Не паблытаць берагі. Карэспандэнт «ЛВ» разам з супрацоўнікамі Ляхавіцкага РАНС і Асвода адправіўся ў рэйд па месцах, забароненых для купання

Тэрмометр выдае стабільны плюс, і ляхавічане шукаюць выратаванне ад летняй спёкі каля вады. У Ляхавіцкім раёне тры зоны адпачынку, дзе можна камфортна, а самае галоўнае бяспечна адпачыць. Гэта пляжы ў райцэнтры і Дараве, а таксама зона адпачынку ў лагеры «Чайка». Кожны год да купальнага сезона тут старанна рыхтуюцца: абкошваюць тэрыторыю, падсыпаюць пяском пляж, пры неабходнасці рамантуюць лавачкі і іншы інвентар. За якасцю вады сочаць спецыялісты райЦГіЭ: кожны тыдзень бяруцца пробы вады на ўтрыманне кішэчнай палачкі. Таксама пляжы і тэрыторыю каля іх апрацоўваюць ад кляшчоў. На пасту заўсёды выратавальнікі, якія сочаць за парадкам і бяспекай адпачывальнікаў.

Аднак ёсць і тыя, для каго камфорт і бяспека адыходзяць на другі план, і яны «прыпраўляюць» свой адпачынак «востры-мі» ўражаннямі. Карэспандэнт «ЛВ» разам з супрацоўнікамі РАНС і Асвода адправіўся ў рэйд па месцах, забароненых для купання.

Першай кропкай на маршруце стаў вадаём каля аграгарадка Конькі. Гэта месца для купання даўно аблюбавалі адпачывальнікі, хоць на ўездзе стаіць шлагбаум, а на інфармацыйным стэндзе вісіць паведамленне, што купанне тут забаронена. Падчас нашага візіту на возеры нікога не было, але гэта месца застанецца пад кантролем.

– Многія нядбайна ставяцца да сваёй бяспекі. Але трэба памятаць, што вада тоіць у сабе шмат каварства, і ад трагедыі ніхто не застрахаваны. Адпраўляючыся адпачываць на неабсталяваныя для купання пляжы, задумайцеся, ці ёсць побач з вамі чалавек, які ў выпадку чаго зможа дапамагчы выбрацца з вады, правільна акажа першую дапамогу? – разважае старшыня раённага савета Асвода Віктар Прыхач.

Адна з кропак, дзе дазволена купанне ў раёне, – гарадскі пляж.

Чым так прыцягвае юных купальшчыкаў мост за вёскай Федзюкі – вялікая загадка. Аднак з году ў год тут заспяваюць аматараў экстрыму. Гэты раз не выключэнне. На мосце трое рабят, у вадзе весела плёскаюцца яшчэ двое.

Дзеці на мосце расказалі, што яны мясцовыя, і гэта бліжэйшае месца, дзе можна асту дзіцца і паплаваць. Старэйшаму купальшчыку 16 гадоў.

– Шыльда, што купанне забаронена, тут вісіць не проста так. Адкуль вы ведаеце, які ўзровень вады пад мостам? Можа з-за спякоты яна абмяльчэла? Можа на дне ляжыць велізарны камень?Адзін такі скачок можа каштаваць не толькі здароўя, але і жыцця! Хто вам прыйдзе на дапамогу ў выпадку чаго? – звярнуўся да купальшчыкаў старшы інжынер сектара дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару і грамадзянскай абароны РАНС Дзмітрый Новік.

Тут жа з вады вылазяць яшчэ два хлопцы. Абодвум па 15 гадоў, прыехалі з Конькаў. Па іх словах, купаюцца тут упершыню, звычайна адпачываюць на гарадскім пляжы. З моста не скачуць, плаваюць добра.

– Нават тыя, хто добра плавае, могуць не разлічыць свае сілы. Такіх прыкладаў, на жаль, нямала. Залішняя саманадзейнасць да дабра не даводзіць. Яшчэ адна небяспека, пра якую трэба памятаць падчас купання, – гэта зараснікі багавіння, у якіх можна заблытацца. Купацца трэба ў строга адведзеных месцах, каб не падвяргаць сваё жыццё небяспецы, – гаворыць інспектар РАНС Таццяна Калгушкіна.

Супрацоўнікі РАНС і Асвода пакідаюць рабятам памяткі, у якіх падрабязна распісаны правілы паводзін на вадзе.

У зарасніках шыпшыны не адразу знойдзеш дарожку, якая вядзе да яшчэ аднаго несанкцыянаванага месца адпачынку. Пляцоўка пад чыгуначным мостам каля вёскі Зарэчча палюбілася аматарамі пікнікоў. Вакол яе раскіданыя рэшткі «свята»: пластыкавыя бутэлькі, паперкі, засталіся рэшткі вогнішча. Застаём тут дзвюх дзяўчат. Па іх словах, сюды прыехалі з Баранавічаў.

– Мы бачылі шыльду, што тут купацца забаронена, таму ў ваду не залазім. Прыехалі сюды проста пазагараць. Тут ціхае месца, – тлумачыць адна з дзяўчын.

Ім таксама пакідаюць памяткі. Дарэчы, купанне ў неабсталяваных або забароненых месцах можа ўдарыць і па кашальку: такі адпачынак абыдзецца штрафам да трох базавых велічынь.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.