Адказны падыход да вады. Купанне і алкаголь -несумяшчальныя

Спякотным летам многія аддаюць перавагу адпачынку ля вадаёма. Аднак такі адпачынак можа завяршыцца трагедыяй. Многія забываюць, што ўжыванне спіртнога, а таксама купанне ў забароненых месцах могуць прывесці да траўмаў або гібелі.

З пачатку купальнага сезона ў Брэсцкай вобласці загінулі 20 грамадзян, у гэтым сумным спісе і Ляхавіцкі раён.

Знаходзячыся ў месцах (зонах) масавага адпачынку, ля вадаёмаў нельга распіваць алкагольныя, слабаалкагольныя напіткі і піва, а таксама знаходзіцца ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення.

Толькі з пачатку купальнага сезона рэйдавыя групы супрацоўнікаў РАУС за парушэнне арт. 19.3 КоАП Рэспублікі Беларусь у месцах масавага адпачынку і ля вадаёмаў прыцягнулі да адказнасці 14 грамадзян, двое з якіх на момант учынення правапарушэння з’яўляліся непаўналетнімі.

Адпачываць ля вады лепш у спецыяльна абсталяваных для гэтага месцах. У Ляхавіцкім раёне яны размешчаны на рацэ Ведзьме ў Ляхавічах і аграгарадку Дарава. Для бяспенага адпачынку
грамадзян перад пачаткам купальнага сезона тут былі абсталяваны пляжы, навесы, даследавана дно і ўбраны староннія прадметы, адпаведнымі службамі вядзецца пастаянны маніторынг за станам вады, працуюць выратавальныя пасты.

У месцах, забароненых для купання, такія мерапрыемствы па забеспячэнні бяспекі для купальшчыкаў не праводзяцца.

Рэйдавыя групы супрацоўнікаў РАУС не пакідаюць без увагі і тых, хто парушае арт. 24.42 КоАП Рэспублікі Беларусь (купанне ў забароненых месцах рэк, азёр ці іншых вадаёмах). Ужо дзесяць такіх парушальнікаў трапілі ў поле зроку міліцыі. Акрамя гэтага, выяўлены чацвёра непаўналетніх, якія не дасягнулі 14-гадовага ўзросту і купаліся мала таго што ў забароненым месцы, а і без суправаджэння дарослых. Такія безадказныя адносіны да бяспекі непаўналетніх могуць завяршыцца бядой.

Парушэнне арт. 24.42 КоАП Рэспублікі Беларусь цягне накладанне штрафу ў памеры ад адной да трох базавых велічынь.

Віталій ДАБРАЧЫНСКІ, начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС.