«Дзе вам, дзеткі, пагуляць?» На крытычныя заўвагі «ЛВ» адказалі ляхавіцкія камунальнікі

Горка ў парку па вуліцы Дзесюкевіча. Так было.

Публікацыя пад такой назвай была размешчана ў «ЛВ» № 50 за 10 ліпеня пад рубрыкай «Анатомія праблемы». У ёй ішла размова пра стан дзіцячых пляцовак у райцэнтры. Карэспандэнт «ЛВ» сярод іншага зрабіў і некалькі крытычных заўваг у адрас камунальнікаў.

Дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі паведаміў, што прадпрыемства праводзіць пэўную работу ў згаданым напрамку. «У ліпені 2021 года выкананы работы па дэмантажы аварыйных дзіцячых арэляў па вуліцы Інтэрнацыянальнай, д.17, у двары дамоў 9 і 11 па вуліцы Гагарына. Устаноўка новай дзіцячай горкі па вуліцы Гагарына плануецца ў трэцім квартале 2021 года».

Андрэй Чайкоўскі праінфармаваў: «Прадпрыемствам выраблена і ўстаноўлена шэсць новых дзіцячых пясочніц па вуліцах Будаўнікоў, Арлоўскага, Інтэрнацыянальнай, Гагарына, Южакова ў райцэнтры. Зараз дадаткова выраблена пяць пясочніц, якія будуць устаноўлены замест тых, што сталі непрыгоднымі».

Дарэчы, згаданую публікацыю суправаджала фота пашкоджанай дзіцячай горкі па вуліцы Дзесюкевіча. Відавочна, у тым, што атракцыён быў разбіты, вінаватыя зусім не камунальнікі. Але, тым не менш, яны ў адказе за тое, каб горка была бяспечнай для маленькіх адпачывальнікаў. Як запэўніў дырэктар камунгаса, «праведзены работы па замене дэфектнага элемента ў канадскай горцы закрытага тыпу». У гэтым пераканаўся і фотакар «ЛВ». Вельмі хочацца спадзявацца, што нашы землякі такое камунальнае старанне ацэняць.

Кіраўнік камунальнай службы нагадаў: «Мерапрыемствы па абсталяванні дзіцячых і спартыўных гульнёвых пляцовак (у тым ліку ўстаноўка гульнёвага абсталявання) могуць праводзіцца з прыцягненнем сродкаў насельніцтва». Гэта значыць, калі жыльцы вырашаць закупіць дзіцячае гульнёвае абсталяванне за свае грошы, камунгас абяцае яго ўстанавіць. Таксама варыянт.

А так стала.