Пра прафесійнае пенсійнае страхаванне

З 1 студзеня 2009 года згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб прафесійным пенсійным страхаванні» за работнікаў, занятых у асаблівых умовах працы і асобнымі відамі прафесійнай дзейнасці, работадаўцы абавязаны выплачваць узносы на прафесійнае пенсійнае страхаванне. Выплачаныя работадаўцам узносы ўлічваюцца Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва на прафесійнай частцы індывідуальнага асабовага рахунка застрахаванай асобы, фарміруюць прафесійны стаж і выкарыстоўваюцца ў далейшым для выплаты застрахаванай асобе датэрміновай або дадатковай прафесійнай пенсіі.

Пачынаючы з верасня 2013 года, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 441 «Аб некаторых пытаннях прафесійнага пенсійнага страхавання і пенсійнага забеспячэння» работнікам, якія падлягаюць прафесійнаму пенсійнаму страхаванню, у якіх спецыяльны стаж работы да 1 студзеня 2009 года складае менш за палову неабходнага для назначэння пенсіі па ўзросце за работу з асаблівымі ўмовамі працы або пенсіі за выслугу гадоў у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб пенсійным забеспячэнні», па іх выбары прадастаўляецца права на прафесійнае пенсійнае страхаванне або на штомесячную даплату да заработнай платы ў памеры, які вызначаецца работадаўцам, але не менш за суму ўзносаў на прафесійнае пенсійнае страхаванне работніка, належных да выплаты ў бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з заканадаўствам, на падставе пісьмовай заявы работніка.

Пры жаданні застрахаваная асоба можа адмовіцца ад даплаты і зноў прадоўжыць фарміраваць працоўны стаж. Даплата, як і выплата ўзносаў на прафесійнае страхаванне, ажыццяўляецца да дасягнення работнікам агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту.

Права на датэрміновую прафесійную пенсію ўзнікае раней дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту. Калі, напрыклад, мужчына працуе трактарыстам-машыністам сельскагаспадарчай вытворчасці (падпункт 1.5 пункта 1 артыкула 11 Закона аб ППС), то пры прафесійным стажы не менш за 20 гадоў і стажы працы не менш за 25 гадоў права на датэрміновую прафесійную пенсію ўзнікае раней дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту на 5 гадоў. Пры вызначэнні права на датэрміновую прафесійную пенсію могуць улічвацца перыяды работы з асаблівымі ўмовамі працы да ўступлення ў сілу Закона аб ППС (да 1 студзеня 2009 года), для якой Законам Рэспублікі Беларусь «Аб пенсійным забеспячэнні» прадугледжаны аналагічныя або больш ільготныя ўмовы выхаду на працоўную пенсію па ўзросце.

Разлічваецца датэрміновая прафесійная пенсія шляхам дзялення сумы пенсійных зберажэнняў, улічаных на прафесійнай частцы асабістага рахунка застрахаванай асобы, на колькасць месяцаў датэрміновага пенсійнага перыяду.

НАПРЫКЛАД: у 2020 годзе агульнаўстаноўлены пенсійны ўзрост для мужчын складае 62 гады, права на датэрміновую прафесійную пенсію ў мужчын, якія працуюць трактарыстамі-машыністамі сельскагаспадарчай вытворчасці, са зніжэннем узросту на 5 гадоў, узнікае пры дасягненні імі 57 гадоў.

Такім чынам, калі ў ліпені 2020 года мужчына 1963 года нараджэння звярнуўся за назначэннем датэрміновай прафесійнай пенсіі, а на момант звароту сума пенсійных зберажэнняў склала 9000 рублёў, то памер пенсіі складзе 150 рублёў (9000 рублёў/ 60 месяцаў (5 гадоў)).

У выпадку, калі застрахаваная асоба звернецца за назначэннем датэрміновай прафесійнай пенсіі раней дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту на 2 гады, то, маючы такія ж пенсійныя зберажэнні, памер пенсіі складзе 375 рублёў (9000 рублёў/ 24 месяцы (2 гады)).

Неабходна ўлічваць, што датэрміновая прафесійная пенсія ў выпадку занятасці застрахаванай асобы на працоўным месцы з асаблівымі ўмовамі працы не выплачваецца.

Калі чалавек не скарыстаўся правам выхаду на датэрміновую пенсію, то пры дасягненні агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, згодна з артыкулам 17 Закона аб ППС, застрахаванай асобе, маючай пенсійныя зберажэнні на прафесійнай частцы індывідуальнага асабістага рахунка, можа быць назначана дадатковая прафесійная пенсія. Пенсія ўстанаўліваецца ў памеры бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, дзеючага ў месяцы, за які яна выплачваецца, зыходзячы з сумы пенсійных зберажэнняў, што ёсць на прафесійнай частцы асабістага рахунка на дзень назначэння пенсіі, і выплачваецца незалежна ад атрымання якіх-небудзь іншых пенсій і даходу.

НАПРЫКЛАД: чалавек дасягнуў агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту (у 2020 годзе для мужчын гэта 62 гады, для жанчын – 57 гадоў) і ў снежні 2020 года звярнуўся за назначэннем дадатковай прафесійнай пенсіі. Сума пенсійных зберажэнняў на момант звароту склала 5000 рублёў. Бюджэт пражытачнага мінімуму за снежань склаў 258,11 рубля. Перыяд выплаты данай пенсіі складае 19 месяцаў (5000 рублёў/ 258,11 рубля). Гэта значыць, назначаная пенсія будзе выплачвацца чалавеку ў памеры 258,11 рубля на працягу 19 месяцаў дадаткова да пенсіі па ўзросце. Пры змяненні БПМ памер (часам і перыяд выплаты) адпаведна мяняецца.

Кацярына Навагран, начальнік Ляхавіцкага раённага аддзела ФСАН.