Профессионалы в белых халатах центральной районной больницы г.Ляховичи помогают обрести не только здоровье, но и жизненные силы

Дзіцячы доктар Алена Саланенка

Высокая тэмпература, горла баліць, слёзы льюцца ракой, «плачуць» нос і вочы… Устрывожаная маці выклікае ўчастковага педыятра. Здаецца, так марудна цягнуцца хвіліны. Але вось на парозе з’яўляецца такі важны і неабходны чалавек — дзіцячы доктар. На працягу больш як 30 гадоў з дня ў дзень сустракаецца з маленькімі пацыентамі і іх бацькамі Алена Саланенка. І ні разу не пашкадавала пра зроблены яшчэ ў дзяцінстве (калі так натхнёна ставіла ўколы лялькам) выбар будучай прафесіі. Прыём у паліклініцы, абслугоўванне хворых, выклікі (зараз на яе ўчастку 700 хлопчыкаў і дзяўчынак). А яшчэ дзяжурствы, выезды на прыём ва ўрачэбныя амбулаторыі і фельчарска-акушэрскія пункты: маленькім вяскоўцам таксама неабходны і прафілактычныя прышчэпкі, і кваліфікаваная дапамога ўрача.
Яна кожнага маленькага пацыента ведае ў твар, і надзвычай прыемна, калі, стаўшы дарослымі, тыя па-ранейшаму гавораць: «Добры дзень, доктар!».
— Сапраўдным урачом становяцца не тады, калі вывучаць медыцынскія тэрміны і паняцці, а калі навучацца разумець і чуць пацыента. А ў выпадку з педыятрам адно з прафесійных патрабаванняў — любоў да дзяцей, — гаворыць Алена Саланенка. І дома, пасля напружанага працоўнага дня, першае пытанне, якое задае Алене Вячаславаўне муж Валерый Трафімавіч (ён, дарэчы, працуе ўрачом-анестэзіёлагам у райбальніцы): «Як справы на рабоце?» Без медыцынскай тэмы ў сям’і Саланенкаў не абыходзіцца і з прыездам дзяцей: старэйшая дачка Ірына пайшла па слядах бацькоў, працуе ўрачом-рэаніматолагам у Баранавічах.

Інфекцыяніст Аліна Курловіч са сваёй камандай

З’елі што-небудзь няякаснае? Падхапілі інфекцыю? У такіх выпадках, мабыць, давядзецца пралячыцца ў інфекцыйным аддзяленні. І не варта баяцца яго.
У палатах ці, дакладней, боксах з санвузлом — максімум 2 пацыенты. Ежу прыносяць у палату. Так што верагоднасць падхапіць перакрыжаваную інфекцыю адсутнічае. Гэта аддзяленне райбальніцы разлічана на 20 месцаў і складаецца з двух асноўных блокаў: на 1 паверсе — для лячэння кішэчных, на 2 — інфекцый, якія перадаюцца паветрана-кропельным шляхам.
Паспяхова на працягу 20 гадоў кіраваць аддзяленнем загадчыцы Аліне Курловіч — урачу І катэгорыі з 27-гадовым урачэбным стажам — дазваляюць не толькі арганізатарскія здольнасці (гэта адна з адметнасцяў яе таленту). Не менш важна і тое, што Аліна Іванаўна — выдатны дыягност. Іншы раз ёй не патрэбны вынікі аналізаў, дастаткова агляду пацыента і размовы з ім — і правільны дыягназ пастаўлены. Гэта важна, асабліва, калі размова ідзе і пра энтэравірусныя інфекцыі, і пра іншыя, пры якіх лячэнне трэба прызначаць неадкладна. Урач-інфекцыяніст, як сапёр: не мае права на памылку.
— Мае галоўныя памочнікі — вопытныя медыцынскія сёстры Марына Бурвель, Алена Бяліцкая, Святлана Свянтэцкая, Таццяна Кендыш, Вольга Шадура, Валянціна Маслоўская, Галіна Чарняк, Ала Гладкая. Спадзяюся на іх і, канешне, на старшую медсястру Вольгу Дубоўскую. Яны — профі ў белых халатах, — дзеліцца загадчыца аддзялення. Узгадвае малодшых медыцынскіх сясцёр Ларысу Званковіч, Ніну Чорную, Святлану Бяліцкую, Валянціну Пілінога, Людмілу Тарлюк, Людмілу Байрашэўскую, Валянціну Дуброўскую, Наталлю Дземідовіч, Святлану Буйко, сястру-гаспадыню Таццяну Несцяровіч, раздатчыцу Марыну Валуй. Усе разам яны — высокакваліфікаваны калектыў.

Васілій Гарбачоў: праверка слыху

На ўвесь раён такі адзін. Гэта пра оталарынголага райбальніцы Васілія Гарбачова. На працягу больш як 20 гадоў менавіта яму ”давяраем” свае вушы, нос, горла. Такая вольнасць, як паказаць урачу язык, — не толькі дазваляецца, але і патрабуецца ў кабінеце ЛОР-урача.
Доктар маленькіх пацыентаў супакоіць. З дарослымі іншая методыка — усё больш сур’ёзна, але без усялякага панікёрства.
Канешне, урачэбныя маніпуляцыі ў ЛОР-кабінеце не назавеш прыемнымі, аднак Гарбачоў ведае, як зменшыць боль — і словамі падтрымкі, і выдатным валоданнем медыцынскімі інструментамі. Дарэчы, апошнія 2 гады дыягностыка стала больш дакладнай, хуткай, дзякуючы новаму сучаснаму абсталяванню і інструментам, якімі аснашчана працоўнае месца оталарынголага. Васілій Віктаравіч — запатрабаваны і аўтарытэтны доктар, і сярод калег ён у пашане. Нездарма медработнікі раёна не першы раз выбіраюць яго сваім прафсаюзным лідарам.

Ірына Волкава па жыцці выдатніца: у свой час з залатым медалём закончыла школу, у медінстытуце таксама вучылася на выдатна і ў якасці маладога спецыяліста пастаянна самаўдасканальвалася ў прафесіі, прадаўжала медыцынскую адукацыю — закончыла ардынатуру.
З першых гадоў яе работы ў Ляхавіцкай райбальніцы ў якасці ўрача-эндакрынолага, а потым і тэрапеўта многія імкнуліся трапіць на прыём менавіта да доктара Волкавай. Хутка разнеслася па раёне: Ірына Віктараўна — граматны і высокакваліфікаваны спецыяліст, уважлівы, спагадлівы чалавек. Такой жа ўпэўненай ў сабе і сваіх ведах і навыках, мэтанакіраванай, міласэрнай яна засталася і цяпер — урачом, якому шчыра давяраюць пацыенты. Нам надзвычай пашанцавала, што яна — наша.
«Дзякуй доктару Волкавай», — як часта паўтараецца гэта фраза і ў пісьмах нашых чытачоў, і падчас тэлефанаванняў у рэдакцыю. Далучаемся: дзякуй, доктар Ірына Віктараўна!


Матэрыялы падрыхтавала Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *