87 дзяўчынак і хлопчыкаў з Ляхавіцкага раёна адпачываюць у першую змену ў аздараўленчым лагеры «Чайка»

Радасная ажыўленасць, дзіцячы смех, птушыныя трэлі, гаючае лясное паветра — так сустракае наведвальнікаў аздараўленчы лагер аддзела адукацыі «Чайка». З года ў год сюды набыць пуцёўку становіцца ўсё больш няпроста — настолькі запатрабаваны і папулярны летнік сярод юных жыхароў нашага раёна. Дарэчы, сёлета кошт пуцёўкі ў «Чайку» вагаецца ад 1852000 да 1960000 рублёў у за лежнасці ад узросту дзяцей, адпаведна бацькоўская даплата — ад 200000 да 250000 рублёў. Асноўныя выдаткі на сябе бярэ дзяржава, а таксама прадпрыемствы і арганізацыі, у якіх працуюць бацькі.

У першыя дні чэрвеня ў «Чайцы» пачаўся 27-ы летні сезон — адбыўся заезд тых, хто адпачывае ў першую змену. — Аздараўленчы лагер пастаянна абнаўляецца, добраўпарадкуецца, мадэрнізуецца. Сёлета са сродкаў абласнога, раённага бюджэтаў, а таксама з заробленых на абласным суботніку на рамонт, замену абсталявання, інвентар выдаткавана і зрасходавана больш як 400 мільёнаў рублёў. Клопат пра падрастаючае пакаленне — адзін з асноўных накірункаў дзяржаўнай палітыкі. Улада на месцах імкнецца зрабіць максімум для таго, каб рабяты адпачывалі з камфортам і карысцю для здароўя. Асаблівая ўвага — апякунскім сем’ям, дамам сямейнага тыпу. У гэтым сезоне ў летніку плануем аздаравіць каля 30 дзетак з такіх сем’яў, — зазначыла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч.

Выхаванцы «Чайкі» разам з дырэктарам лагера Надзеяй Патапчык (справа) і выхавальнікам Ірынай Паляшчук.

Начальнік «Чайкі» Надзея Патапчык не хавае радасці і захаплення ад добрых перамен: — Паглядзіце, якая прыгажосць і ўтульнасць! Цяпер на тэрыторыі не проста пешаходныя дарожкі, а сапраўдныя праспекты — роўныя, без выбоін, нашым модніцам можна на любых абцасах хадзіць. Амаль ва ўсіх карпусах вокны заменены на сучасныя пластыкавыя, на іх устаноўлены маскітныя сеткі. Зроблены рамонт у харчблоку, эстэтычны сучасны выгляд набыла і абедзенная зала, на вокнах — жалюзі, адрамантавана столь — усё для дзетак. З-за сваёй сціпласці Надзея Пятроўна не ўспомніла, што кветкава-раслінны рай навокал створаны ў многім дзякуючы менавіта ёй — яна заўзяты кветкавод-аматар і многія віды культурных раслін вырошчвае ў сябе дома. Адметнае добраўпарадкаванне — адна з асаблівасцей летніка. І свой пасільны ўклад у яго ўносяць не толькі работнікі лагера, дзеці, але і іх бацькі. Так, пакуль ішла канцэртная праграма падчас адкрыцця першай змены, каля цэнтральнай клумбы выраслі… драўляныя грыбы. Аўтар работы — майстар лесу Востраўскага лясніцтва Сяргей Волчак. Сын і дачка Сяргея штогод адпачываюць у «Чайцы», а бацька ўпрыгожвае тэрыторыю лагера драўлянымі скульптурамі. У хуткім часе паабяцаў чарговы сюрпрыз. Дарослыя пастараліся, каб дзіцячы адпачынак у лагеры быў камфортным, утульным і карысным.

У атрадзе «Дэльфіняня» рабятам цікава з выхавальнікам Таццянай Зубік.

Першая змена праходзіць пад дэвізам «Чайка» — тэрыторыя дзяцінства». Як расказала старшы выхавальнік Вольга Бецька, цікавы і насычаны кожны дзень для рабят з усіх 5 атрадаў: «Дэльфіняня», «Усмешка», «Кеды», «4-я рота»(тут выключна хлопчыкі), «Мабільныя». — Падабраліся ініцыятыўныя выхавальнікі і важатыя (у пера- важнай большасці — педагогі школ і пазашкольных устаноў раёна), у іх столькі ідэй і задумак, што рабятам дакладна не будзе калі сумаваць. А нашы фізрук Уладзімір Рынне і плаўрук Павел Круп — сама актыўнасць, творчыя рабяты, — зазначае Надзея Патапчык. Праграма разнастайная: конкурсы, гульні, экалагічныя і патрыятычныя акцыі, спартыўныя спаборніцтвы, сустрэчы з супрацоўнікамі міліцыі, райаддзела па надзвычайных сітуацыях, паходы і шмат чаго іншага. Ёсць у «Чайцы» свой лідар (дырэктар лагера), прэм’ер-міністр — старшы выхавальнік, губернатары — важатыя і выхавальнікі — усё як у сапраўднай краіне. Тое, што адпачынак тут — супер, паказала і ўрачыстае адкрыццё змены. Добрага і бяспечнага лета, новых сяброў і знаёмстваў жадалі рабятам Святлана Юрлевіч, Надзея Патапчык. А канцэрт паказаў, што за даволі кароткі час дзеці і дарослыя хутка знайшлі агульную мову і інтарэсы, сталі сябрамі.

Я ў «Чайцы» трэці раз. Каб была магчымасць, заставаўся б на дзве змены. Тут класна. Такі адпачынак пасля навучальнага года больш нідзе не знойдзеш, — сцвярджае 12-гадовы Дзіма Ярашук з Зубелевіч.

Я таксама ў лагеры не першы раз. І кожны не падобны на іншы. Агульнае адно — заўсёды шмат сяброў і столькі ўсяго цікавага. Вельмі падабаюцца тутэйшыя дыскатэкі, — дапаўняе сямікласніца Жарабковіцкай СШ Дзіяна Курач.

— А я ў «Чайцы» першы раз, але на 100 працэнтаў — не апошні. Нават не магу сказаць, што тут не падабаецца. Конкурсаў многа, дыскатэкі, кормяць смачна, нават камары не вельмі кусаюцца, — гаворыць 11-гадовы ляхавічанін Дзмітрый Свінабурка.

Рабятам тут і сапраўды здорава. Гульні, конкурсы, экскурсіі, паходы, якія тут ладзяцца, не толькі дазваляюць хлопчыкам і дзяўчынкам цікава і весела адпачыць, але, што важна, знайсці ўзаемаразуменне паміж дзецьмі і дарослымі. Лагер знаходзіцца ў лясным масіве, тут чыстае свежае паветра і казачна дзіўныя мясціны. Усё гэта аказвае жыватворны ўплыў на дзіцячы арганізм, стварае добры настрой, бадзёрыць. А загартавальныя працэдуры, разнастайныя спартыўныя мерапрыемствы, тэніс, валейбол, футбол, пяціразовае харчаванне даюць магчымасць рабятам не толькі добра адпачыць, але і ўмацоўваюць здароўе.

Галіна КАНЬКО.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *