Нашы ў Александрыі. На свяце «Купалле» ў Александрыі адзначыліся і ляхавічане

Александрыя па традыцыі збірала сяброў, сярод якіх і ляхавічане: народны ансамбль народнай песні «Крыніца», ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод», майстар  па кераміцы з Мыслабажскага Дома рамёстваў Алена Базылева і майстар вышыўкі са Свяціцкага СДК Лідзія Курловіч.

– «Купалле» ў Александрыі – свята шыкоўнае і маштабнае! – дзеліцца ўражаннямі мастацкі кіраўнік народнага ансамбля народнай песні «Крыніца» Людміла Ламака. – І яно пацвярджае, што беларусы – народ гасцінны, дружны і шчыры, мае багатую культурную спадчыну, унікальныя традыцыі, шануе іх і ўмее адметна прадставіць. Вельмі прыемна, што наш калектыў удастоены гонару выступаць на рэспубліканскім свяце, якое аб’ядноўвае мясцовае насельніцтва і гасцей з розных краін свету.

10 ліпеня з раніцы да вечара «Крыніца» сваёй творчасцю радавала ўдзельнікаў і гледачоў свята. Нашым самадзейным артыстам падпявалі, разам з імі танцавалі і не шкадавалі апладысментаў за цудоўнае выступленне.

Галоўная тэма свята – рушнік народнага адзінства. Наша «Крыніца» сярод іншых на тэматычнай пляцоўцы «Кросны роднай Беларусі» прадстаўляла рушнік свайго рэгіёна – Ляхавіччыны.

– «Купалле» ладзіцца ў маляўнічым месцы на беразе Дняпра. Людзі вітаюць адзін аднаго, пануе атмасфера вялікага свята. Мноства гандлёвых радоў, народныя ўмельцы з усёй краіны прэзентуюць выставы сваіх вырабаў, праводзяць майстар-класы, працуюць інтэрактыўныя пляцоўкі і г. д. І ўсё гэта ўпрыгожана цудоўнай песняй, якая гучыць на канцэртных пляцоўках, – расказвае падрабязнасці з рэспубліканскай падзеі Людміла Ламака.

Нашы землякі таксама выдзяляліся сярод майстроў. Не было раўнадушных да керамічных вырабаў Алены Базылевай. Многія з яе фігурак адправіліся ў розныя куткі Беларусі. Вышыванкі і тканыя паясы аўтарства Лідзіі Курловіч наведвальнікі выстаў уважліва разглядвалі, распытвалі пра працэс стварэння прыгажосці і набывалі на памяць. Карысталіся попытам і яе чаі з зёлак. 

На свяце было не толькі відовішчна, але і смачна. Ляхавіцкі кансервавы завод прэзентаваў сваю прадукцыю: сокі, соусы, нектары і г. д. Чарга дэгустатараў паставіла самую высокую ацэнку іх смакавым якасцям. Прадпрыемства цікава аформіла сваю гандлёвую палатку, дзе супрацоўніцы завода сустракалі гасцей у адметным убранні. А эканамісту па збыце Вікторыі Грубой выпаў гонар сярод іншых сустракаць афіцыйную дэлегацыю з караваем.

Ляхавічы – Александрыя, гэта недалёка, нягледзячы на не адну сотню кіламетраў. Працавітыя і таленавітыя людзі сціраюць межы і адлегласці.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з архіва ўдзельнікаў.