. На гэта будзе накіравана больш за 63 тысячы рублёў з раённага бюджэту.

Дзяржава робіць падарунак сем’ям, у якіх нарадзіліся двайняты. Сёлета аднаразовую дапамогу з раённага бюджэту ў памеры 1051 рубель атрымала і сямейная пара ляхавічан.

Па-рознаму складваюцца жыццёвыя абставіны. Бывае і так, што чалавек аказваецца ў сітуацыі, калі матэрыяльная дапамога патрэбна неадкладна. У дзяржаўнай сацыяльнай сістэме і гэта прадугледжана для непрацаздольных грамадзян. Такой грашовай падтрымкай з пачатку года скарысталіся 123 чалавекі. З іх 29 спатрэбіліся сродкі для лячэння, пяці – для частковай кампенсацыі затрат для правядзення платнай аперацыі, аднаму –у сувязі з пажарамі і іншымі цяжкімі абставінамі. Агульная сума выдзеленых сродкаў з Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва склала 14 тысяч рублёў. Трэба ўлічваць, што пенсіянерам, інвалідам і дзецям-інвалідам, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні ў стацыя-
нарных установах сацабслугоўвання, матэрыяльная дапамога не аказваецца.

Забеспячэнне бяспечных умоў пражывання адзінокіх пажылых грамадзян і інвалідаў – яшчэ адзін важны пункт дзяржаўнай увагі. Так, сёлета ў план мерапрыемстваў згодна з рашэннем райвыканкама ўключаны 29 адрасоў. Неабходна адрамантаваць пячное ацяпленне ў пяці домаўладаннях адзінокіх пажылых грамадзян, устанавіць 14 аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, дзевяць пажарных апавяшчальнікаў з вывадам сігнальна-гукавога прыстасавання на вуліцу, неабходна зрабіць і рамонт электраправодкі. На гэтыя мэты са сродкаў раённага бюджэту выдзелена амаль 6 тысяч рублёў. 

За кошт раённага бюджэту запланаваны «бяспечныя» работы і ў домаўладаннях мнагадзетных сем’яў: у дзевяці будуць устаноўлены пажарныя апавяшчальнікі, у пяці – гукавыя аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, у доме адной з сем’яў патрабуецца рамонт печы. На гэтыя мэты выдаткавана больш за 1200 рублёў.

З 28 чэрвеня па 5 ліпеня спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сумесна з РАНС правялі акцыю «З клопатам пра бяспеку малой радзімы!». Падчас работы назіральных камісій вызначаны домаўладанні, дзе пражываюць пенсіянеры ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Раённая арганізацыя РГА «Белая Русь» зрабіла для 15 гараджан і вяскоўцаў падарункі – набыты і ўстаноўлены пажарныя апавяшчальнікі. Зараз пры нават невялікім задымленні прыбор апавясціць пажылых гаспадароў гучным сігналам.

Па інфармацыі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, сёлета 425 землякам прадастаўлена дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога на суму больш за 276 тысяч рублёў, з іх 190 чалавекам дапамога выплачваецца штомесяц, 39 атрымалі аднаразовую сацыяльную дапамогу, 103 кампенсаваны затраты на падгузнікі, 32 забяспечваюцца прадуктамі харчавання на дзяцей першых двух гадоў жыцця.

– Гэта толькі частка важкай і часам жыццёва неабходнай дзяржаўнай дапамогі. Яна накіроўваецца адрасна, пры дэтальным вывучэнні матэрыяльна-бытавых умоў жыцця і іншых паказчыкаў, – падкрэслівае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.