Без маскі не купіш. Незахаванне масачнага рэжыму — недапушчальна

Пандэмія, каранавірус, маскі, лакдаўн, дыстанцыя, антысептыкі, вакцына, прышчэпкі – гэтыя словы трывала ўвайшлі ў наша жыццё. За паўтары гады чалавецтва навучылася суіснаваць з кавідам.

Сярод абавязковых умоў – масачны рэжым і дыстанцыраванне. Маскі абавязковыя ва ўсіх установах і арганізацыях. У магазінах без маскі тавар табе не прададуць, інакш прадавец заплаціць штраф з уласнай кішэні за пакупніка, які не выконвае правілы.

Паступова мы прывыклі да такога рэжыму. На жаль, знаходзяцца і тыя, хто не жадае падпарадкоўвацца агульнапрынятым правілам. І ў нашым раёне пачасціліся выпадкі, калі на законнае патрабаванне прадаўца надзець маску, пакупнік пачынае хаміць, кідаць ці псаваць неаплачаны тавар… Вынік – сапсаваны настрой, а ў прадаўца яшчэ і праблема, хто разлічыцца за такі тавар.

– Адназначна, такая сітуацыя недапушчальная. Правялі нараду, на якую запрасілі прадстаўнікоў райЦГіЭ і суб’ектаў гандлю, бытавога абслугоўвання. Выпрацавалі агульнае рашэнне. У яго аснове аксіёма – без маскі наведвальнікаў крамаў абслугоўваць не будуць. Калі ж пакупнік павядзе сябе агрэсіўна, не разлічыцца за тавар ці абразіць прадаўца, суб’ект гаспадарання выклікае міліцыю, дэбашыр будзе прыцягнуты да адказнасці, – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран.

– Нагадаю, што згодна з пунктам 41.1 Санітарных нормаў і правілаў, з мэтай папярэджання распаўсюджвання COVID-19 можа быць абмежаваны доступ грамадзянам на аб’екты гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, транспарту і г. д без выкарыстання сродкаў індывідуальнай абароны. Калі магазіны не выконваюць патрабаванні СанНіП, яны могуць быць закрыты, – падкрэслівае ўрач-эпідэміёлаг райЦГіЭ Васілій Скараход.