Подробности организации работы в Ляховичской ЦРБ рассказывает главный врач Владимир Устюшков

Хірургі і тэрапеўты, гінеколагі і неўролагі, педыятры і акулісты, стаматолагі і анестэзіёлагі, фельчары і медыцынскія сёстры, малодшы медыцынскі персанал — кожны дзень яны стаяць на варце здароўя людзей. Ніякі сучасны прыбор ці «цуда-таблетка» не заменяць уважлівых адносін да хворага. Які ён, сённяшні дзень ляхавіцкіх медыкаў?

У раёне функцыянуюць цэнтральная раённая бальніца на 226 ложкаў (25 гадоў назад яна пераехала ў новы будынак), паліклініка, разлічаная на 350 наведванняў за змену, Крывошынская ўчастковая бальніца на 50 ложкаў (25 з якіх — сястрынскага догляду), 9 урачэбных амбулаторый, 17 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Працуюць 68 урачоў, 315 работнікаў сярэдняга медыцынскага персаналу, 163 — малодшага. У райбальніцы праводзіцца дастатковая колькасць дыягнастычных даследаванняў: рэнтгеналагічныя, ультрагукавыя, эндаскапічныя страўнікава-кішэчнага тракту, велаэргаметрыя, даследаванні функцый знешняга дыхання, біяхімічныя аналізы і іншае.
Адным з актуальных і пакуль нявырашаных пытанняў з’ўляецца кадравае. Асабліва адчувальны кадравы голад у сельскай мясцовасці: з 9 урачэбных амбулаторый укамплектаваны кадрамі поўнасцю 5. У цэнтральнай раённай бальніцы не хапае педыятраў, неўролагаў, дэрматавенеролага, анколага, акушэр-гінеколага. Сёлета ў жніўні на работу па размеркаванні чакаем двух тэрапеўтаў і неўролага. Вялікі дзякуй нашым шаноўным ветэранам аховы здароўя за тое, што, нягледзячы на ўзрост, яны працуюць: сёння ў ЦРБ 16 урачоў і 35 спецыялістаў сярэдняга медыцынскага персаналу пенсійнага ўзросту.
Пастаянна ўмацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў аховы здароўя. У мінулым годзе пачаты, а сёлета павінен завяршыцца капітальны рамонт з мадэрнізацыяй будынка паліклінікі (агульная сума праекта 21,5 мільярда рублёў). Прадаўжаецца бягучы рамонт інфекцыйнага аддзялення. Завершаны рамонтныя работы ў Тухавіцкай амбулаторыі, фасада Крывошынскай участковай бальніцы, заменены ацяпляльныя катлы на Куршынавіцкім, Ураджайнінскім, Малагарадзішчанскім ФАПах, 3,5 мільярда рублёў пайшло на капітальны рамонт рэнтгенкабінета ў стацыянары райбальніцы.
Зразумела, што ўдасканаленне і больш якаснае аказанне медыцынскай дапамогі патрабуе і сучаснага абсталявання. Толькі за мінулы год за кошт сродкаў мясцовага бюджэту набыта абсталявання на суму звыш 540 мільёнаў рублёў. За сродкі абласнога бюджэту набылі аўтамабіль для станцыі хуткай медыцынскай дапамогі, апарат для падагрэву крыві, фізіятэрапеўтычны апарат «Экстрасэнс» (усяго на 322 мільёны рублёў).
Мы плануем больш маштабна ўкараняць камп’ютарныя тэхналогіі, пашырэнне дзённых стацыянараў, стварэнне стацыянараў на даму, павялічэнне колькасці ложкаў сястрынскага догляду, паэтапны пераход да амбулаторый урача агульнай практыкі, павышэнне даступнасці ўрачэбнай дапамогі вяскоўцам.
Уладзімір УСЦЮШКОЎ,
галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *