Высокі стыль. Скачкі на батуце і ў вышыню сталі пераможнымі для беларускіх спартсменаў

Мы чакалі. З надзеяй уключалі спартыўныя каналы,
з хваляваннем гарталі навіны ў інтэрнэце. Не аднойчы расчароўваліся і зноў чакалі.

«Дзякуй за перамогу!» – літаральна выдыхнула ўся Беларусь, калі батутыст Іван Літвіновіч 31 ліпеня выйграў алімпійскае золата. На наступны дзень на п’едэстал у Токіа падняўся яшчэ адзін беларус: Максім Недасекаў заваяваў бронзавы медаль у скачках у вышыню.

Нашых алімпійцаў віншавалі калегі, трэнеры, родныя і сябры, знаёмыя і незнаёмыя людзі. Віншаванні членам алімпійскай зборнай накіраваў Прэзідэнт.

Іван Літвіновіч і Максім Недасекаў напісалі свае слаўныя старонкі ў гісторыі беларускага спорту. І, без перабольшання, надзвычай запамінальнай гэтая перамога стане для юных спартсменаў Віцебска. У рамках дабрачыннага праекта «Алімпійскі выбар» нашы медалісты перададуць дапамогу ў памеры 20 тысяч рублёў Віцебскай СДЮШАР №1 і 10 тысяч рублёў абласному комплекснаму цэнтру алімпійскага рэзерву. Хто ведае, магчыма гэтыя навучальныя ўстановы і падораць краіне новых алімпійскіх чэмпіёнаў.

Праўда, радасць ад падзей у Токіа азмрочылі не зусім спартыўныя паводзіны лёгкаатлеткі Хрысціны Ціманоўскай. Але гэта ўжо іншая – зусім не алімпійская – гісторыя.

Святлана СТЫКУЦЬ.