Жніво патрабуе бяспекі. Карэспандэнт «ЛВ» адправіўся ў рэйд

Напэўна, кожны разумее, якая велізарная праца штогод укладваецца ў вырошчванне хлеба: спачатку пасеяць збожжа, яго апрацоўваць, каб у выніку сабраць ураджай. Але калі без належнай увагі адносіцца да правілаў пажарнай бяспекі, то вынікі працы і тэхніка ў лічаныя хвіліны могуць быць знішчаны агнём. Карэспандэнт «ЛВ» разам з першым намеснікам начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Кірылам Красоўскім і галоўным спецыялістам райсельгасхарчу Сяргеем Шушпаннікавым адправіўся ў рэйд па месцах уборкі і перапрацоўкі ўраджаю.

 У гэты дзень наведалі чатыры сельгаспрадпрыемствы раёна: ЗАТ «Белпрампрыбор», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», «Нача» і «Жарабковічы».

– Бясспрэчна, уборка ўраджаю – пара хвалюючая і адказная. Асабліва для аграрыяў. Аднак падчас работы нельга забываць пра выкананне правілаў пажарнай бяспекі. Лепшы варыянт – калі ўборачная пройдзе без здарэнняў. Калі ж узнікне надзвычайная сітуацыя, пад рукой павінны быць усе сродкі, а работнікі – валодаць дастатковымі ведамі, каб у самы кароткі тэрмін яе ліквідаваць, – гаворыць Кірыл Красоўскі.

Пры праверцы асаблівую ўвагу звярталі на стан уборачнай тэхнікі, наяўнасць падцёкаў масла і паліва, некалібраваных засцерагальнікаў, своечасовую чыстку тэхнікі ад назапашвання на ёй згаральных матэрыялаў, забяспечанасць камбайнаў першаснымі сродкамі пажаратушэння.

На зернятоках надавалася ўвага такім момантам, як укамплектаванасць супрацьпажарных шчытоў, наяўнасць ёмістасцяў з вадой. Бо, як адзначыў Кірыл Красоўскі, парушэнне тэхналагічнага рэгламенту часам прыводзіць да загарання ўнутры збожжа, вываду са строю дарагога абсталявання і, часам, знішчэння ўсяго механізаванага комплексу.

– Праца ў любую пару года павінна быць без траўматызму. У перыяд уборачнай кампаніі з 14 па 20 ліпеня ў раёне праходзіў «Тыдзень нулявога траўматызму». З пачатку ўборачных работ у раёне шэраг сумесных мерапрыемстваў правялі РАНС і райсельгасхарч. Гэта маніторынгі на прадмет гатоўнасці аб’ектаў і тэхнікі да ўборачнай, па пытаннях выканання правілаў пажарнай бяспекі, у тым ліку ў вячэрні і начны час, – гаворыць галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Сяргей Шушпаннікаў.

Пачынаем рэйд з візіту ў ЗАТ «Белпрампрыбор». На жаль, не абышлося без заўваг. На зернесушылках адсутнічала сістэма зазямлення, знойдзены месцы працякання паліва, а ў месцах уборкі рапсу не арганізавана дзяжурства членаў добраахвотнай пажарнай дружыны. Адпаведныя рэкамендацыі накіраваны ў гаспадарку.

За працай заспяваем камбайнераў ЗАТ «Белпрампрыбор» Аляксандра Дубіну і Мікалая Сокала. Камбайн укамплектаваны па ўсіх правілах, аднак Кірыл Красоўскі яшчэ раз нагадаў механізатарам пра парадак выкарыстання першасных сродкаў пажаратушэння і пра дзеянні ў выпадку ўзнікнення пажару.

У ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» і ААТ «Жарабковічы» ў правяраючых не было ніякіх пытанняў.

А вось у ААТ «Нача» таксама адправяцца рэкамендацыі.

– Падчас праверкі выяўлена, што ў месцах уборкі збожжавых паблізу вёскі Перахрэсце не было арганізавана дзяжурства пажарнай каманды. У поўнай меры не ўкамплектаваны сродкамі першаснага пажаратушэння зернесушыльныя комплексы ў аграгарадку Нача. На тры комплексы мелася тры парашковыя вогнетушыцелі з патрэбных шасці. Таксама аператарам варта яшчэ раз паўтарыць нумары тэлефонаў экстранных службаў, – адзначае Кірыл Красоўскі.

Усім трэба памятаць, што выкананне правілаў пажарнай бяспекі – жыццёва важнае пытанне. Для працаўнікоў сельскай гаспадаркі адказнасць удвая большая: не толькі за сябе і тое, што навокал, але і харчовую бяспеку краіны.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.