З удзячнасцю і з праблемамі. З рознымі звяртаюцца ляхавічане да сваіх дэпутатаў

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Жалнерчык пастаянна на сувязі са сваімі выбаршчыкамі. У мінулы чацвер дэпутат Парламента працавала ў Баранавіцкай сельскай выбарчай акрузе № 7. У тым ліку быў праведзены асабісты прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб у Ляхавіцкім райвыканкаме.

Разам з дэпутатам Парламента працаваў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса.

Як адзначыла Людміла Жалнерчык, жыхароў Ляхавіччыны найбольш хвалюе актуальная для многіх тэма – стан дарог. Апошнім часам з’явіліся пытанні пра магчымасць пераводу дамоў на электрычнае ацяпленне. Ляхавічане цікавяцца, ці вытрымае энергетычная сістэма раёна такую нагрузку.

– Большасць уздымаемых жыхарамі Ляхавіччыны тэм добра вядома раённай уладзе, якая працуе над іх вырашэннем. Па магчымасці падключаюся і дапамагаю. Прыемна, калі знаходзіцца выйсце, што задавольвае ўсе бакі, – адзначыла Людміла Жалнерчык.

Сказанае пацвердзіў і званок, што паступіў падчас прамой тэлефоннай лініі, якую ў гэты ж дзень правяла дэпутат Палаты прадстаўнікоў. Прычым гэта была не просьба аб дапамозе, а ўдзячнасць за паспяховае вырашэнне набалелага пытання.

– Ад імя жыхароў вуліцы Дзесюкевіча ў райцэнтры звярнулася гараджанка, якая папрасіла разгледзець магчымасць змянення маршруту гарадскога аўтобуса, каб ён не абмінаў вуліцу Дзесюкевіча, маўляў, тут жыве нямала людзей сталага ўзросту, якім цяжка пешшу хадзіць у цэнтр горада ці ў тую ж бальніцу. Пытанне вырашана. Выказваю падзяку аўтапарку горада Баранавічы і раённай уладзе за разуменне і дапамогу. Неабходна, якім бы складаным ні здавалася вырашэнне праблемы, шукаць кампрамісы і прымаць рашэнне на карысць чалавека, – падкрэслівае Людміла Жалнерчык.

Яшчэ адзін тэлефонны званок прагучаў з вёскі Мінічы. Жыхар вуліцы Ціхай расказаў, што ў гэтым населеным пункце адбылася замена старых электрычных слупоў на новыя, а на іх вуліцы так і засталіся колішнія. Па словах вяскоўца, перыядычна ўзнікаюць праблемы з падачай электрычнасці. Пытанне патрабуе вывучэння.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.