Шалёны сабака чалавеку не таварыш

Шаленства – смяротнае захворванне, але яго можна папярэдзіць. Для гэтага ў арсенале медыкаў ёсць дастаткова эфектыўныя лекавыя сродкі (вакцына і імунаглабулін). Аднак, яны гарантуюць абарону ад шаленства толькі пры своечасовым (лік ідзе на гадзіны) звароце пацярпелых да ўрача (хірурга ці траўматолага).
Каб папярэдзіць страшную хваробу, неабходна ведаць і выконваць пэўныя правілы паводзін. Абавязкова штогод трэба рабіць прышчэпкі супраць шаленства хатнім жывёлам. У выпадку змянення іх паводзін, смерці без бачных прычын гаспадар павінен абавязкова звярнуцца да ветэрынара. Людзям трэба пазбягаць усялякіх кантактаў з дзікімі жывёламі, бадзяжнымі сабакамі і кошкамі, навучыць такім паводзінам і дзяцей. Для чалавека небяспечныя не толькі ўкусы і драпіны, але і пападанне сліны хворай шаленствам жывёлы на пашкоджаную скуру і слізістыя абалонкі. Як правіла, здаровыя дзікія жывёлы пазбягаюць сустрэчы з чалавекам. А калі яны не рэагуюць на людзей, а тым больш прыходзяць у населеныя пункты, ёсць вялікая верагоднасць, што ў такой жывёлы прысутнічае шаленства, і трэба прыняць усе меры асцярогі для сябе і сваіх блізкіх. Калі ўсё ж кантакту не ўдалося пазбегнуць (пасля ўкусу, аслінення пашкоджанай скуры, адрапвання) у абавязковым парадку апрацуйце рану (добра прамыйце паверхню струменем вады з мылам на працягу не менш як 15 хвілін, апрацуйце краі раны 5-працэнтным ёдам), накладзіце стэрыльную павязку і неадкладна звяртайцеся за медыцынскай дапамогай. Толькі ўрач можа ацаніць рызыку магчымасці заражэння вірусам шаленства і прызначыць пры неабходнасці курс спецыяльных прышчэпак. Ні ў якім разе нельга адмаўляцца ці датэрмінова спыняць прызначаны курс лячэння (ён складаецца з 6 ін’екцый вакцыны).
Эпізаатычная сітуацыя па шаленству на Брэстчыне застаецца напружанай. Колькасць выпадкаў (летась афіцыйна зарэгістравана 66) сярод жывёл у параўнанні з 2008 годам узрасла на 13,8 працэнта. На Ляхавіччыне ў мінулым годзе лабараторна пацверджаны 2 выпадкі шаленства (кот у вёсцы Гукова і рысь у вёсцы Тальмінавічы). Усяго ад жывёл у мінулым годзе пацярпела 67 чалавек, з іх 41 атрымаў патрэбны курс прафілактычных прышчэпак.
Ірына ЛІТВІНЕНКА, памочнік урача-эпідэміёлага райЦГіЭ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *