Валанцёры супраць спякоты. Акцыю «Спякота 2021» у мінулы чацвер правялі ляхавіцкія валанцёры

Акцыю «Спякота 2021»у мінулы чацвер правялі ляхавіцкія валанцёры. Яе арганізатарам выступіла раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа. Да акцыі далучыліся прадстаўнікі РАНС, БРСМ і Асвода.

Сутнасць акцыі простая: столікі з халоднай пітной вадой размясцілі на гарадскім пляжы. Пачаставацца мог кожны жадаючы, а валанцёры нагадалі правілы паводзін на вадзе і супрацьпажарнай бяспекі.

– Наша арганізацыя аказвае дапамогу па розных напрамках. Гэта і гуманітарная дапамога сем’ям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, акцыі да 1 верасня, дапамога медыкам, якія змагаюцца з каранавірусам, і многае іншае. За апошнія некалькі тыдняў адным з самых актуальных пытанняў стала высокая тэмпература паветра. Так і ўзнікла ідэя акцыі «Спякота 2021». Месца правядзення таксама было абрана не выпадкова – пляж зараз перапоўнены людзьмі, якія шукаюць выратаванне ад летняй спёкі, – гаворыць старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Жанна Лешык.

Для правядзення акцыі раённая арганізацыя БТЧК закупіла пяць дзесяцілітровых бутэлек вады, дзесяць паўтаралітровых і пятнаццаць дзіцячых бутэлек.

Дарэчы, наведвальнікі пляжаацанілі задуму валанцёраў: падыходзілі, дзякавалі за ініцыятыву.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.