На базе ДП «Нача» быў праведзены раённы семінар кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак

Раённы семінар кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак па арганізацыі пашавага ўтрымання жывёлы быў праведзены на базе ДП «Нача» зусім не выпадкова: іменна ў гэтай гаспадарцы даўно і настойліва працуюць з пашай. Начаўцы пераканаліся, што значыць пасвіць жывёлу па шматкампанентным травастоі, штогод перазалужаюць угоддзі, падсяваюць. Пашу даглядаюць, каб свежай, сакавітай травы хапала статку да глыбокай восені. Падкошаная і падкормленая пасля страўлівання трава раўнамерна і хутка набірае сілы, абнаўляецца. Вялікае значэнне мае і метад страўлівання травастою. Начаўскія пастухі дзённую загонку раздзяляюць на невялікія ўчасткі: хоць больш клопату часта перастаўляць электрапастух, але трава паядаецца чыста. У гэтай гаспадарцы жывёла часткова пераведзена на начную пасьбу — найбольш эфектыўны метад утрымання статка ў летні перыяд. У стойлах каровы падкормліваюцца зялёнай масай, згодна тэхналогіі, пераважна бабовымі культурамі.
Галоўная ўмова для атрымання вялікага малака — наяўнасць добрай пашы. Але многія кіраўнікі і спецыялісты асаблівай увагі гэтаму не надаюць. Перазалужэннем траў на сенакосах і пашах займаюцца нямногія. Так, як патрабуе тэхналогія, даглядаюць угоддзі ў лічаных сельгаспрадпрыемствах. Сярод прычын называюцца самыя розныя: адсутнасць сродкаў, тэхнікі, людзей, часу…На справе ўсё прасцей: безгаспадарчасць. Тым больш, перазалужэнне шматкампанентнай пашы — не штогадовая кампанія: пры правільным доглядзе такія эфектыўныя ўгоддзі могуць выкарыстоўвацца як мінімум 4 гады.
Удзельнікі семінара шукалі прычыны, па якіх грамадскі статак раёна ў такі спрыяльны перыяд надойвае малака ад кожнай каровы на цэлы кілаграм менш у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года.
Пачынаць работу над памылкамі патрэбна з пашы і з нарыхтовак на стойлавы перыяд высакаякаснага корму. Вядома ўсім спецыялістам, што аддадзеная сіласу перавага ў рацыёнах кармлення дае эфект у мясной жывёлагадоўлі, а ў малочнай прыярытэт аддаецца высакаякаснаму сенажу.
З падобнай «мінусавай» сітуацыі паступова выходзяць жывёлаводы ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс». Зімой тут надоі значна ўпалі — даілі ўсяго па 8 кілаграмаў малака ад кожнай каровы, мінусавалі каля 5 кілаграмаў. Аднак, узмацнілі работу па аднаўленні статка, забяспечылі жывёлу камбікормам, зялёнай масай (бабовыя травы) — надоі ўзраслі да 10,6 кілаграма малака, хоць недабор прадукцыі яшчэ адчувальны.
Можна сказаць, складанай была зімоўка жывёлы ў СВК «Дарава». Аднак цяпер справы пачалі наладжвацца, дзякуючы добрай пашы і арганізаванаму догляду за ёй, а таксама начному кармленню жывёлы зялёнай масай бабовых траў. Сёння ў сельгаскааператыве ад кожнай каровы дояць амаль па 17 кілаграмаў малака, праследжваецца тэндэнцыя да павелічэння аб’ёмаў атрыманай прадукцыі. Але ў гаспадарцы не хапае кадраў.
Падкошванне траў, падкормка, скошванне ў валкі для эфектыўнага страўлівання, перазалужэнне і падсеў — няхітрыя, але абавязковыя мерапрыемствы, якія будуць працаваць на канчатковы вынік ва ўсіх гаспадарках. Гэта па-першае. Па-другое, на ноч статак павінен забяспечвацца ў дастатку зялёнай масай бабовых культур, як альтэрнатыва — начная пасьба. Дарэчы, яна арганізавана толькі ў СВК «Шлях новы», часткова ў СВК «Ліпнянка», ДП «Нача». У большасці гаспадарак начная пасьба ўспрымаецца, як «раскоша»: праблема з кадрамі існуе ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах.
Не трэба забывацца, што ў траве на пашы ўжо зменшылася колькасць бялку, таму абавязковая падкормка макухай ці іншымі бялковымі дабаўкамі.
Немалаважнае значэнне мае захаванне тэхналогіі пасьбы жывёлы, а таксама стварэнне ўмоў для работы пастухоў: аплата працы, забеспячэнне спецадзеннем, спецыяльнымі перасоўнымі домікамі. У такіх гаспадарках, як СВК «Шлях новы» , ДП «Нача», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», арганізавана нават гарачае харчаванне пастухоў.
Аляксей ШЫТАЎ,
галоўны заатэхнік
райсельгасхарчу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *