Пуцёўка на адпачынак. На Ляхавіччыне з кожным годам усё больш магчымасцей для якаснага і запамінальнага адпачынку

Самая цёплая пара года – доўгачаканая і любімая. Гэта выдатны час адпачыць, набрацца сіл і ўмацаваць здароўе.Тым больш магчымасцей для якаснага і запамінальнага адпачынку з кожным годам усё больш.

Дзеці спяшаюцца ў лагер

Адным з самых папулярных і запатрабаваных дзіцячых варыянтаў сумеснага правядзення вольнага часу з’яўляюцца летнікі, на Ляхавіччыне – аздараўленчы лагер «Чайка». Сёлета тут арганізаваны тры звычайныя змены (у кожнай па 75 дзяцей) і спартыўная, на якой плануецца 46 адпачывальнікаў. Сярэдні кошт пуцёўкі – 116 рублёў, 89 рублёў на патанненне пуцёўкі выдаткоўваецца са сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

Усяго ў Брэсцкай вобласці 21 стацыянарны аздараўленчы лагер, які мае розную ведамасную прыналежнасць.

Усе летнікі прытрымліваюцца распрацаваных рэкамендацый па прафілактыцы распаўсюджвання COVID-19. У прыватнасці, штодзённы кантроль за станам здароўя, абавязковае вільготнае прыбіранне з выкарыстаннем дэзынфіцыруючых сродкаў. Забаўляльныя праграмы праводзяцца такім чынам, каб выключыць знаходжанне вялікай колькасці дзяцей у адным месцы. Перавага аддаецца мерапрыемствам на свежым паветры.

Штогод на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і падрыхтоўку лагераў накіроўваюцца фінансавыя сродкі. У 2021 годзе ў Ляхавіцкім раёне выдаткавана 9035 рублёў, з якіх 2535 рублёў – з рэспубліканскага бюджэту, 6500 – раённага. Створаны ўсе ўмовы,каб рабятам было камфортна, утульна і бяспечна. 

Дарослым таксама патрэбны адпачынак

Адны плануюць правесці доўгачаканы водпуск у цёплых краях, другія аддаюць перавагу вандроўкам па Беларусі, іншыя спяшаюцца на дачы. Нямала і прыхільнікаў паправіць здароўе і набрацца энергіі ў санаторыях і прафілакторыях. Каб атрымаць туды пуцёўку, неабходна падаць пісьмовую заяўку ў камісію па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні па месцы працы, службы ці вучобы або ў прадстаўніцтвы рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні па месцы жыхарства. Таксама абавязкова патрэбна медыцынская даведка аб стане здароўя, якая вызначае неабходнасць у такога кшталту лячэнні і пацвярджае адсутнасць супрацьпаказанняў. Пенсіянеры, акрамя даведкі, прадастаўляюць пенсійную кнігу, у якой ёсць штамп «ветэран працы». Жадаючыя забяспечваюцца пуцёўкамі ў парадку чарговасці, сфарміраванай па даце падачы заяўкі. Абавязкова ўлічваюцца інтарэсы тых, хто мае права на пазачарговае бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне.

Пуцёўкі працуючым грамадзянам выдаюцца па месцы працы за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання; ваеннаслужачым, супрацоўнікам міліцыі, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, фінансавых расследаванняў – па месцы службы за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, як, дарэчы, і студэнтам, навучэнцам, якія атрымліваюць адукацыю на дзённай форме навучання. Непаўналетнім выдзяляецца пуцёўка па месцы працы, службы ці вучобы аднаго з бацькоў ці асоб, што іх замяняюць. Такое права гарантавана і грамадзянам, якія самастойна плацяць узносы ў ФСАН, у тым ліку індывідуальным прадпрымальнікам.

Памер платы за пуцёўку вызначаецца на падставе даведкі аб памеры сярэднямесячнага фінансавага даходу (заработнай платы, пенсіі, стыпендыі) атрымальніка пуцёўкі за 12 каляндарных месяцаў, якія папярэднічаюць месяцу яе выдачы, і даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта аб памеры налічанай сярэднямесячнай зарплаты работнікаў Беларусі за пазамінулы месяц адносна выдачы пуцёўкі. У перыяд заезду з 1 лістапада па 30 красавіка атрымальнікі пуцёўкі аплачваюць ад 15 да 85 працэнтаў ад агульнага кошту пуцёўкі, а з 1 мая па 30 кастрычніка – ад 20 да 90 працэнтаў.

За шэсць месяцаў гэтага года ў санаторыях і прафілакторыях аздаравіліся больш за 180 жыхароў раёна, у тым ліку ветэраны працы, якія не працуюць, інваліды. Сярод землякоў найбольш запатрабаваны санаторыі «Ружанскі», «Радон», «Алеся», «Брэстаграздраўніца», «Буг», «Надзея», «Случ», «Сасновы бор», «Чабарок» і іншыя.

Больш падрабязную інфармацыю можаце атрымаць у нашым прадстаўніцтве, якое знаходзіцца па адрасе: г. Ляхавічы, пл. Леніна,1. Тэлефануйце па нумары 6-45-75. Графік работы: панядзелак, серада, пятніца з 8.30 да 12.30, аўторак, чацвер з 13.30 да 17.30.

Валянціна ЮРЛЕВІЧ, вядучы спецыяліст прадстаўніцтва Брэсцкага абласнога ўпраўлення па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Ляхавіцкага раёна.