16 чэрвеня — Дзень медыцынскіх работнікаў

Што аб’ядноўвае гэтых трох урачоў? Маладосць і мэтанакіраванасць — планаў шмат, як і перспектыў. Яны — самыя маладыя загадчыкі аддзяленняў райбальніцы. Аксана Вечар узначальвае тэрапеўтычнае, Дзіяна Марчык — неўралагічнае, Сяргей Памазанскі — рэнтгеналагічнае.
Здаецца, зусім нядаўна Аксана Вечар прыехала ў наш раён па размеркаванні, а прайшло ўжо 6 гадоў. Пачынала ў Савейкаўскай урачэбнай амбулаторыі, цяпер узначальвае адно з самых запатрабаваных аддзяленняў райбальніцы. Аксана Сяргееўна ніколі не лічыцца з уласнымі абставінамі, праводзіць каля хворага столькі часу, колькі патрэбна. Уражвае яе вытрымка ў спалучэнні са спагадай. А ўнутраная шчырасць і знешні спакой пазітыўна ўздзейнічаюць на хворых. Яна лічыць надзвычай важным наладзіць кантакт з пацыентам і яго блізкімі.
— Дапамагчы хутчэй выздаравець можна, зняўшы з хворага лішнюю трывожнасць, растлумачыць. Пад-трымаць, падбадзёрыць, прымусіць заўважыць і паверыць у станоўчую дынаміку — вось ключ да перамогі над хваробай, — упэўнена Аксана Сяргееўна.
У яе калегі Дзіяны Марчык вопыт кіраўніка значна меншы. Усяго 7 месяцаў, як яна прызначана загадчыкам аддзялення, а ўрачэбны стаж набліжаецца да 2 гадоў. Але і гэтага часу хапіла, каб зарэкамендаваць сябе кампетэнтным, адказным і паспяховым спецыялістам. Так склалася, што цяпер Дзіяна Уладзіміраўна — адзіны неўролаг на ўвесь раён. Таму даводзіцца паспяваць усё — штодзённа рабіць абход хворых у неўралагічным аддзяленні, кансультаваць у іншых аддзяленнях, прымаць амбулаторных пацыентаў. Малады ўрач не скардзіцца. Тым больш, што падтрымка заўсёды побач — з боку больш вопытных калег і мужа, урача-хірурга Яна Марчыка.
Сяргей Памазанскі — мясцовы юнак, яго малая радзіма — Ліпск. Працуе таксама нядаўна, але яму давяравюць і паважаюць доктара пацыенты, а калегі з меркаваннем Сяргея Уладзіміравіча лічацца: гэта факт. Ні для каго не стала нечаканай навіной тое, што менавіта яго напачатку жніўня мінулага года прызначылі загадчыкам рэнтгеналагічнага аддзялення. Зараз спраў у Памазанскага — вялікае мноства: штодзённы прыём пацыентаў, УЗІ- і рэнтген-абследаванні, кансультацыі.
Доктар марыць хутчэй устанавіць новае рэнтгеналагічнае абсталяванне — стацыянарны апарат, разлічаны на 3 працоўныя месцы. Гэта дазволіць не толькі пашырыць колькасць органаў, пра якія ўсё ад «а» да «я» можна расказаць, гледзячы на здымак, але і значна палепшыць якасць дыягностыкі.
Сяргей Уладзіміравіч — чалавек далікатны і ўважлівы. Гэта перадвызначыла яго і як урача. І не трэба, аказваецца, пуд солі з’есці, каб стаць аўтарытэтным, запатрабаваным, паважаным землякамі доктарам!

Таццяна Літвіненка пра сэрца ведае ўсё!

Звычайны чалавек, гледзячы на ломаныя лініі кардыяграмы, нічога не зразумее. А зоркае вока ўрача-спецыяліста адразу ўбачыць: усё ў парадку з галоўным маторам арганізма, ці ёсць нейкія адхіленні.
Загадчык кабінета функцыянальнай дыягностыкі райбальніцы Таццяна Літвіненка ў медыцыне без малога 30 гадоў. З асаблівым задавальненнем доктар-дыягност расшыфроўваючы кардыяграму, выводзіць: «рытм сінусовы». Значыць, з сэрцам пацыента ўсё ў поўным парадку. А калі не — б’е трывогу.
Правільны дыягназ — залог паспяховага лячэння выяўленай паталогіі сардэчна-сасудзістай сістэмы.
— Паралельна з методыкамі і абсталяваннем, якія даўно ўвайшлі ў практыку, з цікавасцю засвойваем і новыя. Літаральна тыдзень таму ў райбальніцы ўстанавілі рэограф — сучасны апарат, што дазволіць за кароткі час вызначыць узровень артэрыяльнага крыватоку па сасудах канечнасцяў і галаўнога мозга. А гэта добрая навуковая падтрымка для пастаноўкі правільнага дыягназа, — дзеліцца навіной Таццяна Міхайлаўна. І ўсміхаецца шчыра, адкрыта, дружалюбна — так, як гэта робіць толькі яна.
…Цікава, колькі кіламетраў занялі б складзеныя адна да адной кардыяграмы, зробленыя і расшыфраваныя доктарам Літвіненка?

Хірургічны дуэт у складзе Бяляева і Сяржантава

Сяргей Бяляеў

Сяргей Сяржантаў

Два Сяргеі — Бяляеў і Сяржантаў — хірургі, у якіх на працягу некалькіх дзясяткаў гадоў агульнае месца работы — Ляхавіцкая райбальніца, а да гэтага было агульнае месца вучобы ў Гродзенскім медінстытуце — яны аднакурснікі. Сяргей Бяляеў — хірург-ас, трапіць да яго на аперацыю — удача для пацыента і школа прафесійнага майстэрства для калег (шмат гадоў ён узначальваў хірургічнае аддзяленне райбальніцы). У Бяляеве дзіўным чынам спалучаецца дар (інакш не назавеш) ставіць дыягназ і віртуозна аперыраваць. Нездарма многія аперацыі новага ўзроўню пачынаў у райбальніцы рабіць менавіта Бяляеў.
А яго цёзка Сяржантаў доўгія гады паспяваў і кіраваць сістэмай аховы здароўя раёна, і практыкаваць у якасці хірурга. Сяргей Сяржантаў быў галоўным урачом і тады, калі будавалася новае памяшканне райбальніцы.
Вопыт справе на карысць. Бяляеў і Сяржантаў на сваім пасту— на варце здароўя землякоў.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *