Лясны квэст. Ляхавіцкія выратавальнікі дапамаглі мужчыне, які апынуўся ў небяспечнай сітуацыі


Ляхавіцкія выратавальнікі дапамаглі мужчыне, які апынуўся ў небяспечнай сітуацыі. 18 жніўня ў 16 гадзін ў РАНС патэлефанаваў мужчына і паведаміў, што знаходзіца ў лесе каля аграгарадка  Конькі і самастойна выйсці адтуль не можа, бо падвярнуў нагу.
Як высветлілася, жыхар Баранавічаў раніцай прыехаў у лес па грыбы. Прычым, раён каля аграгарадка Конькі ён добра ведаў – бываў не раз. Апоўдні пасярод кустоўя грыбнік заўважыў дзікоў і, усведамляючы небяспеку, залез на дрэва, дзе вымушаны быў прасядзець чатыры гадзіны. Сітуацыю выратавалі лосі, якія спалохалі парнакапытных. Становішча баранавічаніна ўскладнялася адсутнасцю сувязі, калі яна з’явілася, мужчына адразу патэлефанаваў у РАНС.


Тэрыторыя, дзе апынуўся грыбнік, няпростая: з аднаго боку чыгунка, на другім – рака Шчара. Ушчыльную пад’ехаць да лесу падраздзяленням РАНС немагчыма.
Гэтыя мясціны добра ведае вадзіцель ПАВП №1 Віктар Янушкевіч. У той дзень ён знаходзіўся на выхадным, але ўключыўся ў выратавальную аперацыю. Разам са старшым інжынерам РАНС Дзмітрыем Новікам яны і знайшлі пацярпелага. Але ў лесе пачало цямнець, і вяртацца праз густое кустоўе і высокую траву, галлё , было немагчыма. Да таго, грыбнік рухаўся з цяжкасцю. Дапамог дачнік Віктар Татарыновіч, які даў сваю лодку і паказаў, дзе яе лепш спусціць на ваду, каб паспяхова эвакуіраваць пацярпелага. Разам з прафесіяналамі ў выратаванні бацькі ўдзельнічаў і сын з сябрамі.
Выратавальнікі рэкамендуюць не хадзіць у лес аднаму. Перад выхадам неабходна папярэдзіць родных пра напрамак маршруту і старацца не адыходзіць ад яго, не зразаць вуглы па незнаёмай мясцовасці, асабліва па балоце. Паход у лес — гэта яшчэ і фізічная нагрузка. Пры хранічных захворваннях без неабходных медыкаментаў у лес ісці нельга. Да таго, трэба мець пры сабе мінімальны запас вады, каб у выпадку неабходнасці запіць лякарства.
Дзмітрый БЕРТАШ, намеснік начальніка РАНС.