Глыбокі сэнс «Вялікай размовы». У мінулы чацвер у працоўных калектывах Ляхавіцкага раёна працавалі інфармацыйна-прапагандысцкія групы

Больш за два тыдні прайшло пасля «Вялікай размовы з Прэзідэнтам», але градус актыўнасці абмеркавання сказанага і пачутага падчас канструктыўнага дыялогу не змяншаецца. І не дзіўна, бо ўзнятыя тэмы і пытанні тычацца ўсяго грамадства, кожнага беларуса.

Пра Асноўны Закон і новае свята

Ключавыя аспекты «Вялікай размовы з Прэзідэнтам» сталі асноўнай тэмай работы інфармацыйна-прапа-гандысцкіх груп, якія ў мінулы чацвер працавалі ў арганізацыях, на прадпрыемствах Ляхавіччыны.
У гарадской купалаўцы сабраліся прадстаўнікі ўстаноў культуры раёна. Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч падкрэсліла, што «Вялікая размова» – гэта чарговае яскравае пацвярджэнне, што Беларусь і беларусы, нягледзячы на розныя ўмяшанні, былі і застаюцца адзінымі, а суверэнітэт краіны – галоўнае наша агульнае багацце.
Дыялог атрымаўся шчырым, жывым, гучалі не толькі пытанні і адказы на іх, але і ініцыятывы, розныя меркаванні, былі і разнастайныя дыскусіі. Святлана Іванаўна працытавала Прэзідэнта дзяржавы, які падзяліўся сваёй марай, аб тым, якой хоча бачыць Беларусь у будучым: «Я хачу, каб у нас была спакойная краіна. Усё астатняе мы купім. Нам няшмат трэба. Каб купіць, мы грошы знойдзем. А ў асноўным сваім розумам, сваімі рукамі ўсё зробім. Галоўнае – асабістае імкненне».
– Калі гэту ідэю падтрымае, зразумее кожны беларус, нашу краіну чакае паспяховая і квітнеючая будучыня, – рэзюмавала Святлана Юрлевіч.
Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юшкевіч спынілася на асноўных аспектах «Вялікай размовы» і правяла пэўныя паралелі падзей дзяржаўнай важнасці з тымі, што адбываюцца ў Ляхавіцкім раёне. Яна звярнула ўвагу на словы Кіраўніка дзяржавы, які падкрэсліў, што адзінства беларусаў было прадэманстравана і ў паспяховай рабоце шостага Усебеларускага народнага сходу. Удзел у ім узялі і шасцёра прадстаўнікоў Ляхавіччыны, якіх дэлегавалі працоўныя калектывы, грамадскія арганізацыі. Менавіта на УНС была ўнесена прапанова аб заснаванні ў Беларусі Дня народнага адзінства. Ініцыятыва падтрымана Кіраўніком дзяржавы. І вось сёлета 17 верасня мы разам адзначым новае дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства.
– Прэзідэнт падкрэсліў, што дата 17 верасня выбрана не выпадкова – яе па праве можна назваць днём яднання беларускага народа. Калі б не было гэтага дня, не было б нашай краіны. Гэта для нас святое свята, – сказала Ларыса Юшкевіч.
На «Вялікай размове» закраналася тэма магчымага пераемніка Кіраўніка дзяржавы і будучых прэзідэнцкіх выбараў. Пытанне аб пераемнасці ўлады цесна звязана з тэмай канстытуцыйнай рэформы. Беларускі лідар патлумачыў важнасць абнаўлення Асноўнага Закона краіны і заўважыў: «У Беларусі неабходна адкрыта і сумленна правесці рэферэндум па прапаноўваемых змяненнях у Канстытуцыю». Ларыса Юшкевіч звярнула ўвагу, што нашы землякі актыўна ўносілі свае прапановы па змяненнях у Асноўны Закон дзяржавы, удзельнічалі ў шматлікіх дыскусійных пляцоўках.
«Вялікая размова» ўздымала і актуальную для ўсяго свету тэму пандэміі каранавіруса і яе наступстваў. Прэзідэнт падкрэсліў правільнасць дзеян-няў, выбраных у час пандэміі ў нашай краіне, а ўзровень лячэння і бяспекі па барацьбе з COVID-19 назваў беспрэцэдэнтным. «Аснова таго, што адбываецца ў першым паўгоддзі ў эканоміцы, была закладзена тады, калі мы не спынілі эканоміку, не загналі людзей у чатыры сцяны, калі выпрацавалі дакладны падыход да лячэння людзей – амбулаторны, клінічны і санаторны этапы. І гэта немалыя грошы. Але людзі даражэй», – сказаў Аляксандр Лукашэнка 9 жніўня ў Палацы Незалежнасці.
Пра тое, як медыцына Ляхавіччыны спрацавала падчас папярэдніх хваляў каранавіруса, пра важнасць прышчэпак і выканання мер перасцярогі, гаварыў у сваім выступленні перад культработнікамі і загадчык паліклінікі УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Анатолій Панько.

Важны эканамічны складнік

Група, якую ўзначальвае першы намеснік старшыні райвыканкама Васілій Пыжык, сустрэлася з працоўным калектывам УП «Ляхавіцкае ПМС». Васілій Пыжык акцэнтаваў увагу, што, як неаднойчы гаварылася на «Вялікай размове», за апошні год Беларусь прайшла і вытрымала сур’ёзныя іспыты на трываласць эканомікі, на нацыянальнае адзінства.
Начальнік райсельгасхарчу спыніўся на выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Ляхавіцкага раёна за першае паўгоддзе 2021 года. Станоўчая дынаміка назі-раецца на прадпрыемствах мясцовай і рэспубліканскай падпарадкаванасці. Так, у сельгасарганізацыях вытворчасць малака павялічылася на 0,9 працэнта, сярэдні надой на карову – на 139 кілаграмаў, на 0,5 цэнтнера больш нарыхтавана кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы, чым за аналагічны леташні перыяд. Тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал склаў 107,2 працэнта, станоўчае сальда па экспарце тавараў –
7,6 мільёна долараў. Найбольшы рост экспарту адзначаецца па фруктова-ягадных кансервах, торфабрыкеце, апрацаванай драўніне, ільне, арматуры для электрычных машын, будаўнічых зборных канструкцыях. Істотная работа праводзіцца па дыверсіфікацыі рынкаў збыту. Цяпер экспартныя пастаўкі наладжаны ў 23 краіны свету. 283 працэнты – такі тэмп росту экспарту паслуг. У параўнанні з першым паўгоддзем 2020 года на 11,1 працэнта павялічылася намінальная сярэднямесячная зарплата. Ляхавіцкі раён па-ранейшаму спрыяльны для развіцця бізнесу. Сёлета, напрыклад, у раёне стала на 24 індывідуальныя прадпрымальнікі больш. У студзені – чэрвені ад суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў кансалідаваны бюджэт паступіла на 5,8 мільёна рублёў больш, чым за аналагічны леташні перыяд.
Таксама першы намеснік старшыні райвыканкама адказаў на пытанні работнікаў прадпрыемства, якія тычыліся, у тым ліку, і сітуацыі на Украіне, а таксама адносінаў паміж Беларуссю і Украінай.

Вяскоўцаў цікавяць розныя аспекты

Больш за тры дзясяткі вяскоўцаў – жыхароў Жарабковіцкага сельсавета – прыйшлі на сустрэчу з членамі інфармацыйна-прапагандысцкай групы, якую ўзначальвае старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса.
Кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна спыніўся на многіх актуальных пытаннях. У прыватнасці, размова ішла пра раённы фестываль-кірмаш «Дажынкі», які ў суботу гасцінна прымаў аграгарадок Падлессе. Прыемнай і заслужанай падзеяй Леанід Калбаса назваў перамогу тутэйшых хлебаробаў у розных жніўных намінацыях.
Не абышлі ўвагай і тэму каранавіруса.
– Наш Прэзідэнт дакладна агучыў дзяржаўную пазіцыю:
ніхто нікога не будзе сілай прымушаць вакцынавацца, гэта справа добраахвотная. Але, трэба разумець, што і надзвычай важная. Я, напрыклад, прайшоў поўны курс вакцынацыі. Раю зрабіць гэта іншым, – адзначыў Леанід Калбаса.
І, канешне ж, абмяркоўвалася «Вялікая размова з Прэзідэнтам».
– Прамую трансляцыю размовы вялі каля 20 медыя-рэсурсаў Беларусі, Расіі, Украіны. Акрэдытаваны на мерапрыемстве былі і журналісты з замежных СМІ, якія мелі магчымасць задаць любыя пытанні і атрымаць на іх адказы з першых вуснаў. І гэта ў «недэмакратычнай», па меркаванні некаторых краін Захаду, дзяржаве. Як тут не параўнаць з Прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам, які запрасіў на сустрэчу толькі амерыканскіх журналістаў, – рэзюмаваў старшыня райсавета.

Меркаванне

Наталля МАЦКЕВІЧ, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама:
– Як сакратару адной з інфармацыйна-прапагандысцкіх груп даводзіцца пастаянна сустракацца з працоўнымі калектывамі. Адзначу, што такія формы дыялогу паміж уладай і насельніцтвам важныя і прадукцыйныя. З першых вуснаў можна пачуць і даведацца пра падзеі ў раёне, вобласці, краіне, атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні.
Падкрэслю, актыўнасць землякоў расце. Відавочна, што і ляхавічан зацікавіла «Вялікая размова з Прэзідэнтам». Асабіста для мяне 9 жніўня – па-асабліваму хвалюючы дзень. Гэта як жыццё «да» і «пасля». Паглядзела ўсю трансляцыю «Вялікай размовы» ў прамым эфіры, як раз знаходзілася ў водпуску. На працягу ўсяго дыялогу – адкрытага і нязмушанага – дакладна прасочвалася тэма адзінства, любві і павагі Прэзідэнта да свайго народа, боль за тое, што нехта вырашыў разбурыць наша мірнае і стваральнае жыццё. Але Кіраўнік дзяржавы расставіў усё па сваіх месцах і даў адназначны адказ, што Беларусь пойдзе далей толькі мірным, стабільным шляхам, і толькі беларускі народ сам будзе вырашаць, якой быць нашай будучыні. Я стала яшчэ больш ганарыцца тым, што жыву ў Беларусі.

Матэрыялы падрыхтавала Галіна КАНЬКО. Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.