Спартакіяда залатога ўзросту. Прыхільнікі здаровага ладу жыцця ў Ляхавічах высвятлялі, хто самы моцны і спрытны

 Актыўных, лёгкіх на пад’ём прыхільнікаў здаровага ладу жыцця сабрала традыцыйная, шостая па ліку, спартакіяда ветэранаў Ляхавіччыны. Удзел у ёй узялі больш за 120 чалавек, якія ўскладзе 12 каманд прадстаўлялі ветэранскія пярвічкі розных прадпрыемстваў і ўстаноў нашага раёна.

Свае дружыны выставілі торфабрыкетны завод, ільнозавод, «Металапластмас», камунгас, раён электрасетак, аддзел па адукацыі, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, райпо, аблбальніца «Крывошын»,аграрны каледж, былі і дружыны ветэранаў спорту, і народнага клуба «Сівізна». Большасць удзельнікаў зараз на заслужаным адпачынку. Некаторыя прадаўжаюць працоўныя будні.

Але яны заўжды сябравалі са спортам, многія і зараз часта наведваюць спартзалы, бегавыя дарожкі, ездзяць на веласіпедах ці прадумваюць хады за шахматна-шашачнай дошкай. І, канешне, пры любой магчымасці з гатоўнасцю, натхненнем і інтарэсам удзельнічаюць у разнастайных спаборніцтвах. Прычым іншы раз і куды маладзейшым цяжка ўгнацца за шаноўным іветэранамі.

У праграме спартакіяды –дартс, настольны тэніс, шашкі, стральба, траплянне ў цэль.Патрабавалася праявіць не толькі канцэнтрацыю, трапнасць,спрыт, вытрымку, а і эрудыцыю, кемлівасць. І ўсё ва ўдзельнікаўспартакіяды атрымалася. Каму было асабліва нялёгка, дык гэта журы і балельшчыкам, якія дружна падтрымлівалі кожнага ўдзельніка. Увогуле атмасфера панавала шчырая, эмоцыі білі праз край.

Ва ўпартай барацьбе перамогу на гэты раз заваявала каманда ветэранаў спорту. Серабро ў дружыны КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», бронзу атрымалі ветэраны ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі».Пераможцы і прызёры ў камандных і асабістых першынствах атрымалі падарункі.

Арганізатарам спартыўных баталій выступіў раённы савет ветэранаў. Дапамогу аказвалі СДЮШАР, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, ДТСААФ.

Свята аказалася багатым на сюрпрызы і прыемныя моманты дзякуючы і спонсарам:ТАА «Трансэлектракамплект», «Бляшаначны завод « Інтэрлак » ,ЗАТ «Ляхавіцкі завод «Металапластмас», ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод».

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.