У Тухавіцкай урачэбнай амбулаторыі пацыенты атрымліваюць медыцынскія паслугі з камфортам

Калектыў Тухавіцкай урачэбнай амбулаторыі на чале з Галінай Магер (крайняя злева).

Тухавіцкая ўрачэбная амбулаторыя лічыцца адной з лепшых падобных медустаноў раёна. Летась за кошт сродкаў раённага бюджэту ў яе будынку праведзены рамонт, і цяпер атрымаць неабходны комплекс медыцынскіх паслуг можна з камфортам. Пры амбулаторыі дзейнічае дзённы стацыянар на 4 ложкі. У адным будынку размешчана і аптэка, што для мясцовых жыхароў, зразумела, даволі зручна. Але галоўнае, што калектыў тут хоць і невялікі (усяго 10 чалавек — урач агульнай практыкі, памочнік урача, медсёстры, акушэрка, лабарант, санітаркі, вадзіцель), але высокапрафесійны, добразычлівы і спагадлівы. Шмат гадоў кіруе ім вопытнейшы доктар Галіна Магер, чый працоўны стаж складае 4 з паловай дзесяцігоддзі. Амбулаторыя абслугоўвае тэрыторыю ў радыусе 17 кіламетраў — 11 населеных пунктаў з насельніцтвам каля 2 тысяч чалавек (амаль палова — у саміх Тухавічах). Штотыдзень тухавіцкія медыкі выязджаюць на прыём у Востраў і іншыя навакольныя вёскі. І заўсёды іх чакаюць з нецярпеннем — для вяскоўцаў, якім да горада няблізкі свет, яны — самая хуткая і кампетэнтная дапамога.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *