Святочны экспрэс завітаў у Тухавічы. Свята вёскі «Па-суседску мы жывём» прайшло ў Ляхавіцкім раёне

У мінулую суботу нашы Тухавічы фестывалілі – адзначалі любімае літаральна ўсімі землякамі традыцыйнае свята вёскі «Па-суседску мы жывём».

З самай раніцы наваколле было напоўнена добрым настроем, усмешкамі і адчуваннем дзівосаў. Мы, культработнікі, стараліся распрацаваць сцэнарый і арганізаваць мерапрыемства так, каб спадабалася кожнаму, каб не забыць усіх галоўных дзеючых асоб важных вясковых падзей. І вельмі ўдзячны аднавяскоўцам, якія актыўна ўдзельнічалі ў свяце. Увогуле панавала сяброўская атмасфера ў аздабленні музыкі і шчырых слоў.

Многія жыхары Тухавічаў і бліжэй-шых вёсак працавалі і працуюць на ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі». Шчыра, пранікнёна павіншаваў землякоў са святам дырэктар торфабрыкетнага завода Уладзімір Гунько.
Далей пачаўся сапраўдны віншавальна-ўшанавальны ланцужок. 2021 год аказаўся надзвычай шчодрым на шыкоўныя юбілеі. Залатое вяселле сёлета адзначаюць чатыры тухавіцкія пары: Анатолій і Марыя Сыцько, Іван і Ніна Лук’янчыкі, Валянцін і Любоў Васільевы, Сцяпан і Лілія Вашчулы. Сярэбраным вяселлем пазначаны год у сям’і Мікалая і Наталлі Філіповічаў. Кожная пара атрымала ў свой адрас цёплыя пажаданні шчасця, здароўя і яшчэ доўгіх сумесных гадоў жыцця і, канешне ж, падарункі.

Як заўжды, асаблівая ўвага і пашана –тухавіцкім аксакалам. На гэты раз усе авацыі старажылу Тухавічаў Разаліі Дубіне, якая выхавала шасцярых дзяцей, мае 11 унукаў, 17 праўнукаў і семярых прапраўнукаў. А жыццёвы шлях самай маленькай вяскоўкі Сафіі Малевіч толькі-толькі пачынаецца. Землякі пажадалі малышцы ўсяго найлепшага.

Цікава прагучаў расказ пра захапленні землякоў. Напрыклад, якіх толькі кветак няма ў падворках Марыі Дыдышка, Ганны Івановай, Надзеі Дубіны. Гэтыя гаспадыні адзначаны ў намінацыі «лепшыя кветкаводы». Знайшлі сваіх лаўрэатаў і намінацыі «лепшае падвор’е», «юнацтва», «з любоўю да песні» і іншыя.

Упрыгажэннем сёлетняга свята вёскі стала выступленне ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Дараўскага СДК, у тым ліку народнай эксперыментальнай вакальнай групы «Берагіня». А заключным акордам прагучала-пратанцавала вячэрняя дыскатэка.

Алена АБРАМАВА, загадчык Тухавіцкага СДК.