Клопат пра памяць. Работы па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні помнікаў, абеліскаў, мемарыяльных комплексаў героям і ахвярам Вялікай Айчыннай вайны вядуцца на Ляхавіччыне

Маўклівымі нязменнымі вартавымі, сімваламі бясстрашнасці, болю і жалю ўсталі на беларускай зямлі помнікі, абеліскі, мемарыяльныя комплексы героям і ахвярам Вялікай Айчыннай вайны.

На Ляхавіччыне шмат напамінаў у граніце пра герояў, падзеі тых часоў. Зоркі на помніках і абелісках не згаснуць ніколі, бо іх запалілі цаною жыцця тыя, хто не толькі адстаяў свабоду і незалежнасць краіны, сваіх родных, але і вызваліў свет ад фашызму. Кожнае з гэтых месцаў захоўвае сваю гісторыю. І мы, нашчадкі, абавязаны не толькі памятаць, але і клапаціцца пра памяць.

А клопат не абмяжоўваецца ўшанаваннем ветэранаў. Да помнікаў і абеліскаў, брацкіх магіл і адзіночных пахаванняў не зарастаюць сцяжынкі, сюды як даніну павагі нясуць вянкі і кветкі. Тут праходзяць вахты памяці і мітынгі, урачыстыя зборы і патрыятычныя эстафеты. У гонар Перамогі і вызваліцеляў высаджваюцца дрэўцы ў скверах і парках. Мы, нашчадкі салдатаў Перамогі, павінны ведаць ваенную гісторыю свайго краю і падтрымліваць парадак на брацкіх магілах. Вядуцца работы па рэстаўрацыі, рамонце і аднаўленні памятных знакаў. На Ляхавіччыне гэтаму надаецца вялікая ўвага. Прычым такога кшталту акцыі праводзяцца не толькі да знамянальных
дат – Дня Перамогі, Дня ўсенароднай памяці ахвяр фашызму, дня вызвалення Ляхавіцкага раёна ад гітлераўцаў. Яны – на пастаяннай аснове. Прымаюць удзел у мерапрыемствах школьнікі, каляджане, працоўныя калектывы, грамадскія арганізацыі, вяскоўцы і гараджане. Талакой любая справа лепш і хутчэй робіцца.

Адзін толькі прыклад: узяліся разам – і да сёлетняга Дня Перамогі гераічнае месца на Ляхавіцкай зямлі – Курган Славы – сустрэў землякоў 9 мая ўпарадкаваным, прыбраным, памаладзелым.
І работы па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні ў раёне прадаўжаюцца, у тым ліку на Кургане Славы.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.