Май і мы салютуем Перамозе

Светлы да святасці, узнёсла-ўрачысты, аднак, і з пачуццём суму ў глыбінях душы гэты дзень 9 Мая. Быў, ёсць, будзе.
Шэсць з паловай дзесяткаў гадоў споўнілася сёлета Вялікай Перамозе. Яе веліч, значнасць для ўсяго свету мацнее з кожным наступным вітком календара. Нізкі паклон вам, салдаты Вялікай Айчыннай!
За два дні да слаўнай даты ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай, ветэранаў ушаноўвалі ў раённым выканаўчым камітэце. Тым з іх, хто не атрымаў узнагароду раней, былі ўручаны юбілейныя медалі «65 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў». Узнагароды ўручаў старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук. Кожны ўзнагароджаны таксама атрымаў віншавальны адрас ад старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара: «Ад імя Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта і мяне асабіста прыміце самыя сардэчныя віншаванні з дарагім сэрцу святам — 65-годдзем Вялікай Перамогі! Ваш франтавы і працоўны подзвіг, перажытыя пакуты і боль з’яўляюцца для ўсіх нас сапраўдным узорам патрыятызму, мужнасці, светаразумення…» — гаворыцца ў віншаванні.
На плошчы Перамогі райцэнтра адбыўся мітынг. З ускладаннем да нядаўна адрэстаўрыраванага помніка на брацкай магіле воінаў, што загінулі падчас вызвалення Ляхавіччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, вянкоў і кветак. Павіншавалі ветэранаў, усіх ляхавічан кіраўнік раёна Дзмітрый Бурдук, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Галіна Шумілава, школьніца Марына Жабік, ваенны камісар раёна Ігар Гусак. У раўненні на ветэранаў парадным строем прайшлі вайскоўцы Узброеных Сіл краіны. Заключным акордам стала святочная праграма раённага конкурсу ваеннай і патрыятычнай песні памяці Сяргея Свянтэцкага.
У той вялікай вайне было шмат вялікіх і малых перамог. Стратэгічных, мясцовага значэння… Адну з іх — перамогу духу, як мінімум, — савецкія воіны атрымалі тут, у наваколлі і на месцы сённяшняга Кургана Славы. Па традыцыі, якой не адзін дзесятак гадоў, іменна тут адбываюцца штогадовыя раённыя ўрачыстасці ў дзень і з нагоды Вялікай Перамогі.
Сімвалізм сёлетніх урачыстасцяў у тым, што 65-я гадавіна Перамогі супала з Днём Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь. Права ўзняць Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь атрымалі дырэктар ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод” кавалер ордэна “Знак Пашаны” Леанід Лейчанка і пераможца алімпіяды Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычнае і духоўнае адзінства” вучань гімназіі Антон Мацейчык.
Адкрыццё мітынгу-рэквіема, прысвечанага Дню Перамогі, акрапіў лёгкі майскі дожджык. Як і па ўсёй краіне, у гэты час 9 мая Курган Славы пагрузіўся ў цішыню: хвіліна маўчання ў памяць загінуўшых у той вайне.
Пад залпы ўрачыстага салюта да помніка кладуцца вянкі. Ад раённага выканаўчага камітэта і райсавета дэпутатаў, працоўных калектываў прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, грамадскіх аб’яднанняў…
Да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, родных і блізкіх воінаў, што загінулі і памерлі пасля яе завяршэння, землякоў і гасцей раёна звярнуўся старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук. Ад імя райвыканкама і сябе асабіста павіншаваў са святам 65-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і Днём Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь. Дзмітрый Міхайлавіч адзначыў, што дзяржаўныя сімвалы па праву ўвасабляюць незалежнасць нашай рэспублікі.
Беларусь адзначае гістарычную дату – 65-годдзе перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Свята нязгасным сімвалам прыйшло ў кожны дом, кожную сям’ю. Нішто не здолела ў час суровых выпрабаванняў зламаць людзей, пазбавіць іх права жыць свабодна. Аднак, перамога каштавала вельмі і вельмі дорага: мільёны жыццяў былі пакладзены на яе алтар. Наш доўг перад імі – неаплатны. ”Шчасця, здароўя і дабрабыту вам і вашым сем’ям, дарагія землякі! Мірнага неба і светлай будучыні – падрастаючаму пакаленню, спакойнай і дастойнай службы – воінам Узброеных Сіл. Добрага настрою ўдзельнікам і гасцям сённяшняга свята. Са святам Вялікай Перамогі!”, – завяршыў сваё выступленне кіраўнік раёна.
Да землякоў таксама звярнуліся старшыня райсавета ветэранаў Генрых Траццяк, намеснік ваеннага камісара раёна Аляксей Навіцкі, выконваючая абавязкі першага сакратара РК ГА БРСМ Тамара Пракап’юк.
Распачатае затым тэатралізаванае прадстаўленне ўяўляла сабой гістарычную рэканструкцыю асноўных этапаў і найбольш значных момантаў Вялікай Айчыннай: напярэдадні і пачатак вайны, абарона Брэсцкай крэпасці, цяжкія адступленні першых месяцаў, партызанская вайна і гэтак далей — да майскіх дзён 1945-га і пераможных вальсаў пад акампанемент трафейных акардэонаў. Дэфіле і плац-канцэрт барабаншчыц выклікалі цёплую сімпатыю прысутных, таксама як і майстэрства юных гандбалістаў, футбалістаў, барцоў дзюдо – выхаванцаў Ляхавіцкай ДЮСШ. Раўненне ў шарэнгах і страявы крок прадэманстравалі парадныя “каробкі” воінаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Быў феерверк, а заключным салютам – і ў літаральным сэнсе таксама – у гонар 65-й гадавіны Вялікай Перамогі стала паказальнае выступленне воінаў 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, дыслацыраванай у Мар’інай Горцы.
Святкаванні-гулянні перамясціліся на сцэнічную пляцоўку і пляцоўкі спартыўныя. Была духмяная салдацкая каша, франтавікам – франтавыя 100 грамаў.
І было безліч імгненняў, напоўненых любоўю, пашанай, гонарам да пакалення пераможцаў, да подзвігу.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *