З суседскай шчырасцю. Кулікі і Гута на мінулым тыдні сабралі вялікія сем’і вяскоўцаў на святы вёсак

Ёсць штосьці непадробленае, бязмерна роднае, шчырае і глыбокае, тое, што кранае самыя глыбокія пачуцці, – гэта любоў і павага да сваёй малой радзімы, да самага мілага сэрцу куточка, самага прыгожага на гэтай планеце. Вось з такімі пачуццямі і самымі светлымі памкненнямі праходзяць святы вёсак.

На мінулым тыдні такі святочны дзень прыйшоў у вёску Кулікі. Свята «Да жывых агнёў роднага ачага» ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Востраўскага СДК падарылі Кулікам і тым, хто правёў гэты час з мясцовымі жыхарамі.

Сказаць, што сабралася ўся вёска, – нічога не сказаць. Дзеці, унукі, родныя і блізкія, сябры і знаёмыя – Кулікі рады вітаць кожнага. Урачыстае адкрыццё было даручана старшыні Востраўскага сельвыканкама Уладзіміру Тадру. Асаблівыя словы – у адрас малалетняга вязня фашысцкіх канцлагераў Ніны Шклянік. І па традыцыі апладысменты, словы пашаны, віншаванні і каштоўны падарунак старэйшай жыхарцы – Надзеі Хітрык. Порцыя самых лепшых пажаданняў чакала і юбіляраў гэтага года.

У кожнага павінен быць дом. І не проста дах над галавой, а месца, дзе яго любяць і чакаюць, дзе цёпла і ўтульна, месца, якое сваім выглядам радуе вока аднавяскоўцаў. Самыя шчырыя словы падзякі –
усім, хто імкнецца свае падворкі зрабіць не проста прыгожымі, а здзівіць тых, хто праходзіць міма. Старшыня сельвыканкама Уладзімір Тадра ўручыў падарункі за лепшыя падворкі Лідзіі Антончык, Тамары і Васілію Хітрыкам.

Наступны адрас, дзе сваю творчасць дарылі артысты з Востраўскага СДК, – вёска Гута. Віншаванні роднаму мястэчку, дзе нарадзіўся і вырас, накіраваў дырэктар ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» Уладзімір Гунько. Разам з жонкай Зінаідай падрыхтавалі вяскоўцам шыкоўны смачны падарунак – прыгатавалі на свяце і пачаставалі ўсіх юшкай.
Гаварылі пра старэйшую жыхарку вёскі Зінаіду Аніскевіч. Віншавалі юбіляраў вёскі і шчыра жадалі толькі самага лепшага. Уручылі падарункі і за лепшыя падворкі. Ганаровае званне самых гаспадарлівых у Валянціны і Аляксандра Казлоўскіх, Марыі і Канстанціна Гаўрыльчыкаў.

Ёсць такая народная мудрасць: «Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся». Вядучая свята пажадала жыхарам вёсак Гута і Кулікі, каб яны заўсёды заставаліся такімі, якімі яны ёсць: добрымі, спагадлівымі, з моцным характарам, з вялікай працавітасцю і павагай да сябе і блізкіх. Каб у гэтых вёсачках заўсёды жылі жарты і песні, адзначаліся дні нараджэнні іх, бацькоў і дзядоў, дзяцей і ўнукаў, збіралі сваіх ураджэнцаў вёсачкі…

Наша шчырая падзяка – дырэктару ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» Уладзіміру Гунько за прадстаўлены транспарт.

Валянціна ГОЎША, загадчык Востраўскага СДК.
Фота з архіва Востраўскага СДК.