Гасціннасць па-МНСаўску. У мінулую суботу Ляхавіцкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях прымаў гасцей

У мінулую суботу Ляхавіцкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях прымаў гасцей. Выратавальнікі разам са сваімі сем’ямі, ветэранамі пажарнай службы і гасцямі адзначылі прафесійнае свята і 168 гадавіну пажарнай службы Беларусі.

Віталі прысутных намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, Валерый Равінскі, які прадстаўляў раённае аддзяленне Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях «Выратавальнік», а таксама начальнік райаддзела Юрый Буйкевіч.

– Няхай спраўдзяцца вашы жаданні і памкненні, захаваецца ўсё добрае, што ёсць у вашым жыцці, і прымножацца імгненні радасці, любві і аптымізму. Жадаем, каб поспех і натхненне былі вернымі спадарожнікамі ва ўсіх вашых пачынаннях, а здароўе і дабрабыт – у штодзённым жыцці, – гучалі прыемныя пажаданні ад гасцей.

Для сваіх гасцей супрацоўнікі РАНС падрыхтавалі забаўляльную праграму і пачастункі.

Быў арганізаваны канцэрт, а для дзяцей і іх бацькоў на тэрыторыі аддзела разгарнуліся забаўляльныя і спартыўныя пляцоўкі, дзе можна было весела правесці час, а яшчэ атрымаць падарункі. Сярод ветэранаў і работнікаў аддзела прайшлі спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і перацягванні каната. Кожны мог пакаштаваць фірменную кашу і чай ад выратавальнікаў, а рабят парадавалі смачным тортам.

Лепшым супрацоўнікам РАНС былі ўручаны ўзнагароды.

Таццяна КАЛГУШКІНА,інспектар РАНС.
Фота з архіва РАНС.