За вітрынай магазіна.У апошнюю нядзелю ліпеня ў нашай краіне адзначаецца Дзень работнікаў гандлю

Свята аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных прафесій. Яго адзначаюць прадаўцы, касіры, маркетолагі, грузчыкі і повары, загадчыкі магазінаў – усе, дзякуючы каму набыццё пакупак становіцца камфортным і прыемным. Дарэчы, свята ўпершыню адзначалася ў Савецкім Саюзе ў 1966 годзе – 55 гадоў назад.

На гандлёвым полі Ляхавіччыны апошнім часам адбываюцца істотныя змены. Нядаўна, напрыклад, закрыўся папулярны ў землякоў магазін «Верас». Днямі на яго плошчах размясціўся дыскаўнтар «Хіт! Экспрэс». А замест «Вераса» ў Галаўнінцах месціцца магазін «Вясна». Перамены адбыліся і па адрасе вуліца Юбілейная, 19. Раней тут быў магазін «Юбілейны» (ТАА«Трансэлектракамплект»), а з сярэдзіны ліпеня пакупнікоў запрашае прыватная крама «Мясны пачастунак». Замест будаўнічага мага-зіна ІП Дуганавай цяпер працуюць «На сувязі» і «МТС». 

Папоўніўся і асартымент гандлёвых кропак, дзе пераважае прамысловы тавар. У першую чаргу, гэта магазіны сеткі «Тры цаны» (іх у нашым горадзе ўжо два). У «Доме гандлю» пакупнікоў запрашае гандлёвы аб’ект «Тэкстыль для дома «Салодкі сон».

А па вёсках раёна раз’язджае прыватны магазін на колах «Мясны смак».Адкрыўся сёлета і гандлёвы цэнтр «МАЯК» па вуліцы 17 Верасня. Там зараз знаходзяцца некалькі крамаў: «БелБланк», «Пятруха», «Тры цаны»,«Новы стыль», «Абутак». Напэўна, ужо знайшлі сваіх прыхільнікаў і два новыя аб’екты грамадскага харчавання: «Кухня» і «Мота-кропка».

– Па даных гандлёвага рэестра Рэспублікі Беларусь, на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна зарэгістраваны 263 рознічныя гандлёвыя аб’екты, з іх 66 – у сельскай мясцовасці, 15 – грамадскага харчавання. Расклад наступны: 135 магазінаў (з іх –110 крокавай даступнасці), 58 неізаляваных аб’ектаў, 31 павільён, дзесяць кіёскаў,13 аўтамагазінаў, тры гандлёвыя аўтаматы, дзевяць аптэк, чатыры інтэрнэт-магазіны. Таксама ў нас ёсць універсальны рынак на 68 гандлёвых месцаў і два гандлёвыя цэнтры. Свае аб’екты маюць гандлёвыя сеткі «Родны кут», «Еўраопт», «Дабраном», «Санта», «Востраў чысціні», «Міла», «Суседзі», «Беларуснафта», «БелБланк», «На сувязі». Ахоп насельніцтва раёна сеткай стацыянарных і перасоўных гандлёвых кропак складае 100 працэнтаў, – расказвае начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Людміла Матчэня.

Можна нават не праводзіць сацыялагічнае даследаванне, відавочна, што найбольш папулярныя ў ляхавічан і гасцей райцэнтра магазіны «Усходні», «Еўраопт» і «Хіт», «Суседзі», «Санта», «Капеечка». Хаця не абыходзяць увагай землякі і райпоўскія крамы «Родны кут», з прамысловых – «Гаспадарчыя тавары».

Увогуле, гандлёвую сетку раёна па прыналежнасці можна падзяліць на тры часткі: раённага спажывецкага таварыства, прыватнай формы ўласнасці, фірменны гандаль. Апошні прадстаўлены нязначна – толькі адзін магазін «Птушка» (ААТ «Баранавіцкая птушкафабрыка»). Як адзначыла Людміла Матчэня, куды больш прадстаўнічы ўклад мае райпо: 60 магазінаў, з якіх 42 – у аграгарадках і вёсках, а ў 95 населеных пунктаў, дзе няма стацыянарных магазінаў, не менш за тры разы на тыдзень прыязджаюць аўталаўкі.

Істотная канкурэнцыя ў асартыменце, цане, абслугоўванні толькі на карысць пакупніку, які можа выбраць, дзе яму больш выгадна і зручна купляць тыя ці іншыя тавары. Першачарговая пакупніцкая ўвага звяртаецца на якасць прадукцыі, кошт, сістэму скідак, культуру абслугоўвання, месца знаходжання, выкладку тавару, санітарны стан гандлёвай кропкі, асартыментны пералік, формы аплаты за тавар і іншыя важныя акалічнасці.

– Гэта галіна эканомікі надзвычай важная і працуе ў пазітыўным ключы. Зараз мы маем дастаткова багаты выбар тавараў, чаму садзейнічае актыўная маркетынгавая палітыка гандлёвых аб’ектаў – многа акцый, распродажаў. На гандлёвых аб’ектах укараняюцца новыя формы і метады абслугоўвання. Аб’екты гандлю – гэта не толькі продаж тавараў, але і стварэнне новых працоўных месцаў, – адзначае Людміла Матчэня.

Усім, хто заўтра будзе адзначаць сваё прафесійнае свята, «ЛВ» жадае росту продажаў і задаволеных кліентаў.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.