Вертыкальны злёт. У Ляхавіцкім раёне прайшоў турзлёт работнікаў апаратаў раённых органаў дзяржкіравання

Нягледзячы на тое, што спорт і спаборніцтвы, перамога ў такога кшталту гульнях не з’яўляецца прыярытэтам. Хутчэй – прыемным дадатковым бонусам. А іх дух і сіла заключаюцца ў тым, што вельмі добра збліжаюць калектыў, даюць карысны адпачынак, зарад бадзёрасці, нагоду для доўгіх успамінаў. Згадзіцеся – нямала.

«Паспяховыя людзі», «Асарці», «Прафсаюзныя перцы», «Эпіцэнтр» і некаторыя іншыя. Гэта ніякі не адвольны набор слоў, а імёны ўласныя каманд-удзельніц турыстычнага злёту работнікаў раённых органаў дзяржаўнага кіравання «Спартыўная вертыкаль-2021». Сумежная з Курганам Славы лясная паляна на мінулыя пятніцу – суботу стала вялікім турыстычным біваком. Усе разам і крэатыўна, але кожная сама сабе і ў адпаведнасці з уласным бачаннем тэмы яго разбілі сем турыстычных суполак. Што называецца, збордружынай выступілі работнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і аддзелаў эканомікі і фінансавага райвыканкама. Асобнае прадстаўніцтва мелі аддзел па адукацыі райвыканкама, прафсаюзы, гонар якіх абаранялі работнікі камунгаса і ДРБУ-200, сельвыканкамы, цэнтр забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый, упраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама і, уласна, райвыканкам.

Урачыстае адкрыццё турзлёту адбылося з удзелам старшыні райвыканкама. Мікалай Мароз назваў мерапрыемства добрым, зазначыўшы, што яго праграма ў будучым можа быць пашырана і стаць больш разнастайнай.

– Чаму б ні збірацца з сем’ямі, дзецьмі, запрашаць балельшчыкаў каманд. Не абмяжоўваць сябе ў конкурсах – можна, напрыклад, арганізаваць спаборніцтвы па футболе, гульню ў гарадкі. Месца дазваляе, – адзначыў кіраўнік раёна.

Але яшчэ да таго, як прагучаў афіцыйны дазвол на «вертыкальны злёт», многія турысты паспелі скінуць з сябе перадстартавае хваляванне, размяцца на сцежцы турыстычнай эстафеты. Яна адкрывала спартыўную частку злёту, з’яўлялася ці не самым профільным, даволі дынамічным нумарам праграмы.

У складзе шасцёркі ўдзельнікаў каманды па чарзе выходзілі на трасу выпрабаванняў. На стартавым этапе неабходна было расправіць, падняць і замацаваць палатку. Далей – пераадоленне шэрага перашкод з арсенала тэхнікі пешаходнага турызму, распальванне вогнішча і вяртанне да сваёй палаткі. Толькі на гэты раз для таго, каб зняць, прывесці палатку ў зыходнае становішча. І нарэшце – фігурная язда на веласіпедзе.

Як заўсёды і ў любых абставінах, вельмі эмацыянальна, напружана, пад дэвізам «ніхто не хацеў саступаць» праходзілі спаборніцтвы па перацягванні каната, трапнасці і цвёрдасці рукі патрабаваў конкурс «Снайпер» – стральба з пнеўматычнай вінтоўкі і дартс – кіданне дроцікаў па мішэннай устаноўцы.

Турысты спрабавалі здзівіць суддзяў злёту сваімі «квэставымі» сэлфі, частавалі свежавыпечанымі беларускімі дранікамі і іншымі прыгатаванымі ў рамках конкурсу «Гатуем разам» турыстычнымі стравамі. Конкурс бівака пад назвай «Наш утульны куточах» працягваўся, можна сказаць, увесь злёт.

Бонус у выглядзе прызавога кубка за перамогу ў «тотале» злёту атрымала каманда ў складзе работнікаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, аддзела эканомікі і фінансавага аддзела райвыканкама. «Паспяховыя людзі» – паспяховыя ў многім.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.