Першакласныя падарункі. У Ляхавіцкім раёне стартавала штогадовая акцыя «Дзецям да школы»

Менш за месяц засталося да старту новага навучальнага года, а, значыць, перадвераснёўская мітусня сканцэнтравалася ў крамах з канцтаварамі, у магазінах са школьнай і спартыўнай формай, туфлямі і красоўкамі. Ужо традыцыйна ў жніўні ляхавіцкія валанцёры арганізоўваюць акцыі ў падтрымку шматдзетных і сем’яў, якія знаходзяцца ў складанай жыццёвай сітуацыі.

6 жніўня ў раёне стартавала штогадовая акцыя «Дзецям да школы», ініцыятарам якой выступілі раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа і раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Падарункі да 1 верасня атрымаюць 10 шматдзетных сем’яў у выглядзе сертыфікатаў, якія можна атаварыць у магазінах горада. Таксама валанцёры падораць пяць партфеляў, 15 сем’яў атрымаюць камплекты адзення ад спонсараў акцыі.

– Хочацца, каб для ўсіх рабят 1 верасня стала сапраўдным святам, каб яны ішлі ў школу з задавальненнем, каб у іх было ўсё для паспяховай вучобы, перамогі ў конкурсах і алімпіядах. Маленькай дапамогі не бывае: няхай гэта будзе шарыкавая ручка або гумка, аднак вы зробіце ўклад у падтрымку сем’яў, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, ці шматдзетных сем’яў, – разважае старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Жанна Лешык.

Зрабіць добрую справу лёгка. Далучайцеся! Дастаткова з 6 па 30 жніўня з 8.00 да 17. 00 пакінуць канцылярскія прылады ў скрынцы, якая размешчана ў ТЦСАН па адрасе: вуліца Юбілейная, 19, кабінет № 10. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах: 6-04-20, 6-20-98.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара